Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «віцебскіх Курапатах» стварылі новы мэмарыял


Яшчэ адзін мэмарыял ва ўрочышчы Хайсы
Яшчэ адзін мэмарыял ва ўрочышчы Хайсы

Актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» паставілі 16 мэмарыяльных крыжоў на ўзьлеску каля вёсак Хайсы і Дрыкольле. Паводле ўспамінаў мясцовых старажылаў, у 1937-1940-я гады тут адбываліся «сталінскія расстрэлы». А сёлета ўвесну «чорны капальнікі», шукаючы спажывы, павыкідвалі на паверхню чалавечыя косьці зь безыменных магілаў.

Крыжы на ўзьлеску
Крыжы на ўзьлеску

13 крыжоў зьявіліся днямі ў суседнім ад вёсак лесе, дзе вяскоўцы знайшлі выкінутыя зь зямлі чалавечыя парэшткі. Столькі ж раскопаў дасьледаваў сёлета 53-і пошукавы батальён, выкліканы мясцовымі ўладамі, і навуковец Алег Іоў, на запрашэньні якога настойвалі актывісты. Яшчэ тры крыжы паставілі на ўваходах на сымбалічныя «могілкі».

Актывісты і мясцовыя жыхары на месцы сталінскіх расстрэлаў
Актывісты і мясцовыя жыхары на месцы сталінскіх расстрэлаў

З часам зьявіцца і больш грунтоўны помнік трагедыі, кажа заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў:

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

«Мы маем намер паставіць жалезныя крыжы, якім ня страшнае ніякае прыроднае ўзьдзеяньне. Мы мусім гэта зрабіць, бо мясцовыя ўлады нашу ідэю ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў не падтрымалі. Пошукавы батальён зьехаў, забраўшы з сабой некалькі мяхоў чалавечых парэшткаў і фрагмэнтаў адзеньня ды абутку, знойдзеных у раскопах. Аднак працавалі пошукавікі ня дужа сумленна: пасьля іх на зямлі засталіся і чалавечыя косьці, і рэчы. Усё гэта мы сабралі ды пахавалі ў сымбалічнай магіле — там, дзе быў адзін з раскопаў „чорных капальнікаў“, пазьней паглыблены пошукавікамі».

Пошукавікі пакінулі пасьля сябе шмат артэфактаў з раскапаных ямаў
Пошукавікі пакінулі пасьля сябе шмат артэфактаў з раскапаных ямаў
Галёша, вырабленая ў 1937 годзе
Галёша, вырабленая ў 1937 годзе
Жаночыя грабеньчыкі з рэшткамі валасоў
Жаночыя грабеньчыкі з рэшткамі валасоў
У чаравіку засталася чалавечая костка
У чаравіку засталася чалавечая костка

На адным з крыжоў актывісты прымацавалі шыльду «Урочышча Хайсы. Месца масавых расстрэлаў грамадзянаў Беларусі падчас сталінскага тэрору ў 1937-1940-я гады». На другой мэмарыяльнай таблічцы згадана імя Вольгі Данцыт, расстралянай 30 красавіка 1938 году нібыта за антысавецкую дзейнасьць у складзе «латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі».

Падчас раскопак быў знойдзены фрагмэнт жаночага грабеньчыка, на якім надрапана імя «Оля» і частка прозьвішча меркаванай гаспадыні.

Удзельнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Андрэй Кешанюк правёў уласнае дасьледаваньне і вызначыў, што грабенчык мог належыць расстралянай жыхарцы вёскі Матушова Лёзьненскага раёну, 28-гадовай настаўніцы Вользе Данцыт.

Сымбалічная труна з парэшткамі, сабранымі у лесе пасьля працы пошукавікаў
Сымбалічная труна з парэшткамі, сабранымі у лесе пасьля працы пошукавікаў
Ян Дзяржаўцаў паказвае чэрап з кулявой адтулінай
Ян Дзяржаўцаў паказвае чэрап з кулявой адтулінай

Віцебскія актывісты працягваюць дасьледаваньні. З архіўных зьвестак ім удалося даведацца прозьвішчы яшчэ 62-х чалавек, расстраляных у віцебскай турме НКУС у адзін дзень з Вольгай Данцыт, прычым паводле таго самага абвінавачаньня — за нібыта дзейнасьць у «латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Верагодна, гэтыя людзі таксама былі расстраляныя ва ўрочышчы каля вёскі Хайсы.

Магіла, дзе пахавалі знойдзеныя парэшткі
Магіла, дзе пахавалі знойдзеныя парэшткі

Пра трагічныя падзеі прысутным расказаў Дзьмітры Ганчароў, мясцовы жыхар 1928 году нараджэньня:

Дзьмітры Ганчароў
Дзьмітры Ганчароў

«Мы зь сябруком пайшлі шукаць цяля, якое згубіліся. Было гэта да вайны, у 1937-м ці 1938 годзе. Глядзім, а ў лесе каля чыгункі стаіць дзядзька ў скураной куртцы, які нікога далей не пускае. Перад тым мы стрэлы ў лесе чулі, некалькі начэй запар. Сваё цяля мы пазьней знайшлі, яно ў балоце загразла... А яшчэ адзін аднавясковец знайшоў у лесе й страшнейшую знаходку. Былі арыштавалі старшыню нашага калгаса па прозьвішчы Антон Рамашка. Я зь ягонай дачкой сядзеў у школе за адной партай. Яго забралі нібыта за тое, што быў польскі шпіён. А празь нейкі час сусед знайшоў у лесе ягоны пінжак — рукаў зь зямлі тырчаў. Сказаў жонцы, тая кінулася бегчы шукаць, але людзі ў скураных куртках у лес нікога не пускалі. Каму ўдалося абдурыць варту, той казаў, што там зямля варушыцца».

Актывісты ставяць крыж
Актывісты ставяць крыж

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — «віцебскія Курапаты» ўжо трэці год зьбіраюць сьведчаньні тых, хто ведае пра «сталінскія расстрэлы» ў гэтых мясьцінах. З той самай пары, як чалавечыя парэшткі ва ўрочышчы Хайсы былі знойдзены ўпершыню. Тады, у 2014 годзе, былі ўсталяваныя першыя мэмарыяльныя крыжы, і цяпер адлегласьць паміж двума самаробнымі мэмарыяламі складае каля паўкілямэтра. Зрэшты, можна лічыць гэты мэмарыял і адзіным, бо расстрэлы, паводле старажылаў, адбываліся на розных участках лесу.

16 крыжоў зьявілася ў лесе гэтымі днямі
16 крыжоў зьявілася ў лесе гэтымі днямі

Аднак, нягледзячы на існаваньне жывых сьведак, мясцовыя ўлады ўпарта прытрымліваюцца вэрсіі, што невядомыя масавыя пахаваньні ўтварыліся падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле стрэламі ў патыліцу забівалі ахвяраў фашызму, але ніяк не сталінізму.

Андрэй Кешанюк, адзін з дасьледчыкаў трагедыі ва ўрочышчы Хайсы
Андрэй Кешанюк, адзін з дасьледчыкаў трагедыі ва ўрочышчы Хайсы

Віцебскія актывісты робяць усе магчымыя захады, каб гістарычная праўда стала здабыткам шырокай грамадзкасьці, а памяць бязьвінных ахвяраў была ўшанаваная належным чынам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG