Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аглядальнік Радыё Свабода Майк Экел аналізуе вынікі сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Гамбургу.

Двухбаковыя адносіны паміж дзьвюма ядзернымі дзяржавамі бясспрэчна на найніжэйшым узроўні за 30 гадоў, што выклікае занепакоенасьць магчымай ваеннай канфрантацыяй у стылі Халоднай вайны.

Прэзыдэнцтва Трампа, якое працягваецца ўжо шосты месяц, у значнай ступені «кульгае» ў сувязі з высновамі амэрыканскай выведкі, што Расея ўмешвалася ў выбары, якія прывялі Трампа ў Белы Дом.

Пуцін, які цяпер знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта трэці тэрмін, мае па кантролем адноўленыя ўзброеныя сілы і карыстаецца шырокай папулярнасьцю, але эканоміка сутыкаецца зь вялікімі праблемамі, насельніцтва старэе, карупцыя ўсюдыісная, а палітычная сыстэма ўсё боль залежыць ад асобы Пуціна.

Трамп неаднаразова казаў, пра знаходжаньне супольных пазыцый з Крамлём, што нагадвае пра былых прэзыдэнтаў ЗША, якія верылі, што добрымі кантактамі і пазытыўным падыходам можна гэтага дасягнуць.

Барак Абама спрабаваў «перазагрузіць» адносіны з Пуціным пасьля расейскага ўварваньня ў Грузію ў 2008 годзе. Джордж Буш-малодшы, як вядома, паглядзеў Пуціну ў вочы ў 2001 годзе і сказаў, што «адчуў ягоную душу».

А Біл Клінтан быў у прыяцельскіх адносінах з папярэднікам Пуціна, Барысам Ельцыным, падтрымліваючы яго — аднойчы нават у літаральным сэнсе — і ягонае прэзыдэнцтва ў цяжкія 1990-я гады.

Калі Трамп зможа пазьбегнуць паўтарэньня гісторыі, дык гэта будзе немалое дасягненьне.

Вось пяць ключавых момантаў зь першай сустрэчы паміж двума кіраўнікамі.

Хто быў у пакоі?

Напярэдадні сустрэчы амэрыканскія экспэрты і спэцыялісты па Расеі ўважліва ўглядаліся ў тое, каго менавіта пусьцяць у пакой, дзе пройдзе сустрэча Пуціна і Трампа. Урэшце гэтымі людзьмі выявіліся галоўныя дыпляматы дзьвюх краін — Рэкс Тылерсан і Сяргей Лаўроў — плюс перакладчыкі. На сустрэчу ня трапіла галоўная спэцыялістка Белага Дому па Расеі Фіёна Гіл, прысутнасьці якой чакалі многія назіральнікі. Яе адсутнасьць пазбавіла амэрыканскі бок глыбокай крыніцы ведаў, мовы і досьведу з хітрасьцю Пуціна і з раскладам сілаў у Расеі. І хоць досьвед Тылерсана вялікі, ён набыў яго ў асноўным як бізнэсовец: кіруючы нафтавым гігантам ExxonMobil і ладзячы ўгоды з расейскай дзяржаўнай нафтавай кампаніяй «Роснефть». Тым часам Лаўроў на пасадзе міністра замежных спраў працуе ўжо пры трэцім прэзыдэнце ЗША, а яго дыпляматычныя кантакты са Злучанымі Штатамі сягаюць часоў савецкага лідэра Леаніда Брэжнева.

Поціск рукі

Поціскі рук і агулам мова цела зрабіліся нефармальнай лякмусавай паперкай для тых, хто назірае за Трампам і ягоным кантактамі зь лідэрамі розных краін. Ягоны 19-сэкундны поціск з прэм’ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ, адсутнасьць поціску з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, ці перацягваньне рук з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам — усё гэта зрабілася матэрыялам для псыхолягаў-аматараў, якія спрабавалі высьветліць, што ж Трамп хоча сказаць сваім замежным калегам.

З Пуціным поціск рук адбыўся падчас фатаграфаваньня перад закрытай сустрэчай, і ён быў значна менш акцэнтаваны чым ранейшыя сытуацыі. Быў і ранейшы, больш нефармальны поціск, калі зьбіраліся лідэры «Вялікай дваццаткі». На кароткім відэа відаць, як Трамп працягвае руку Пуціну, калі афіцыйныя асобы зьбіраюцца вакол стала, потым усьміхаецца і кранае Пуціна за локаць. Пазьней было відаць, як Трамп пахлопвае Пуціна па сьпіне, калі яны стаяць побач.

«Для мяне гонар быць з Вамі», — сказаў Трамп Пуціну, які адказаў: «Я вельмі рады пазнаёміцца з Вамі».

«Была вельмі відавочнае, пазытыўнае ўзаемаразуменьне паміж імі двума,» — пазьней сказаў журналістам Тылерсан.

А што наконт першапачатковага поціску рук? Выглядае, што ён працягваўся адэкватныя дзьве сэкунды.

Цік-так, тік-так

Першапачаткова паведамлялася, што на сустрэчу заплянавана толькі 35-40 хвілін, а сустрэча была толькі пабочнай падзеяй падчас саміту. Але ў выніку сустрэча расьцягнулася больш чым на дзьве гадзіны — сыгнал, што палітыкі не размаўлялі толькі пра надвор’е і выбар гальштукаў.

У камэнтары для журналістаў Пуцін сказаў, што яны абмяркоўвалі Ўкраіну, Сырыю, змаганьне з тэрарызмам і кібэрзлачыннасьцю, а таксама кібэрбясьпеку. Але ён не агучыў падрабязнасьцяў.

Яшчэ да сканчэньня сустрэчы зьявіліся чуткі пра ўгоду наконт Сырыі, дзе ЗША і Расея вядуць паралельныя войны, каб перамагчы ваяўнікоў «Ісламскай дзяржавы», але вельмі рознымі сродкамі.

Лаўроў пазьней сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што два прэзыдэнты пагадзіліся наконт перамір’я, якое прачнецца ў некаторых частках Сырыі 9 ліпеня.

Варта чакаць далейшых паведамленьняў ад Вашынгтону і Масквы, ня кажучы пра стратэгічнае агалошваньне інфармацыі ананімнымі чыноўнікамі мэдыям у абедзьвюх краінах.

Калі яго пазьней спыталі, чаму сустрэча працягвалася так доўга, Тылерсан адказаў, што «было так шмат чаго абмеркаваць».

Чытайце паміж радкоў

Як гэта часта бывае, тое пра што не гавораць на такіх важных сустрэчах, настолькі ж важна як і тое, пра што гавораць. Лаўроў сказаў, што не было згоды наконт вяртаньня Злучанымі Штатамі дзьвюх расейскіх дыпляматычных рэзыдэнцый, якія забрала ў сьнежні адміністрацыя Барака Абамы ў адказ на меркаванае ўмяшаньне ў выбары. Расея голасна скардзілася на гэтую сытуацыю і пагражала забраць амэрыканскую дыпляматычную маёмасьць у Маскве ў адказ.

Лаўроў нэўтральна адрэагаваў на навіну, якая прагучала раней у той дзень, што ЗША стварылі новую пасаду спэцыяльнага пасланца па Ўкраіне, каб дасягнуць прагрэсу па Менскіх пагадненьнях. Але калі судзіць па ягоных камэнтарах і па пазьнейшых камэнтарах Тылерсана, не было дасягнута практычнай згоды пра тое, як прымусіць падпісантаў Менскіх пагадненьняў — сярод якіх Расея, Украіна, Нямеччына і Францыя — выканаць абавязаньні, вызначаныя гэтым плянам.

Таксама ня згадвалася пра іншыя важныя спрэчныя моманты ў двухбаковых адносінах — такія як аслабленьне рэжыму пагадненьняў аб кантролі за зброяй, якія Масква і Вашнгтон падпісалі яшчэ ў часы Халоднай вайны.

Выглядае таксама, што ня згадваліся заявы, якія Трамп зрабіўпадчас візыту ў Польшчу. У Варшаве, напярэдадні паездкі ў Гамбург, ён даў сур’ёзныя запэўніваньні Польшчы і NATO, а таксама скрытыкаваў Расею за дэстабілізацыю эўрапейскіх краін. Трамп таксама ўхваліў продаж Польскім войскам супрацьракетнага комплексу Patriot і надзвычай хваліў правы польскі ўрад, які варожа ставіцца да Расеі.

Слон у пакоі

Найбольшую праблема, зь якой сутыкаюцца Трамп і Пуцін, яны ўвогуле адмаўляюцца прызнаваць праблемай: пытаньне расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе. Паводле Тылерсана, гэтае пытаньне абмяркоўвалася, калі Трамп на пачатку сустрэчы выказаў гэтым занепакоенасьць. Тылескан сказаў, што расейцы — ці Пуцін, ці Лаўроў — тады спыталіся пра доказы ўмяшаньня.

«Прэзыдэнт неаднаразова запатрабаваў тлумачэньняў у прэзыдэнта Пуціна наконт расейскага ўдзелу. Прэзыдэнт Пуцін адмаўляў такі ўдзел, як, мне здаецца, ён рабіў і раней,» — сказаў Тылерсан журналістам.

Тым часам Лаўроў заявіў, што Трамп ясна пачуў ад Пуціна, што Расея ня ўмешвалася ў выбары. Ён сказаў, што два бакі пагадзіліся стварыць супольную працоўную групу ў пытаньнях кібэрзлачыннасьці і кібэрбясьпекі.

Калі паглядзець на гісторыю, выглядае, што гэта ня дасьць ніякіх вынікаў. Расейцы і амэрыканцы раней спрабавалі супрацоўнічаць у кібэрпытаньнях, але гэтыя намаганьні правальваліся, калі расейскія ўрадавая ўстановы супрацоўнічалі з хакерамі для афіцыйных і неафіцыйных праектаў, а Злучаныя Штаты асуджалі і высылалі расейскіх хакераў за сур’ёзныя парушэньні.

Пагатоў, пытаньне расейскага ўмяшаньня наўрад ці тое, у якім насамрэч моцна зацікаўлены нейкі з бакоў. Для Трампа прызнаць, што Расея дапамагла схіліць вынікі выбараў на ягоную карысьць, — як лічыць амэрыканская выведная супольнасьць — можа падарваць ягоную выбарчую перамогу і, патэнцыйна, легітымнасьць ягонага прэзыдэнцтва. Для Пуціна, прызнаць, што Расея дапамагла вызначыць вынікі выбараў у ЗША значыла б пацьвердзіць тое, што многія экспэрты падазраюць пра расейскую дзейнасьць у шмат якіх эўрапейскіх краінах — саюзьніках Вашынгтону. І гэта магло б выклікаць захады ў адказ з боку амэрыканцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG