Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі БРСМ: Праз вышыванку чалавек выказвае нацыянальную і грамадзянскую пазыцыю


Ідэалягічныя падразьдзяленьні афіцыйных уладаў — Менгарвыканкам, Міністэрствва культуры, БРСМ — 2 ліпеня ладзяць сваю агульнарэспубліканскую акцыю «Дзень вышыванкi». Галоўная пляцоўкай будзе тэрыторыя каля менскага Палацу спорту.

Арганізатары нагадваюць, што ўпершыню імпрэза з удзелам моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі была арганізавана летась і адразу ж акрэсьліла сваю запатрабаванасьць.

«Ідэя правядзеньня напярэдадні Дня незалежнасьці такога масавага народнага сьвяткаваньня сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі праз беларускую культуру, традыцыі, беларускі арнамэнт аказалася запатрабаванай у грамадзтве і была падхоплена рэгіёнамі, рознымі арганізацыямі», — гаворыцца на сайце БРСМ.

Вышыванка — сапраўдная візытоўка беларусаў, даводзяць сёньня да грамадзкасьці дзяржаўныя ідэолягі:

«Вышыты нацыянальны арнамэнт — гэта ня проста ўпрыгожваньне, гэта своеасаблівы шыфр, які праз стагодзьдзі перадалі нам продкі. Кожны ўзор у арнамэнце — гэта сымбаль, які валодае магутнай энэргетыкай і нясе пэўны пасыл. Вышыванка — гэта ня толькі патрыятычна, але і модна, стыльна. Выкарыстоўваючы вышыванку ў штодзённым жыцьці, чалавек выяўляе сваю нацыянальную і грамадзянскую пазыцыю, адукаванасьць і духоўную сьвядомасьць, падкрэсьлівае адзінства і згуртаванасьць беларускага народу».

Афіцыйны Дзень вышыванкі пройдзе ў музычным суправаджэньні гуртоў «Песьняры», «Верасы», «Дразды», «Аўра», NaviBand, шоў «Алюр», выканаўцаў Ірыны Дарафеевай, Іны Афанасевай, Вікторыі Алешкі ды іншых.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG