Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў шкадуе, што Захад не падтрымлівае кандыдатуру Купчыной у АБСЭ


Гутарка кіраўнікоў МЗС Аўстрыі Сэбасьціяна Курца і Расеі Сяргея Лаўрова падчас міністэрскай канфэрэнцыі АБСЭ ў Маўэрбаху, 11 ліпеня 2017

Расея шкадуе, што некаторыя заходнія партнэры ня хочуць падтрымаць вельмі моцную кандыдатуру з Беларусі на пост у кіраўніцтве Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Як паведамляе ТАСС, пра гэта заявіў сёньня міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў пасьля нефармальнай сустрэчы ў аўстрыйскім горадзе Маўэрбаху кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў краінаў АБСЭ.

«Шкадуем, што шэраг нашых заходніх партнэраў катэгарычна ня хочуць забясьпечыць збалянсаваны характар кіроўнага зьвяна арганізацыі, і, у прыватнасьці, не падтрымалі вельмі моцную кандыдатуру, якую Беларусь вылучыла, іх прадстаўнік у Вене — спадарыня Купчына» — сказаў Лаўроў.

Беларусь на сустрэчы ў Маўэрбаху прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Алег Краўчанка.

Алена Купчына прэтэндуе на пасаду генэральнага сакратара АБСЭ. Цяпер яна зьяўляецца сталай прадстаўніцай Беларусі ў АБСЭ. Акрамя пасады генэральнага сакратара ў арганізацыі таксама застаюцца вакантнымі яшчэ тры кіроўныя пасады — кіраўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, Управы Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасьцяў і Бюро прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ.

XS
SM
MD
LG