Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трынаццаць краінаў ЭЗ выступілі супраць «Паўночнага патоку — 2»


Супрацоўнік кампаніі «Паўночны паток» на станцыі тэхнічнага кантролю за якасьцю прадукцыі на балтыйскім узьбярэжжы Расеі.

Трынаццаць краінаў Эўрапейскага Зьвязу выказалі падтрымку прапанове надзяліць афіцыйных асобаў ЭЗ правам весьці перамовы з Расеяй адносна пярэчаньняў у дачыненьні да газаправоду «Паўночны паток — 2», які пракладаецца з Расеі ў Нямеччыну і пройдзе ў абыход Украіны.

Як паведамляе Reuters, у часе нефармальнай дыскусіі сярод міністраў энэргетыкі Эўразьвязу, у склад якога ўваходзяць 28 краінаў, прадстаўнікі 13 краінаў выступілі супраць будаўніцтва трубаправоду «Паўночны паток — 2», па якім Расея зможа перапампоўваць больш газу ад расейскага балтыйскага ўзьбярэжжа ў Нямеччыну.

Краіны ЭЗ увосень маюць прагаласаваць за мандат, які надзяляе прадстаўнікоў Эўрапейскай камісіі правам выступаць на перамовах з Расеяй ад імя блёку ў цэлым. Нямеччына разглядае трубаправод як чыста камэрцыйны праект. Канцлер Ангела Мэркель на мінулым тыдні казала, што ня бачыць ніякай ролі для Эўракамісіі ў перамовах аб «Паўночным патоку — 2».

Плян адлюстроўвае рознагалосьсі ўнутры ЭЗ наконт таго, як весьці бізнэс з Расеяй, пастаўкі зь якой пакрываюць траціну газавых патрэбаў Эўразьвязу, нягледзячы на санкцыі супраць Масквы ў сувязі з ваенным уварваньнем ва Ўкраіну.

У прыватным парадку чыноўнікі ЭЗ выказалі надзею, што прамыя перамовы з Расеяй прывядуць да адтэрміноўкі праекту да 2019 года, што пазбавіць «Газпром» рычагоў на перамовах па транзытных тарыфах для Ўкраіны, празь якую праходзяць усе асноўныя шляхі паставак газу ў Эўропу. Нямеччына, Аўстрыя і Францыя, дзе ёсьць фірмы, якія супрацоўнічаюць з «Газпромам», адмовіліся ўзяць слова ў панядзелак у ходзе дэбатаў.

XS
SM
MD
LG