Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць бясспрэчныя сувязі паміж ваенізаванымі групоўкамі і расейскімі агентамі», — славацкі дасьледчык


Даніел Міла

Амаль 10 працэнтаў жыхароў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы з даверам ставяцца да інтэрнэт-сайтаў, празь якія сыстэматычна распаўсюджваецца дэзынфармацыя пра падзеі ў сьвеце. У Румыніі гэтая лічба складае каля 30 працэнтаў. Такія лічбы ўтрымліваюцца ў сёлетнім дасьледаваньні, якое правёў славацкі інстытут GLOBSEC Policy ў сямі краінах рэгіёну — Баўгарыі, Вугоршчыне, Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Харватыі і Чэхіі.

Падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017 у Браціславе дасьледчык інстытуту Даніел Міла расказаў пра расейскія і кітайскія ўплывы на ўсясьветнай інфармацыйнай арэне, а таксама пра тое, чаму «фэйкавыя» сайты, за якімі часта стаяць расейскія грошы, маюць большы давер сярод моладзі, чым сярод старэйшых людзей.

— Тут камбінацыя розных фактараў. Так, маладзейшыя па-іншаму карыстаюцца мэдыямі. Для іх тэлебачаньне ці друкаваныя выданьні -- гэта ўжо нешта зь мінулага. Яны атрымоўваюць навіны і ўвогуле інфармацыю пра сьвет амаль цалкам выключна на онлайн-плятформах.

Галоўная мэта — расчараваньне і хаос самі па сабе.

Але акрамя таго, маладыя людзі больш прыхільныя да радыкальных зьменаў у грамадзтве. А гэтыя мэдыі даюць ім гатовы наратыў, у якім Захад развальваецца, — маецца на ўвазе найперш Эўразьвяз і NATO, — але пры гэтым не даецца ясных адказаў, якая мае быць альтэрнатыва. Галоўная мэта — расчараваньне і хаос самі па сабе.

Яны не абавязкова хочуць, каб маладыя людзі рабіліся сябрамі Расеі. Яны хочуць пасеяць недавер, адчай, расчараваньне ў грамадзтве, чым могуць скарыстацца ўжо іншыя палітычныя акторы. Напрыклад, у маёй краіне, Славаччыне, апытаньні паказваюць, што падтрымка экстрэмісцкіх і, я б нават сказаў, протафашысцкіх партыяў сярод маладых людзей утрая вышэйшая, чым у сярэднім сярод насельніцтва.

— Але ці можна тут казаць, што спажываньне такой інфармацыі зьяўляецца прычынай, а не наступствам радыкальных поглядаў? Да прыкладу, травеньскія апытаньні праекту World Values Survey паказваюць, што і ў заходнеэўрапейскіх краінах маладыя людзі менш за старэйшых схільныя лічыць дэмакратыю каштоўнасьцю.

— Відавочна, што нельга сьпісваць усе праблемы ў гэтым рэгіёне і па-за ім на замежныя ўплывы. Вядома ж, ёсьць сапраўдныя ўнутраныя праблемы — такія як карупцыя, неэфэктыўная сыстэма кіраваньня і гэтак далей, якія выклікаюць гэты пад’ём антысыстэмных пачуцьцяў, асабліва сярод маладых.

Але я б сказаў, што гэтыя пачуцьці і эмоцыі падсілкоўваюць і падтрымліваюць зь відавочнымі намерамі. У дадатак да апытаньняў, мы правялі сэрыю фокус-групаў у краінах Вышаградзкай чацьвёркі [Вугоршчына, Польшча, Славаччына і Чэхія — РС]. І адна з нашых галоўных высноваў палягае ў тым што маладыя людзі падтрымліваюць Эўразьвяз і таксама NATO, хоць і ў меншай ступені, але яны таксама крытычна ставяцца да гэтых інстытутаў. Яны кажуць: «Так, мы хочам быць чальцамі ЭЗ, але ЭЗ мусіць памяняць некаторыя рэчы». І такую крытыку нельга зводзіць да замежных уплываў.

Нам патрэбная сапраўдная дыскусія пра будучыню ЭЗ і грамадзтваў гэтага рэгіёну, але пры гэтым важна не скаціцца ў наратывы, якія нам часта даюць тыя вонкавыя сілы, што хацелі б выкарыстаць нас у сваіх інтарэсах.

Расейскі інструктар праводзіць трэніроўку ў лягеры ў Крыме ў жніўні 2001 году
Расейскі інструктар праводзіць трэніроўку ў лягеры ў Крыме ў жніўні 2001 году

— Калі вы кажаце пра «вонкавыя сілы», «замежныя ўплывы», гаворка найперш пра Расею?

— Відавочна, што Расея, а дакладней Крэмль, — гэта «слон у пакоі». Але на гэтай канфэрэнцыі мы казалі пра тое, што Кітай таксама нарошчвае свой уплыў і тое, што можна назваць патэнцыялам для інфармацыйнай вайны. Пакуль што вельмі мала ўвагі надаецца тым умяшаньням, якія робіць Кітай у гэтым рэгіёне. Але рост кітайскага ўплыву можа прывесьці да зьменаў у грамадзтвах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, бо Кітай мае іншыя прынцыпы арганізацыі грамадзтва, і яго нельга назваць лібэральнай дэмакратыяй.

[Кітайцы] цяпер могуць уплываць на зьмест галівудзкай прадукцыі.

Мы ня бачым з боку Кітаю кампаній дэзынфармацыі кшталту тых, якія ладзіць Расея, але кітайцы, напрыклад, робяць вялікія інвэстыцыі ў Галівуд, а таксама яны набылі сеткі кінатэатраў у Злучаных Штатах. І ў нейкім сэнсе яны цяпер могуць уплываць на зьмест галівудзкай прадукцыі. Гэта робіцца не настолькі відавочна і ня так наўпрост, але на глябальнай інфармацыйнай сцэне зьявіўся яшчэ адзін гулец, чые каштоўнасьці адрозьніваюцца ад каштоўнасьцяў свабодных, дэмакратычных і лібэральных грамадзтваў.

— Вы шмат вывучалі нэанацыскія групоўкі ў Славаччыне. Ці знайшлі вы наўпроставыя сувязі паміж імі і Расеяй?

Інструктарамі былі колішнія вайскоўцы з расейскага спэцназу.

— Так. Нядаўна было апублікаванае дасьледаваньне Інстытуту палітычнага капіталу, дзе падрабязна паказаныя сувязі і сеткі па розных краінах рэгіёну. У Славаччыне, напрыклад, ёсьць бясспрэчныя сувязі паміж некаторымі ваенізаванымі групоўкамі і расейскімі агентамі. На некаторых трэніроўках гэтых ваенізаваных групаў інструктарамі былі колішнія вайскоўцы з расейскага спэцназу. Такое адбывалася шмат гадоў.

Можна здагадвацца, што адбываецца на такіх трэніроўках, акрамя навучаньня двубоям, такім як расейская «сыстэма». І даволі праўдападобная здагадка, што там таксама адбываецца радыкалізацыя, і што, напрыклад, там таксама выкладаюць расейскую вэрсію падзеяў на ўсходзе Ўкраіны.

Нацыянальны фронт супрацоўнічаў з расейскай вайсковай выведкай.

У іншых краінах сыстэма адрозьніваецца. У Вугоршчыне, напрыклад, крайне правы Нацыянальны фронт супрацоўнічаў з расейскай вайсковай выведкай. У кожнай краіне рэгіёну ёсьць свая спэцыфіка, але гэтыя сувязі неаспрэчныя. Расея выкарыстоўвае агентаў уплыву, каб радыкалізаваць некаторыя групы насельніцтва.

— Як, на вашую думку, супрацьстаяць гэтаму? І якой мае быць роля дзяржавы?

— Нам трэба супольныя намаганьні, у тым ліку і з боку дзяржаўных структураў, грамадзянскай супольнасьці, міжнародных арганізацый. Ужо ёсьць прыклады, што краіны рэгіёну пачынаюць займацца гэтымі праблемамі. У Чэхіі і Фінляндыі стварылі цэнтры, якія маюць супрацьстаяць гібрыдным пагрозам, у гэтым пытаньні адбываецца супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і NATO.

Але найперш гэтую праблему трэба публічна прызнаць. Прызнаць, што ёсьць сілы, якія хочуць падарваць нашую дэмакратыю і што нам патрэбная абарона супраць такіх намаганьняў.

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

XS
SM
MD
LG