Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп — Пуцін: годнае суперніцтва


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Ад першай асабістай сустрэчы Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна адны чакалі нейкіх кардынальных рашэньняў (хто — з надзеяй, хто — з жахам), іншыя — скандалу, жорсткай канфрантацыі. Не адбылося, так выглядае, ні таго, ні іншага.

Напэўна, многіх у ЗША і ў Эўропе парадаваў бы вынік, калі б Трамп здолеў нечага істотнага дамагчыся ад Пуціна.

Многія назіральнікі адзначалі, што амэрыканскі прэзыдэнт што да стасункаў з Расеяй апынуўся ў пэўнай пастцы з прычыны гучнай кампаніі па выкрыцьці ўмяшаньня РФ у амэрыканскія выбары і сувязяў каманды прэзыдэнта з Масквой. Калі б у такой сытуацыі Трамп пайшоў на вялікія саступкі Пуціну — кампанія б толькі ўзмацнілася, многія б успрынялі такія крокі, як доказ таго, што ў Белым доме сядзіць марыянэтка Крамля. Але і жорсткая канфрантацыя з прэзыдэнтам РФ была б на шкоду Трампу — абяцаў «вялікую ўгоду» з Расеяй, а атрымалася адно новае абвастрэньне, і дзе ж той талент майстра бізнэс-перамоваў?

Напэўна, многіх у ЗША і ў Эўропе парадаваў бы вынік, калі б Трамп здолеў нечага істотнага дамагчыся ад Пуціна. Але варта сказаць, што такіх прагнозаў было пэўна менш за ўсё. Не прайграў бы — і тое добра.

Дык Трамп і не прайграў. Зразумела, словы аб «гонары сустрэцца» з Пуціным ня надта стасаваліся з прамовай прэзыдэнта ЗША ў Варшаве за дзень да таго, дзе амэрыканскі лідэр казаў пра «дэстабілізуючую ролю» Расеі і ва Ўкраіне, і на Блізкім Усходзе. Але ў межах палітычнай і жыцьцёвай філязофіі прэзыдэнта ЗША ў гэтым, пэўна, і няма супярэчнасьці — сустрэцца сам на сам з годным праціўнікам і сапраўды гонар для Трампа.

Практычна на сустрэчы было вырашанае канчаткова адно пытаньне — разьмежаваньне зонаў кантролю ў Сырыі паміж Расеяй і кааліцыяй, кіраванай ЗША.

Практычна на сустрэчы было вырашанае канчаткова адно пытаньне — разьмежаваньне зонаў кантролю ў Сырыі паміж Расеяй і кааліцыяй, кіраванай ЗША. Фармальна, паміж рэжымам Асада і яго памяркоўнымі апанэнтамі, але фактычна паміж Масквой і Вашынгтонам.

Дарэчы, варта адзначыць некалькі момантаў, якія сьведчаць пра тое, што рашэньне, якое агучылі два лідэры, рыхтавалася даўно. Адразу пасьля сустрэчы Трампа і Пуціна стала вядома, што яго падтрымалі Ізраіль і Ярданія. Наўрад ці гэтыя краіны праявілі такі неўласьцівы ім спрыт, не абмеркаваўшы яго загадзя. Так што зацікаўленыя бакі відавочна ведалі пра магчымасьць такога пагадненьня, прынамсі, як аднаго з варыянтаў.

Яшчэ адзін паказьнік таго, што рашэньне рыхтавалася — зварот Расеі да краінаў СНД з прапановай паўдзельнічаць у патруляваньні зонаў бясьпекі ў Сырыі.

Робячы сваю прапанову, Расея ўжо ведала (ці лічыла вельмі імаверным), што пагадненьне з амэрыканцамі аб разьмежаваньні будзе дасягнутае.

Можна, зразумела, лічыць, што Масква не вагалася б прапанаваць саюзьнікам палезьці ня толькі пад кулі разнастайных варагуючых сырыйскіх груповак, але, гіпатэтычна, і пад амэрыканскія бомбы і кулі. Аднак, відаць, насамрэч сытуацыя была іншай. Робячы сваю прапанову, Расея ўжо ведала (ці лічыла вельмі імаверным), што пагадненьне з амэрыканцамі аб разьмежаваньні будзе дасягнутае. А цяпер, пасьля гамбурскай зьдзелкі Трампа і Пуціна, ўдзел у такім патруляваньні прынамсі не выглядае выклікам Захаду і канфрантацыяй зь ім.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт перамоваў — адказнасьць Масквы за хакерскае ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. Паводле словаў дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана, гэтая тэма заняла значную частку размовы. Паводле афіцыйных паведамленьняў, Пуцін проста адмаўляў датычнасьць Крамля да кібэратакі на амэрыканскую дэмакратыю, але варта адзначыць, што вынікам перамоваў стала стварэньне рабочай групы па выпрацоўцы правілаў кібэрбясьпекі.

Магчыма, і зараз Пуцін не адно, як папугай, паўтараў, што Масква да хакерскай атакі ня мае дачыненьня.

Ну а чаго можна было чакаць? Пуцін прызнаецца, выбачыцца, пакаецца? Хрушчоў пасьля Карыбскага крызісу ня каяўся і не выбачаўся. Дарэчы, фармальна Хрушчоў, разьмяшчаючы ракеты на Кубе, ніякіх дзейных на той час міжнародных пагадненьняў не парушаў. Але вынікам крызісу сталі менавіта пагадненьні аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Магчыма, і зараз Пуцін не адно, як папугай, паўтараў, што Масква да хакерскай атакі ня мае дачыненьня. Калі б рабіў так, то нашто Трамп так доўга абмяркоўваў зь ім гэтую тэму?

Гэта ж штука ўзаемна небясьпечная — у ЗША таксама ёсьць адмыслоўцы, якія ў справе хакерства сёе-тое разумеюць, у Расеі таксама ёсьць уразьлівасьці ў кампутарных сыстэмах.

Ёсьць праблема, ёсьць фронт, на якім можа ісьці і пачацца вайна, пра што казаў Станіслаў Бялкоўскі, выступаючы пэўны час таму ў клюбе Сьвятланы Алексіевіч. Можа і не чацьвёртая сусьветная, як ён казаў, але кібэратака і сапраўды можна стаць у хуткім часе casus belli — падставай для вайны.

Калі прынамсі дзьве вялікія дзяржавы пачнуць працэс вызначэньня правілаў паводзінаў у кібэрпрасторы, гэта будзе і сыгналам для іншых краінаў сьвету.

І калі прынамсі дзьве вялікія дзяржавы пачнуць працэс вызначэньня правілаў паводзінаў у кібэрпрасторы, гэта будзе і сыгналам для іншых краінаў сьвету, і нейкай гарантыяй ад сусьветнага Армагэдону. Ядзерная зброя зацугляная ў сетку міжнародных пагадненьняў, кібэрзброя — пакуль не.

Вяртаючыся да вынікаў сустрэчы Трампа і Пуціна ў Гамбургу, напэўна можна сказаць, што ніхто нікому не прайграў — ні палітычна, ні псыхалягічна. Два моцных чалавекі пазнаёміліся, зьлёгку выпрабавалі адзін аднаго, вырашылі прынамсі адно пытаньне, дамовіліся пра інфраструктуру стасункаў. Магчыма, ў выніку сустрэчы крыху палепшыцца атмасфэра двухбаковых адносінаў.
ЗША і Расея працяглы час застануцца як мінімум супернікамі, а тое і праціўнікамі. Але ня выключана, што гамбурская сустрэча стане пачаткам, так бы мовіць, нармалізацыі гэтага суперніцтва.

Эканамічна ў параўнаньні з ЗША Расея — карузьлік, у сэнсе ваеннага патэнцыялу — таксама. Але гэтыя патэнцыялы наўпрост не канвэртуюцца ў магчымасьць Белага дому загадаць нешта Крамлю.

На першы погляд, пра якое такое суперніцтва наагул ідзецца? Эканамічна ў параўнаньні з ЗША Расея — карузьлік, у сэнсе ваеннага патэнцыялу — таксама. Але гэтыя патэнцыялы наўпрост не канвэртуюцца ў магчымасьць Белага дому загадаць нешта Крамлю і дамагчыся выкананьня загаду. Расея — вялікая дзяржава, у прыватнасьці ў некаторых рэгіёнах сьвету, у некаторых сфэрах ігнараваць яе меркаваньне даволі складана.

Да таго ж цяперашняя канфігурацыя сусьветнай палітыкі адрозьніваецца ад ранейшай. Саміт G20 абазначыў падзел не паміж дэмакратычнымі і аўтарытарнымі краінамі, а паміж ЗША і ўсімі астатнімі, прынамсі, ў пытаньнях клімату і міжнароднага гандлю.

У такой сытуацыі годнае суперніцтва паміж Вашынгтонам і Масквой выглядае ня самым горшым варыянтам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG