Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці затрыманага ва Ўкраіне расейскага вайскоўца распавяла пра сваю сустрэчу з ваенкамам


Маці 22-гадовага расейца Віктара Агеева, затрыманага ўкраінскімі вайскоўцамі пад Луганскам — Сьвятлана Агеева — у інтэрвію «Новай газэце» распавяла пра сваю сустрэчу з ваенным камісарам Тапчыхінскага раёну Алтайскага краю Канстанцінам Элерам.

Паводле словаў Агеевай, ваенкам прыйшоў да яе дадому ў сяле Тапчыха і заявіў, што ў яе сына не было кантракту з расейскай арміяй. Элер сьцьвярджаў, што ваяваць на ўсходзе Ўкраіны супраць ўкраінскай арміі Агееў езьдзіў у якасьці наёмнага байца.

У інтэрвію маці затрыманага пацьвердзіла, што ў сярэдзіне сакавіка яе сын зьехаў у Растоўскай вобласьць, заплаціўшы за квіток самастойна. Паводле яе слоў, Агееў сьцьвярджаў, што ён заключыў «кантракт» на вайсковую службу, аднак падрабязнасьці ёй невядомыя. Святлана Агеева сьцьвярджае, што спачатку яна падтрымлівала з сынам рэгулярны кантакт. У канцы сакавіка сын перастаў ёй тэлефанаваць, спаслаўшыся на забарону «начальства».

Праз «Новую газэту» Сьвятлана Агеева зьвярнулася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, міністра абароны Сяргея Шайгу і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова з просьбай дапамагчы «з абменам» затрыманага і аказаць дапамогу ў вяртаньні сына ў Расею.

27 чэрвеня Расейская служба Бі-бі-сі паведаміла, што расейскі вайсковец яфрэйтар Агееў быў захоплены ўкраінскімі вайскоўцамі. У Кіеве заявілі, што пытаньне аб абмене Агеева будзе вырашацца пасьля завяршэньня сьледзтва. Мінабароны Расеі адмаўляе, што Агееў зьяўляецца расейскім вайскоўцам-кантрактнікам.

Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў падтрымцы зброяй і войскамі сэпаратыстаў у Данбасе. У Маскве дачыненьне да канфлікту абвяргаюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG