Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «справе патрыётаў» могуць зьявіцца новыя фігуранты: справа аб «масавых беспарадках» ня спыненая, а падазраваных няма


КДБ Беларусі
КДБ Беларусі

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуў увагу на тое, што ў «справе патрыётаў» перасьлед фігурантаў за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» быў спынены, але не была спыненая сама справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», ад якой раней адмовіўся КДБ.

Пра гэта стала вядома падчас працы па падрыхтоўцы іскавых заяваў аб спагнаньні маральнай шкоды за незаконнае ўтрыманьне пад вартай для фігурантаў «справы патрыётаў»: «Вясна» атрымала адказ, што папярэдняе сьледзтва па справе № 17068930028 «ня скончанае», а пастановы аб спыненьні крымінальнай справы няма. Пры гэтым невядома пра ніводнага чалавека, які б меў на сёньня статус падазраванага па гэтай справе.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Гэта азначае, што ў межах расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы могуць праводзіцца розныя сьледчыя мерапрыемствы — ператрусы, агляды памяшканьняў, апытаньні і іншае, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Тэарэтычна могуць зьявіцца новыя падазраваныя і абвінавачаныя. Тое, што гэтая справа ня спыненая, выклікае нашу асаблівую занепакоенасьць. І ў зьвязку з гэтым нашы патрабаваньні застаюцца ранейшымі: вытворчасьць па гэтай справе павінна быць спыненая».

У «справе патрыётаў» ёсьць і другое абвінавачаньне: па справе аб «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня» яшчэ праходзіць шэраг абвінавачаных, якім пагражае да 7 год пазбаўленьня волі.

Усе фігуранты «справы патрыётаў» на сёньня на волі, за кратамі яны правялі сумарна 1880 дзён.

Вызвалілі двух апошніх зьняволеных па «справе патрыётаў». Хто яны і што гэта было

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG