Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад з кляпам у роце


Польскія турысты абыякава праходзяць міма шыльды Дзяржынскаму
Польскія турысты абыякава праходзяць міма шыльды Дзяржынскаму

Чаго не хапае Горадні? Доказаў, што гэта беларускі горад. Сьлядоў беларускай прысутнасьці, падзеяў, асобаў няма. Ці амаль няма. А па вуліцах ходзяць натоўпы замежных турыстаў.

Ці разумее гэта начальства? Дзе там! Пра турыстаў яно памятае. Але пачынае разважаць аб не сваіх справах. Пра пасадачныя месцы ў пляцоўках харчаваньня, пра лічбу «койко-мест» у гасьцініцах. Прызнае, што мы яшчэ не на вышыні. Але ж гэта справа бізнэсу!

Ці разумеюць патрэбу ў мэмарыяльных дошках самі гараджане? Гэта яшчэ пытаньне. Мы прывыклі зьвяртаць увагу на дробязі звычайна. Нехта вось настойліва прапануе ангельскую мову ў транспарт. Едзе аўтобус на мясакамбінат ці тралейбус на камбінат будаўнічых матэрыялаў, а ўнутры прыпынкі на мове Шэксьпіра аб’яўляюць… Сэнс?

Для турыстаў, кажуць. Турыстаў, скажу я вам, прывозяць вялікімі аўтобусамі і вялікімі групоўкамі водзяць па вуліцах. Асноўныя турыстычныя зь іх, гэта — Ажэшкі, пешаходная Савецкая і кароткая Замкавая. І што яны бачаць на сьценах, якія сьляды беларускай прысутнасьці ў гісторыі? Ды ніякіх. Канечне, экскурсавод раскажа што трэба. Але зусім ня кожны і не заўсёды. У палякаў будзе свой гід, які распавядзе толькі пра польскія памяткі, у літоўцаў, натуральна, свой.

Але калі, дапусьцім, сьцены самі гавораць, то нікуды ня дзенесься. Любы адзіночны турыст зможа ўбачыць, што ў горадзе рабілася таксама беларуская гісторыя. Аднак шыльдаў няма. Ні на Замкавай, ні на Савецкай. На Ажэшкі толькі дзьве, з савецкіх часоў: самой польскай пісьменьніцы і Фэліксу Дзяржынскаму. Але палякам ён зусім ня мілы.

Днямі вядуць вялікую польскую групу і гід кажа: а вось, дарэчы, «шыльдачка» Дзяржынскаму. Так прымяншальна сказала. Хаця шыльда насамрэч самая манумэнтальная ў горадзе. Але палякі ані. Прайшлі побач міма, нават галавы не павярнуўшы ў бок барадатага профілю.

Дый для Горадні што Дзяржынскі? Праездам правёў нараду падчас шабельнай навалы на Варшаву. Да беларускай гісторыі ніякага дачыненьня.

Быў нядаўна зроблены рэвэранс у бок літоўцаў: на камяніцы на Савецкай збоку прыгожую зрабілі шыльду настаўніку гімназіі пры цары. Нядоўгі час выкладаў лаціну і грэцкую. Літовец, іхні мовазнаўца. Але я ніколі аб ім ня чуў, пакуль шыльду ня ўбачыў.

Увесь плён начальства — шыльда на расейскай мове царскаму губэрнатару з падмочанай рэпутацыяй. Шыльду Каліноўскаму яно больш за дваццаць год трымае пад сукном.

Камяніца на Савецкай, на якую ня вешаюць шыльду Кастусю Каліноўскаму
Камяніца на Савецкай, на якую ня вешаюць шыльду Кастусю Каліноўскаму

Аднак гісторыкі толькі чакаюць, калі да іх зьвернецца начальства. Яны кажуць: вось толькі адна камяніца на Савецкай, якую можна было шыльдамі завешаць, столькі там беларускіх арганізацый знаходзілася ў 1919 годзе! І, між іншым, рэдакцыя газэты «Беларусь». Гісторыкі за апошнія гады вывучылі кожны дом: што адбывалася, калі, хто жыў, усё ў кнігах ёсьць — бяры чытай. Не чытаюць.

Палацык на Савецкай, дзе працавалі беларускія арганізацыі ў 1919 годзе
Палацык на Савецкай, дзе працавалі беларускія арганізацыі ў 1919 годзе

Ня думаю, што існуе рэскрыпт заціраць беларускія сьляды ў Горадні, дакладней — упарта замоўчваць іх. Але ў рэчаіснасьці гэта робіцца пасьлядоўна: каб ніякіх узгадак пра спробы беларускай дзяржаўнасьці, пра асобаў, якія іх рабілі, якія імкнуліся наладзіць беларускае жыцьцё, адкрывалі школы, газэты. Нават не дазваляецца пісьменьнікаў савецкага часу адзначыць, ушанаваць. Нічога!

Задача, пастаўленая пры СССР, па-ранейшаму дбайна выконваецца: горад савецкі, кропка! Польскія, літоўскія ды іншыя турысты ходзяць па Горадні і пераконваюцца, што нічога беларускага тут не было. Што праўда, на Савецкай плошчы ў былыя часы павесілі шыльды на расейскай мове аб мітынгах і дэманстрацыях за далучэньне да БССР. Дваццаць год назад адна зьнікла, другая яшчэ на месцы.

Шыльда на плошчы Савецкай: «за аб’яднаньне з БССР»
Шыльда на плошчы Савецкай: «за аб’яднаньне з БССР»

Гораду няма чаго сказаць турыстам сваімі голымі сьценамі, тым больш у апраўданьне таго, што ён нібыта беларускі, ня польскі, ня царскі і не літоўскі.

Аднак памятную шыльду на доме без начальства не павесіш, а яно робіць выгляд, што праблемы няма, у яго «койко-места» ў галаве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG