Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парэшткі польскіх афіцэраў маглі зьнішчыць, каб не дыскрэдытаваць савецкую ўладу», — Кузьняцоў пра ініцыятыву эксгумацыі ў Курапатах


Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы ў Курапатах, старшыня дэлегацыі — Рышард Тэрлецкі. 3 жніўня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы ў Курапатах, старшыня дэлегацыі — Рышард Тэрлецкі. 3 жніўня 2016 году

У часе паседжаньня беларуска-польскай міжурадавай камісіі чарговы раз было ўзьнятае пытаньне неабходнасьці эксгумацыі пахаваньняў у Курапатах. Ініцыятыву агучыў намесьнік міністра культуры Польшчы Яраслаў Сэльлін.

Пра гэта паведамляе польскае агенцтва РАР.

«Наша патрабаваньне аб неабходнасьці эксгумацыі тлумачыцца неабходнасьцю пераканацца, што гэтае месца ёсьць складовай часткай Катыні, так званым беларускім катынскім сьпісам», — сказаў Яраслаў Сэльлін, кіраўнік польскай дэлегацыі. Паседжаньне прайшло ў Менску пасьля трохгадовага перапынку.

Паводле польскага прадстаўніка, беларускі сьпіс ахвяраў Катыні зьяўляецца важным элемэнтам польскага боку ў перамовах зь Беларуссю.

«Паколькі мы маем пытаньні, вы павінны праверыць яго», — зьвярнуўся Сэльлін да беларускіх калегаў.

Паколькі ў Курапатах спачываюць ахвяры 1937-1938 гадоў, мы ня можам выключаць, што гэта акурат тое месца, дзе варта шукаць польскіх афіцэраў, забітых увесну 1940 году.

«Паколькі ў Курапатах спачываюць ахвяры 1937-1938 гадоў, мы ня можам выключаць, што гэта акурат тое месца, дзе варта шукаць польскіх афіцэраў, забітых увесну 1940 году», — лічыць польскі намесьнік міністра культуры.

У сваю чаргу, намесьнік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік нагадаў афіцыйную пазыцыю Менску, у адпаведнасці зь якой у Курапатах няма магілаў польскіх афіцэраў — ахвяраў НКВД 1940 году. Тым ня меней ён падкрэсьліў гатовасьць Беларусі супрацоўнічаць у гэтым пытаньні.

«Мы пазначылі ў пратаколе запыт польскага боку наконт іхнай пазыцыі па Курапатах. І думаю, што мы можам працаваць разам», — падкрэсьліў Чэрнік. Ён лічыць, што гэта пытаньне адказнасьці Міністэрства абароны, але ведамства гатова паспрыяць, каб зрушыць яго зь мёртвага пункту. Пры гэтым нагадаў, што ў апошнія месяцы ўлады вызначыліся зь неабходнасьцю ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій на афіцыйным узроўні.

Адзін з самых вядомых дасьледчыкаў масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты Ігар Кузьняцоў 29 чэрвеня возьме ўдзел у паседжаньні польскага Сэйму. Імпрэза прысьвечаная сталінскім рэпрэсіям супраць грамадзянаў Польшчы. Паводле гісторыка, адной з галоўных ягоных задачаў будзе давесьці калегам, як ня трапіць ва ўласную ж пастку: польскага сьледу ў Курапатах можа ня быць, паколькі ён старанна зачышчаўся:

Як толькі зьявіцца пазытыўны сыгнал зь беларускага боку, значыць, гэта будзе 100-працэнтная ўпэўненасьць у тым, што там ужо нічога знайсьці ня ўдасца.

«Калі нават уявіць, што польскі бок у часе гэтых перамоваў атрымае дазвол ад Беларусі на эксгумацыю, то варыянт будзе адзін. Палякі яго атрымаюць толькі ў тым выпадку, калі ў Менску будуць дакладна ведаць: ніякіх парэшткаў там ужо няма. Яны маглі быць, але ў наступныя гады маглі быць вывезены і зьнішчаныя. І як толькі зьявіцца пазытыўны сыгнал зь беларускага боку, значыць, гэта будзе 100-працэнтная ўпэўненасьць у тым, што там ужо нічога знайсьці ня ўдасца. Асабіста я больш схіляюся да такой вэрсіі: асноўная частка забітых польскіх афіцэраў магла быць пахаваная ва ўрочышчы Благаўшчына. Там у 1956 годзе, на месцы лягеру сьмерці Трасьцянец, быў насыпаны гарадзкі сьметнік. Гэта так званы аб’ект маскаваньня НКВД. Гэта мая думка, насамрэч іх маглі партыямі расстрэльваць і ў іншых месцах, вакол Менску такіх больш за дзясятак».

Паводле спадара Кузьняцова, эксгумацыю можна праводзіць толькі тады, калі польская прысутнасьць будзе даказаная з высокай ступеньню верагоднасьці. У іншым выпадку ініцыятары трапяць у складаную сытуацыю, калі пачуюць папрокі беларускіх калегаў — маўляў, мы вас папярэджвалі, а вы нам ня верылі.

Ігар Кузьняцоў у Курапатах, архіўнае фота
Ігар Кузьняцоў у Курапатах, архіўнае фота

«Эксгумацыю можна праводзіць, калі будзе лякалізавана, што афіцэры маглі знаходзіцца ў гэтым месцы. Што тычыцца Курапатаў, усе пахаваньні былі парушаныя неўзабаве пасьля вайны. І я абсалютна перакананы: калі гэта былі ня чорныя капальнікі, а санкцыявана ўладамі ў 1950-1960-я, у першую чаргу зьнішчэньню падлягалі б парэшткі афіцэраў польскай арміі. Найперш таму, што ваеннапалонныя, па-другое, замежныя грамадзяне. Гэта быў бы самы вялікі кампрамат на савецкую ўладу. Таму працу, вядома, трэба праводзіць, але я не рэкамэндаваў бы рабіць эксгумацыю. Непазьбежна ўзьнікне і этычная праблема. Ставіцца мэтай пошук парэшткаў афіцэраў польскай арміі. У Курапатах, паводле розных ацэнак, пахавана ад 30 да 250 тысяч чалавек. Давядзецца эксгумаваць усіх, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасьці — беларусаў, украінцаў, габрэяў, палякаў і г.д. А гэта праца не на гады, а на дзесяцігодзьдзі».

Паводле Ігара Кузьняцова, як вынікае з дакладных запісак, у сакавіку 1940 году ў Менск чыгуначным транспартам былі дастаўленыя каля 4 тысяч афіцэраў польскай арміі зь Берасьця, Баранавічаў, Пінску ды іншых месцаў дыслякацыі. Далей іхныя сьляды губляюцца. Але польскім калегам ня трэба засяроджвацца толькі на Курапатах — паводле яго, пад Менскам звыш дзесяці адрасоў масавых пахаваньняў, у кожным зь якіх могуць быць парэшткі расстраляных польскіх афіцэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG