Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскую дэклярацыю ПА АБСЭ не ўключылі рэзалюцыю з крытыкай Беларусі


9 ліпеня прыняцьцем выніковай Менскай дэклярацыі завяршылася 26-я штогадовая сэсія ПА АБСЭ. У 158 параграфах яна падводзіць вынік чатырохдзённай працы сэсіі.

Крытычная для Беларусі рэзалюцыя «Аб становішчы ўва Ўсходняй Эўропе» у апошні момант не трапіла ў выніковы дакумент — перадае БелаПАН. Аднолькавая колькасьць дэлегатаў — 43 — выказаліся «за» і «супраць» яе ўнясеньня. Паводле рэглямэнту, рэзалюцыя можа быць уключаная ў выніковую дэклярацыю толькі большасьцю галасоў.

Рэзалюцыя была прынятая 8 ліпеня большасьцю галасоў на паседжаньня Камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі Валер Варанецкі назваў «палітычным тэатрам» галасаваньне па «беларускай» дэклярацыі. Прынятая на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ рэзалюцыя «Становішча ва Ўсходняй Эўропе», у якой крытыкуецца Беларусь, «носіць канфрантацыйны характар», — заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык неўзабаве пасьля прыняцьця рэзалюцыі 8 ліпеня.

На якія праблемы ў Беларусі зьвяртала ўвагу рэзалюцыя:

• Парушэньні правоў чалавека па-ранейшаму носяць сыстэмны і структуры характар, — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі (параграф 5).

• Выбары. Па меркаваньні аўтараў рэзалюцыі, «прэзыдэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 і парлямэнцкія выбары ў верасьні 2016 не былі ані свабоднымі, ані сумленнымі» (параграф 8).

• Уведзеныя абмежаваньні на свабоду сходаў, якія маюць на ўвазе іх «амаль фактычную забарону» (параграф 9).

• Адсутнасьць свабоды СМІ і павелічэньне ціску журналістаў (параграф 10).

У тэксьце рэзалюцыі ёсьць непасрэдныя заклікі да ўраду Беларусі. Так, рэзалюцыя заклікае:

• Неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных (параграф 13).

• Асудзіць нядаўнія масавыя арышты і парушэньне ўладамі права на дэманстрацыі (параграф 14).

• Асудзіць прыняцьце сэрыі рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць асноўныя правы на свабоду сходаў, выяўленьня меркаваньняў і даюць дадатковыя паўнамоцтвы супрацоўнікам КДБ (параграф 15).

• Адмяніць артыкул 193.1 КК, якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе турэмнага заключэньня да двух гадоў за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (параграф 19).

• Заклікаюць урад Беларусі да выкананьня сваіх абавязальніцтваў у межах АБСЭ ў дачыненьні да свабоды сходаў і свабоды выяўленьня меркаваньняў і да лібэралізацыі заканадаўства (параграф 20).

• Неадкладна адклікаць усе прысуды па выкананьні сьмяротнага пакараньня і прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня (параграф 21).

• Прыняць меры да забесьпячэньня свабодных і сумленных будучых выбараў (параграф 22).

Беларуская дэлегацыя вітала аплядысмэнтамі рашэньне ПА АБСЭ ня ўносіць крытычную да Беларусі рэзалюцыю ў выніковую Менскую дэклярацыю, перадае БелаПАН.

5 ліпеня на сэсіі большасьць дэлегатаў прагаласавала супраць прапановы вынесьці на галасаваньне ПА АБСЭ рэзалюцыю па Беларусі, прапанавую літоўскім дэпутатам Лаўрынасам Кашчунасам. У ім Менск заклікалі рэабілітаваць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рэфармаваць выбарчую сыстэму, паважаць права грамадзян на свабоду выказваньня і сходаў, забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва БелАЭС.

У Менскую дэклярацыю трапілі іншыя рэзалюцыі, прынятыя падчас працы сэсіі трыма камітэтам. Сярод іх:

- «Распрацоўка своечасовых і эфэктыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністратыўных мер рэагаваньня на зьяўленьне новых псыхаактыўных рэчываў» (унесеная Рэспублікай Беларусь)

- «Пітная вада: умацаваньне супрацоўніцтва ў мэтах абароны дэфіцытнага рэсурсу, на які ўплываюць нэгатыўныя зьмены клімату»

- «Назіраньне за выбарамі ва ўмовах выкарыстаньня новых тэхналёгіяў галасаваньня»

- «Перадухіленьне сэксуальнай эксплюатацыі дзяцей у інтэрнэце з выкарыстаньне тэхналягічных дасягненьняў»

- «Адмена сьмяротнага пакараньня»

- «Мультыкультуралізм — роля культурных каштоўнасьцяў у разьвіцьці дэмакратыі ва ўмовах глябалізацыі»

- «Пра недапушчальнасьць дыскрымінацыі і нецярпімасьці ў дачыненьні хрысьціян, мусульман і пасьлядоўнікаў іншых рэлігій»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG