Пра гэта піша брытанскае выданьне The Independent.
Сьпіс быў складзены з выкарыстаньнем інфармацыі мясцовых турыстычных блогераў і экспэртаў па турызму, а таксама дадзеных Mastercard. Абʼекты выбіралі паводле крытэраў прыгажосьці, колькасьці людзей, кошту пражываньня, выгодаў, і, вядома ж, магчымасьці прымаць плацёжныя карты.
«Горад Берасьце быў часткай розных краінаў на працягу многіх гадоў, і зьяўляецца гістарычным месцам многіх культураў, — тлумачыцца ў рэйтынгу. — Берасьцейская крэпасьць, пабудаваная ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, зьяўляецца адным з самых важных месцаў у Беларусі».
Пазначаецца сярэдні кошт порцыі ежы на аднаго чалавека ў рэстарацыі сярэдняй клясы Берасьця — € 14 (£ 12,34), а цана за ноч на аднаго чалавека ў двухмесным нумара ў 3-зоркавым гатэлі ці гасьцявым доме складае € 18 (£ 15,86).
Сярод іншых найлепшы і малавядомых месцаў у Эўропе міжнародная плацёжная сыстэма Mastercard называе возера Севан у Армэніі, мыс Калка ў Латвіі, востраў Саарэмаа ў Эстоніі, палацава-паркавыя комплексы Ледніцэ-Валтіцэ ў Чэхіі ды іншыя.