Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа патрыётаў» развальваецца, але альгарытм застаецца небясьпечным для ўсіх 


«Другая група правакатараў, гэтыя тыя, хто самі сябе разарвуць (падарвуць — РС)», паведаміла ананімная спадарыня беларускай амбасадзе ў Бэрліне.

Спадарыня «усёй душой перажывае за сваю радзіму». Спадарыныя атрымала зьвесткі пра «збройную правакацыю» ад свайго сябра — грамадзяніна Францыі. Такі інфармацыйны ўкід зрабіла дзяржаўная беларуская тэлевізія на пачатку красавіка 2017 году.

Заявай нямецкай «фраў» беларускага паходжаньня беларускі КДБ патлумачыў чаму былі затрыманыя больш за два дзясяткі чалавек па справе, якая атрымала назву «Справа «Белага Легіёну», альбо «Справа патрыётаў». Маркёры, якімі ўлада пазначыла ў сваім прапагандысцкім фільме «Справу „Белага Легіёну“: тэрарызм, экстрэмізм, ісламская дзяржава, фашызм, расавая перавага, нацыянальная сымболіка, нацысцкая свастыка» — болей падрабязнасьцяў.

Затрыманых паціху выпускаюць са зьняволеньня. 27 чэрвеня прыйшла інфармацыя, што на волі апынуліся чарговыя фігуранты справы «тэрарыстаў»: Сяргей Стрыбульскі, Алесь Зімніцкі і Уладзімер Фёдараў.

Вясной было больш за дваццаць затрыманых, у канцы чэрвеня — у два разы меней. Пра «фраў» дзяржаўная прапаганда больш ня ўзгадвае.

Напярэдадні акцыі да Дня Волі ўладам была патрэбная ТВ-карцінка-страшылка з «баевікамі», цяпер усё рушыць да таго, што калі раптам пачнецца суд над «баявікамі», то ён разваліцца на вачах у журналістаў, грамадзкіх актывістаў ды проста людзей, якія спачуваюць. Таму ахвяр ідэалягічнай інсынуацыі выпускаюць ціхімі летнімі днямі, калі мэдыйная прастора засынае.

Тым ня менш, альгарытм адпрацаваны, і заўтра замест патрыётаў за кратамі могуць апынуцца нумізматы, філятэлісты ці самі КДБшнікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG