Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіўся першы знак памяці байцоў штрафбатаў часоў Другой усясьветнай


У Чавускім раёне побач зь вёскай Дранухай устанавілі памятны знак штрафным падразьдзяленьням Чырвонай арміі, якія змагаліся тут у 1943-1944 гадах.

Помнік уяўляе сабой гранітны валун з мэмарыяльнай дошкай. Ініцыятыва ўшанаваньня належыць пошукавікам магілёўскага гісторыка-патрыятычнага клюбу «ВІККРУ».

Паводле кіраўніка ВІККРУ Мікалая Барысенкі, якога цытуе БелТА, надышоў час перагледзець стаўленьне да штрафных батальёнаў і ротаў у той вайне.

«Трэба аддаць даніну павагі салдатам і афіцэрам, якія не атрымлівалі ўзнагародаў і ня ведалі ўганараваньня. Штрафныя батальёны і роты панесьлі велізарныя страты, лік ідзе на сотні тысяч», — падкрэсьліў Мікалай Барысенка.

Яшчэ летась такая ініцыятыва паразуменьня ва ўладных структурах не знаходзіла. Як расказаў Свабодзе намесьнік старшыні пошукавага клюбу «ВІККРУ» (Victoria cruenta) Сяргей Бяспанскі, падчас Другой усясьветнай вайны былі дзьве катэгорыі вайскоўцаў, залічаныя ў «крымінальнікі» ды «здраднікі» і выкрасьленыя з айчыннай гісторыі — гэта салдаты і афіцэры, якія загінулі ў складзе штрафных рот і батальёнаў, а таксама ваеннапалонныя, зьняволеныя за межамі СССР.

У Расеі і ва Ўкраіне байцы штрафных падразьдзяленьняў ушанаваныя даўно, а вось у Беларусі не сьпяшаліся. Больш за паўтара дзясятка гадоў пошукавікі «ВІККРУ» намагаліся рэалізаваць ідэю помніка тым, каго з падачы палітрукоў залічылі ў ізгоі апошняй вайны.

Паводле Сяргея Бяспанскага, менавіта штрафныя падразьдзяленьні падчас наступаў несьлі самую вялікую колькасьць ахвяраў: калі паводле баявых данясеньняў на дывізію прыпадала 8-12 чалавек загінулымі, то штрафнікі паказвалі страты на парадак большыя — 100-150 чалавек. І так праз увесь пэрыяд баявых дзеяньняў 1942-1945 гадоў. У выніку асноўны цяжар панесьлі сьмяротнікі, а слава дасталася штабнікам.

Сяргей Бяспанскі
Сяргей Бяспанскі

Паводле гістарычных зьвестак, праз штрафныя падразьдзяленьні прайшлі блізу паўмільёна чалавек: цягам вайны былі створаныя і ваявалі на розных франтах 65 штрафных батальёнаў і больш за 1000 штрафных ротаў зьменнага складу. У першых шэрагах патэнцыйныя сьмяротнікі прайшлі і празь Беларусь. Выбар у якасьці мэмарыялізацыі Чавушчыны, паводле Сяргея Бяспанскага, невыпадковы:

«Ёсьць зьвесткі пра дзейнасьць там 11-га штрафнога батальёну, укамплектаванага афіцэрамі, а таксама ротаў: 5-й асобнай армейскай штрафной роты; 8-й асобнай армейскай штрафной роты; 131-й асобнай армейскай штрафной роты; 174-й асобнай армейскай штрафной роты, 276-й асобнай армейскай штрафной роты, 280-й асобнай армейскай штрафной роты; 363-й асобнай армейскай штрафной роты; 3-й асобнай армейскай штрафной роты; асобнай штрафной роты пры 369-й стралковай дывізіі. Гэтыя афіцэры і салдаты там ваявалі і ў бальшыні сваёй загінулі. Гэта 1943 год і ажно да пачатку апэрацыі „Багратыён“, гэта значыць да чэрвеня 1944-га».

За якія злачынствы траплялі ў штрафныя падразьдзяленьні? Паводле Сяргея Бяспанскага, некаторых туды прызывалі з «вызваленых тэрыторыяў», то бок каралі за сам факт знаходжаньня на акупаваных землях:

«Калі ўлічыць, што акупаваная была амаль уся Беларусь, то, калі прыходзіла Чырвоная армія, сярод насельніцтва прызыўнога ўзросту шукалі найперш „калябарантаў“. Куды пасьля гэтага дарога? Не ў лінейную частку, а ў штрафную. А гэта значыць — на міны, на непадаўленую абарону. Адсюль такія вялізныя страты, бальшыня не была падрыхтаваная да вайны. На ўсходзе Беларусі, дзе ўсталявалася лінія савецка-германскага фронту, гэта пляцдармы рэк Проня, Лучоса, дзе ў мясарубку кідалі без разбору, а на захадзе — Усходняя Прусія, Польшча».

Другая ўсясьветная вайна. Штрафнікі ў атацы
Другая ўсясьветная вайна. Штрафнікі ў атацы

У штрафбатах «тутэйшых» ужо чакалі акружэнцы, былыя ваеннапалонныя, дэзэртэры з тылу ворага, а таксама пакараныя за воінскія правіны — невыкананьне загаду, непадпарадкаваньне камандзіру, крадзеж і г.д. Адкупіць віну штрафнікі маглі ўласнай крывёй ці бяспрыкладным гераізмам. Праўда, нават пасьмяротная рэабілітацыя здаралася толькі ў адзінкавых выпадках.

Пра гэта сьведчыць і рассакрэчаная дырэктыва Галоўнага палітычнага ўпраўленьня Чырвонай арміі, у якой гаворыцца:

«Улік асуджаных і кантроль за іх дзеяньнямі не вядзецца. Хадайніцтвы пра зьняцьце судзімасьці своечасова не заводзяцца, а тыя, якія паступілі, разглядаюцца павольна. У 160-й стралковай дывізіі на пачатак верасьня 1942 году было каля 200 чалавек з судзімасьцю. Многія зь іх праявілі сябе сапраўднымі патрыётамі: за час баёў 21 чалавек быў забіты, 74 цяжка параненыя, а хадайніцтвы аб зьняцьці судзімасьці паступілі толькі ў дачыненьні 25 чалавек...».

Як кажа Сяргей Бяспанскі, нават тагачасныя стратэгі разумелі: заносіць штрафнікоў без разбору ў лік злачынцаў не выпадае. Пасьлядоўнае давядзеньне гэтай ісьціны да ўладаў нарэшце дало плён — дазвол на ўсталяваньне памятнага знаку быў атрыманы:

«Праз столькі дзесяцігодзьдзяў пасьля тых падзеяў нарэшце павінна было зьявіцца разуменьне таго, што гэтыя людзі таксама заслужылі павагу і ўшанаваньне. Як ні круці, гэта кадравыя часткі, падразьдзяленьні Чырвонай арміі, якія ваявалі на фронце. Арганізаваныя яны былі ў 1942 годзе на падставе славутага загаду Сталіна „Ні кроку назад“, і вось ад таго часу і аж да 1945-га разам зь іншымі пралівалі сваю кроў за радзіму».

Штрафныя роты: толькі наперад
Штрафныя роты: толькі наперад

Памятны знак — гэта прысьвячэньне байцам, камандзірам пастаяннага і пераменнага складу штрафных частак Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленьне Беларусі на Чавускай зямлі ад 02.10.1943 па 23.06.1944 гадоў.

Наступная ініцыятыва ваенна-пошукавага клюбу «ВІККРУ» — ушанаваць памяць тых, каго ў статусе ваеннапалонных вывезьлі на тэрыторыі, падкантрольныя Райху. Многія загінулі ў лягерах, а іншых пасьля вызваленьня замест дарогі дадому перанакіравалі ў зоны сыстэмы ГУЛАГ. І калі за мяжой помнікі зьняволеным зьяўляюцца, то ў Беларусі, адкуль на захад ішлі эшалёны з палоннымі, няма ніводнага:

«Нямецкі бок дазволіў доступ да залічбаваных архіўных зьвестак, і праца ўжо вядзецца па лініі Міністэрства абароны, КДБ. То бок беларускія спэцыялісты працуюць у нямецкіх архівах, нават выйшла кніжка пра ваеннапалонных. Ушанаваньне праводзіцца; у Нямеччыне, Польшчы на месцы лягераў стаяць помнікі. Ну а ў нас тэма ваеннапалонных, зноў жа, старанна абыходзілася. За савецкім часам гэта наагул былі „здраднікі“, асабліва адразу пасьля вайны, таму замест вызваленьня яны атрымлівалі працяглыя тэрміны. У сучаснай Беларусі мы лічым іх такімі ж ахвярамі вайны, адпаведна, вартымі годнага ўшанаваньня і памяці».

Паводле афіцыйных зьвестак, у розных кутках Беларусі ўзьведзена блізу 10 тысяч мэмарыялаў, манумэнтаў і помнікаў у гонар перамогі ў Вялікай айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. Да апошніх дзён у гэтым пераліку не было ніводнага ўшанаваньня, якое супярэчыла б афіцыйнаму ўспрыняцьцю падзеяў больш як 70-гадовай даўнасьці. Памятны знак пад Чавусамі стаў першым у шэрагу ідэалягічных выключэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG