Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне 20-21 ліпеня чакаюць Лукашэнку зь візытам


Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, ілюстрацыйнае фота

У Кіеве падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі, які чакаецца 20-21 ліпеня, мае адбыцца Беларуска-ўкраінскі эканамічны форум.

Як паведамілі Свабодзе ў Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны, на форум запрошаныя і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, і Аляксандар Лукашэнка. У той жа час у Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны пакуль не пацьвярджаюць іхны ўдзел.

У часе эканамічнага форуму будуць абмяркоўвацца стан, пэрспэктывы і прыярытэтныя кірункі ўкраінскага-беларускага эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама ўмовы і перавагі вядзеньня бізнэсу ва Ўкраіне і Беларусі.

«У рамках форуму таксама адбудуцца чарговае пасяджэньне ўкраінска-беларускай кансультатыўнай рады і B2B-перамовы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў краінаў», — адзначылі ў Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны.

Пад пытаньнем пакуль застаецца і сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

«Пакуль нам нічога пра гэта не паведамлялі. Спадзяюся, што бліжэй да даты візыту стане вядома. Але раней заўсёды запрашалі», — паведамілі Радыё Свабода ў Беларускай грамадзе Львоўскай вобласьці.

Летась у лістападзе кіраўнік Усеўкраінскага саюзу беларусаў Пётра Лайшаў скардзіўся на адсутнасьць увагі беларускай улады да суайчыньнікаў за мяжой:

«Было некалькі зваротаў да прэзыдэнта Лукашэнкі пра сустрэчу з дыяспарай. Ён за апошнія тры гады быў двойчы зь візытам ва Ўкраіне, міністар замежных спраў Беларусі таксама быў двойчы тут. Але такой сустрэчы не адбылося. Чыноўнікі агарадзілі бэтоннаю сьцяною гэтыя пытаньні».

«Парадак дня візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў яшчэ адпрацоўваецца, таму мы не гатовыя зараз сказаць, ці адбудзецца такая сустрэча», — паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне.

У амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі адзначылі, што працэс падрыхтоўкі візыту Аляксандра Лукашэнкі «ідзе вельмі добра і вельмі актыўна».

«На ўсіх узроўнях адбываюцца сустрэчы падгрупаў, групаў; пытаньні, якія былі ўзьнятыя падчас папярэдняй сустрэчы прэзыдэнтаў, адпрацоўваюцца. Асабліва актыўна ў нас ідзе супраца і кантакты на ўзроўні рабочых групаў Камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», — сказаў амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG