Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: «Канфрантацыйная» рэзалюцыя ПА АБСЭ вядзе да далейшага росту напружанасьці 


Дзьмітры Мірончык

Прынятая сёньня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ рэзалюцыя «Становішча ва Ўсходняй Эўропе», у якой крытыкуецца Беларусь, «носіць канфрантацыйны характар», заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

«Беларусь пасьлядоўна выступае супраць падобных рэзалюцыяў», — цытуе Дзьмітрыя Мірончыка афіцыйны сайт МЗС.

«Яны ня толькі не дапамагаюць краінам вырашаць якія-кольвечы ўнутраныя праблемы, але і вядуць да далейшага росту напружанасьці, паглыбленьня недаверу ў адносінах паміж дзяржавамі. Зьвяртае на сябе ўвагу відавочная неадпаведнасьць назвы дакумэнта, які прэтэндуе на ўсёабдымны аналіз сытуацыі ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, яго зьместу.

Разам з тым спадзяемся, што зацікаўленыя дыскусіі, адкрыты дыялёг, асабістыя ўражаньні ад наведваньня нашай краіны унясуць ўклад у павышэньне аб’ектыўнасьці ацэнак сытуацыі ў Беларусі дэпутатамі ПА АБСЭ ў далейшым».

***

Рэзалюцыя прапаноўвае прызнаць сыстэмнасьць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, несвабоднасьць выбараў 2015-2016 гадоў і заклікае беларускі ўрад вызваліць палітзьняволеных і адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Беларуская дэлегацыя патрабавала аспрэчыць кожны з пунктаў рэзалюцыі, які датычыцца Беларусі, шляхам унясеньня паправак у рэзалюцыю. Ніводная з гэтых паправак не была прынятая.

Дэпутаты ад Беларусі галасуюць за выключэньне шэрагу пунктаў рэзалюцыі
Дэпутаты ад Беларусі галасуюць за выключэньне шэрагу пунктаў рэзалюцыі

​Праект рэзалюцыі «Становішча ва Ўсходняй Эўропе», значная частка якой датычылася сытуацыі ў Беларусі, быў разгледжаны на паседжаньні 26-й сэсіі АБСЭ. Аўтарам рэзалюцыі стаў швэдзкі дэпутат Крысьціян Хольм Барэнфэльд. Чарнавік рэзалюцыі быў разьмешчаны тут.

Само зьяўленьне дакумэнту выкліканае занепакоенасьцю «пагаршэньнем дэмакратычнага разьвіцьця» і «парушэньнем правоў чалавека, якія памнажаюцца» у Расеі, Беларусі і Азэрбайджане».

«На жаль з моманту Венскай сустрэчы ў лютым, мы былі сьведкамі пратэстаў і масавых арыштаў у Беларусі. Трэба на гэта адрэагаваць, — заявіў Крысьціан Хольм Барэнфэльд. У падтрымку швэдзкага калегі выказаўся дэлегат з ЗША.

Крысьціян Хольм Барэнфэльд
Крысьціян Хольм Барэнфэльд

Беларуская дэлегацыя абвясьціла, што лічыць праект «непрымальным» і зьвярнулася з заклікам галасаваць супраць. Расейскі дэлегат у сваім выступе заявіў, што рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг «русафобскіх» штампаў і абвінаваціў аўтара ў прымяненьні «падвойных стандартаў». Іх падтрымалі прадстаўніцы дэлегацый Швайцарыі, Кіргізстану і прадстаўнік Азэрбайджану.

На якія праблемы ў Беларусі зьвяртала ўвагу рэзалюцыя:

  • Парушэньні правоў чалавека па-ранейшаму носяць сыстэмны і структуры характар, — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі (пункт 5).
  • Выбары. Па меркаваньні аўтараў рэзалюцыі, «прэзыдэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 і парлямэнцкія выбары ў верасьні 2016 не былі ані свабоднымі, ані сумленнымі» (пункт 8).
  • Уведзеныя абмежаваньні на свабоду сходаў, якія маюць на ўвазе іх «амаль фактычную забарону» (пункт 9).
  • Адсутнасьць свабоды СМІ і павелічэньне ціску журналістаў (пункт 10).

У тэксьце рэзалюцыі ёсьць непасрэдныя заклікі да ўраду Беларусі. Так, рэзалюцыя заклікае:

  • Неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных (пункт 13).
  • Асудзіць нядаўнія масавыя арышты і парушэньне ўладамі права на дэманстрацыі (пункт 14).
  • Асудзіць прыняцьце сэрыі рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць асноўныя правы на свабоду сходаў, выяўленьня меркаваньняў і даюць дадатковыя паўнамоцтвы супрацоўнікам КДБ (пункт 15).
  • Адмяніць артыкул 193.1 КК, якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе турэмнага заключэньня да двух гадоў за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (пункт 19).
  • Заклікаюць урад Беларусі да выкананьня сваіх абавязальніцтваў у межах АБСЭ ў дачыненьні да свабоды сходаў і свабоды выяўленьня меркаваньняў і да лібэралізацыі заканадаўства (пункт 20).
  • Неадкладна адклікаць усе прысуды па выкананьні сьмяротнага пакараньня і прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня (пункт 21).
  • Прыняць меры да забесьпячэньня свабодных і сумленных будучых выбараў (пункт 22).
Крысьціян Хольм Барэнфэльд
Крысьціян Хольм Барэнфэльд

5 ліпеня на сэсіі большасьць дэлегатаў прагаласавала супраць прапановы вынесьці на галасаваньне ПА АБСЭ рэзалюцыю па Беларусі, прапанавую літоўскім дэпутатам Ляўрынасам Касчунасам. У ім Менск заклікалі рэабілітаваць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рэфармаваць выбарчую сыстэму, паважаць права грамадзян на свабоду выказваньня і сходаў, забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва БелАЭС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG