Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: уладкаваць! А яны ўсё звальняюць. Больш звальняюць, чым бяруць. Лічбы ўпартая рэч. Самы вялікі разрыў на Гарадзеншчыне. Звольнілі 10 чалавек, працу далі для 6,84. Больш за трыццаць адсоткаў звольненых з прадпрыемстваў смокчуць лапу.

Загад «бацькі» ўсіх уладкаваць з дапамогай органаў да 1 траўня і наступны рапарт аб выкананьні ўспрымаюцца як нейкі мультфільм. Са слушнымі інтэнцыямі, але разьбітым карытам у фінале. Пры КПСС лічбы ў дакладах жылі сваім жыцьцём, краіна сваім. Сёньня звонку падобна, але наадварот. Лічбы нявыдуманыя, выдуманыя словы.

Але за тое, што лічбы занадта натурыстыя, ужо не караюць, як «у добрыя старыя часы». Наш выкладчык эканомікі Юшкевіч адкрываў некалі нам вочы на савецкую «цифирь» і яе небясьпеку. Перш, калі Стаханаў у апантаным стане нарубіў вуглю, Сталін быў непрыемна ўражаны. Той перавысіў норму выпрацоўкі ў дзесяць разоў! Значыць, у наркамаце працы акапаліся шкоднікі, якія замяншаюць нормы, тармозяць сямімільныя крокі ў камунізм. Нічога ня зробіш, трэба расстраляць.

Другі раз расстралялі палову наркамату статыстыкі. Таксама аказаліся «шкоднікі»: вынікі перапісу насельніцтва абурылі «айца». Зьнішчаныя рэпрэсіямі і голадам людзі ня трапілі ў сьпісы «здравстующих» жыхароў краіны Саветаў. Не далічыліся некалькі мільёнаў.

Дзіўна, што Сталін не дадумаўся давесьці «паказчыкі», якія неабходна дасягнуць у час перапісу. Гэта ж было так проста: як напішаш, так і будзе.

Начальству нашаму, безумоўна, прыносілі задавальненьне неадменна нізкія лічбы беспрацоўя ў РБ. Яму было вядома, што яны хісткія, што беспрацоўных павінна быць значна больш. Але нізкія лічбы цешылі самалюбства. Потым раптам зрабіліся прэсныя, перасталі радаваць. І пачалося паляваньне на «туняядцаў». Гэта была барацьба ў розных вагавых катэгорыях, барацьба занадта няроўная.

Задача любога ўраду ствараць працоўныя месцы. Ясна, што ідэальна не бывае. Як у нас, напрыклад: звольнілі больш, чым працаўладкавалі. Дык выканалі загад усіх уладкаваць да 1 траўня ці не? Наважымся сказаць: не. Ня ведаю, ці атрымаў мэдаль той, хто прыдумаў элемэнтарную адгаворку. Ён зрабіў падказку: уладкаваць тых, хто хацеў, хто зьвяртаўся. А хто не прасіў, як ты яго ўладкуеш? Калі «туняядзец» з перакананьняў?

Канечне, начальства з самага пачатку прыдумала бяспройгрышную гульню зь беспрацоўнымі, каб яны не псавалі лічбы. Нам вядома, што людзі, страціўшы працу, схільныя пасьпяшацца стаць на ўлік. Чым яны псуюць лічбы. Але гэта ў іншых краінах, ня ў нашай. Ня хочуць нашы беспрацоўныя на ўлік. Няма такіх пернікаў, каб пагалоўна пабеглі.

Хаця можна было б падумаць, што так было раней, што цяпер інакш. Не, усё, як было, здаецца. Вось вам ружовыя акуляры, калі атрымалі працоўную кніжку на рукі: самым удачлівым, калі стаць на ўлік, першыя тры месяцы будуць плаціць 70 адсоткаў ад сярэдняга заробку, наступныя тры — палову. Але — увага! — ёсьць агаворка: каб ня больш за дзьве базавыя. Базавая ў нас сёньня 23 рублі. А калі гэта будзе менш за палову ранейшага сярэдняга заробку цяперашняга беспрацоўнага? Соры, як гаворыцца.

Ды ўвогуле, навошта начальства ламае камэдыю? Нямала іншых беспрацоўных, калі пашанцуе, могуць разьлічваць першым часам толькі на базавую, затым на яе 75 адсоткаў. А што такое базавая? Гэта два кэгэ сала. Канечне, пасьля вайны, ня кажучы ў партызанскія часы, два кіляграмы сала былі чымсьці, але ў 2017 годзе? Ці можна пражыць ў нашы дні, жуючы 60 грамаў сала кожны дзень?

Ясна, што на такую ласку ад дзяржавы мала хто спакушаецца. Народ сыходзіць на пошукі заробку. Каб да сала быў яшчэ хлеб. І чарка. Але яго не пакідаюць у спакоі, прысылаюць ліст: прафінансуйце дзяржаўныя выдаткі на вашае існаваньне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG