Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна азбэсту. 8 цытатаў з кнігі польскага аўтара пра Беларусь


Артур Зыгмунтовіч — польскі пісьменьнік, які піша пра Беларусь
Артур Зыгмунтовіч — польскі пісьменьнік, які піша пра Беларусь

Беларусь і беларусы вачыма польскага пісьменьніка Артура Зыгмунтовіча. Заўвагі літаратара пра Беларусь у інтэрвію Свабодзе і цытаты зь ягонай новай кнігі «Па Беларусі на ровары, цягніком і самалётам, альбо Апошнія магікане, якія размаўляюць па-польску».

Польскі пісьменьнік Артур Зыгмунтовіч, які падарожнічае на ровары, аб’езьдзіў беларуска-польскае памежжа, а свае ўражаньні адлюстраваў у некалькіх кнігах пра Беларусь і беларусаў. Цяпер Артур Зыгмунтовіч мае намер яшчэ раз наведаць Беларусь, у прыватнасьці берасьцейскае Палесьсе.

У інтэрвію Свабодзе Артур Зыгмунтовіч зазначыў, што ў Польшчы мала ведаюць пра Беларусь:

«Звычайна веды заканчваюцца на тым, што тут дыктатура ды эканамічны крызіс. Але папраўдзе ўражаньняў безьліч».

Пашпарт іншаземца зь візай, а таксама міграцыйныя карты, якія іншаземцы мусяць запаўняць на мяжы
Пашпарт іншаземца зь візай, а таксама міграцыйныя карты, якія іншаземцы мусяць запаўняць на мяжы

Памежны пераход

Артур Зыгмунтовіч лічыць, што асноўнае ўражаньне пра краіну складаецца ўжо на мяжы. Памежны пераход можа расказаць пра краіну, у якую ўяжджаеш, нашмат больш, чым некалькі дзён у ёй.

«Польска-беларускі памежны пераход — прыгода сам па сабе. Для тых, хто прыяжджаў у Савецкі Саюз, гэта напамін пра беспрэцэдэнтную, унікальную атмасфэру, поўную афіцыйнай сур’ёзнасьці і засяроджанасьці, атмасфэру вялікай адказнасьці вайскоўцаў, якія на працягу ўсяго працэсу з каменным тварам выконваюць свае абавязкі. Для выхаваных у іншай рэчаіснасьці гэта ўрок гісторыі і трагікамэдыя ў адным дзеяньні, прыгода, пра якую можна будзе распавядаць яшчэ доўга».

Памежнікі як гаспадары часу

«Памежнік старанна глядзіць на твар турыста, такое адчуваньне, што хоча нават у рот зазірнуць. Потым позірк перамяшчаецца на фота ў пашпарце, пасьля глядзіць табе ў вочы, затым зноў на фота. І так некалькі разоў. Дакладна. Асьцярожна. Не сьпяшаючыся, бо тут ён гаспадар часу. Яму няма куды сьпяшацца — у пэўную гадзіну ягоная служба скончыцца і ён будзе вольны. Таму ён уважліва глядзіць, часам праводзіць пальцам па малюнку — ці не фальшывы? Пашпарт, пацёрты ў частых паездках, падвойвае падазронасьць — чыноўнік глядзіць на візы, штампы, правярае сапраўднасьць дакумэнту на дотык, скануе ў спэцыяльнай машыне. Добра хоць ня нюхае. Я адчуваю, што зрабіў крок назад у часе і трапіў у мінулае. Ура, я ў мінулым! Мне не 44, а толькі 17, і я першы раз у жыцьці перасякаю мяжу Савецкага Саюзу, які вось-вось мае зьнікнуць».

Беларуская гасьціннасьць: кранальная, але незразумелая

Артур Зыгмунтовіч кажа, што ўжо на наступны дзень у беларускай кавярні яму выпадкова давялося сустрэцца з памежнікам, які напярэдадні на мяжы спраўджваў дакумэнты яго і сябра. Гэтая сустрэча паказала, што насамрэч вайсковец зусім ня кепскі, але прыязны чалавек, які пасьля некалькіх кілішкаў у кавярні запрасіў гасьцей да сябе. А вось адпусьціць новых сяброў у гатэль адпачываць не пажадаў, а прапанаваў застацца пераначаваць у сябе:

Артур Зыгмунтовіч — на ровары аб’езьдзіў беларуска-польскае памежжа
Артур Зыгмунтовіч — на ровары аб’езьдзіў беларуска-польскае памежжа

«Замест таго каб адпачываць кожны ў сваім, няхай нават і ў постсавецкім, але асобным ложку, мы спалі ўдвох на раскладной, цеснай, хісткай і жахліва нязручнай канапе. На наступны дзень мы моцна змагаліся з гасьціннасьцю, і няхай і зь цяжкасьцю, але ўсё-ткі нам удалося застацца ў гатэлі. Але прыйшлося класьціся на двух ссунутых ложках утрох, бо калі мы паведамілі, што не жадаем заставацца ў доме памежніка, то ён застаўся з намі. Гэтак мы адзначалі да позьняга часу ўдалае набыцьцё некалькіх фотаапаратаў маркі „Зэніт“, якія пазьней прадалі на беластоцкім рынку з прыбыткам для сябе. Вядома, апаратаў у беларускіх крамах не было, але наш сябар зрабіў некалькі званкоў — і яны знайшліся. І як яго пасьля гэтага не любіць?»

Дзед Мароз і Сьнягурка

Апісвае польскі аўтар Артур Зыгмунтовіч і тое, як заехаў у Белавескую пушчу, дзе ёсьць важны турыстычны аб’ект — сядзіба Дзеда Мароза.

«Белавеская сядзіба Дзеда Мароза — гэта месца настолькі дзіўнае, цікавае, недарэчнае, кічаватае і настолькі неадпаведнае кантэксту, што... яго абавязкова трэба пабачыць. Сядзібу Дзеда Мароза наведвае мноства людзей, бізнэс тут квітнее. Зразумець прычыны гэтага вышэй за нашы сілы. Магчыма, дзецям падабаецца, бо экскурсію можна арганізаваць такім чынам (вядома, за асобную плату), што Дзед Мароз дастане для вас адмысловы падарунак. Гэта камэрцыя, як і ўсе такога кшталту рэчы».

Беларуская чысьціня

Не абмінуў у сваёй кнізе польскі пісьменьнік Артур Зыгмунтовіч і фэномэн беларускай чысьціні.

«Падарожнікам у Беларусі кідаецца ў вочы чысьціня. Гэта часта першае ўражаньне тых, хто вярнуўся зь Беларусі — сьціплей, чым у нас, але чысьцей. У дарозе да Берасьця зь Белавежы — ня менш як за сто кілямэтраў — я налічыў усяго тры плястыкавыя бутэлькі на ўзбочыне дарогі. Тлумачэньняў таму некалькі. Па-першае, штрафы за раскідваньне сьмецьця. Другая прычына — той факт, што ў Беларусі рэгулярна праводзяцца так званыя „суботнікі“. Паколькі ў суботы ўсе калектывы выходзяць прыбіраць горад, то сярод тыдня ня варта сьмеціць, бо пазьней шкада часу і сіл. Колькі гадоў такога мысьленьня — і вырастае пакаленьне, для якога прыбіраньне пасьля сябе можа стаць адпачынкам. Трэцяя прычына, якая ня тычыцца першых дзьвюх, — наступства жыцьця ў культуры дэфіцыту. Калі сьціпла, то тое, чаго бракуе, больш шануецца. І чацьвёртая прычына — звычайнае жаданьне чысьціні. Непарадак таксама можна пабачыць, але чысьціня — норма».

Цуд жыцьця беларусаў

Пасьля некалькіх дзён жыцьця ў Беларусі, больш шчыльнага знаёмства з жыхарамі краіны палякі заўважаюць, што заробкі ў Беларусі меншыя, чым у Польшчы, кошты пры гэтым вышэйшыя. Але людзі ня толькі выжываюць, але могуць дазволіць сабе набываць такія рэчы, мець такі ўзровень жыцьця, які падаецца немагчымым.

Польскі пісьменьнік зь беларускімі сябрамі ў Пружанах
Польскі пісьменьнік зь беларускімі сябрамі ў Пружанах

«Беларус атрымлівае чатырыста даляраў, выдаткоўвае пры гэтым каля пяцісот і яшчэ пяцьдзясят адкладае. Гэта нейкі цуд, бо кошты тут вышэйшыя, чым у Польшчы, а заробкі меншыя. Прамысловыя прадукты, тэлевізары, пральныя машыны альбо ровары выгадней набываць у Польшчы. Бо таньней. Нават нягледзячы на мыта на мяжы. Пры гэтым тут ня бачна беднасьці. Нейкі цуд».

Прорва паміж беларускай вёскай і горадам

Для турыстаў з Захаду беларуская вёска незразумелая, кажа Артур Зыгмунтовіч: «Калі яшчэ каля вялікага гораду дагледжаныя дамы, добрыя дарогі, то ўжо далей ад гораду вёска выглядае жахлівай».

«Чым далей ад гораду, з кожным крокам мы вяртаемся ў пяцідзясятыя гады. І толькі сучасныя аўтамабілі, а таксама спадарожнікавыя антэны на дамах нагадваюць, што мы ў 21 стагодзьдзі».

Галоўны сымбаль Беларусі

Беларусь для замежніка — гэта адначасова агонь і вада, — піша Артур Зыгмунтовіч. Пісьменьнік кажа, што пасьля кароткага наведваньня краіны хочацца прыехаць сюды яшчэ раз. Рэчаіснасьць у Беларусі, насуперак усякай лёгіцы, спалучае ў сабе столькі інтрыгаў, што прыходзіць разуменьне: кожнае падарожжа, хоць яно і павінна завяршыцца, — гэта толькі пачатак. І галоўны напамін, сымбаль краіны таксама неадназначны.

«Пасьля некалькіх візытаў у Беларусь, пасьля дзясяткаў размоваў пра плюсы і мінусы жыцьця ў гэтай краіне я выбраў для Беларусі сымбаль, які сустракаецца тут на кожным кроку. Дакладней, сымбаль сам паўсюль заяўляе пра сябе. Немагчыма назваць дакладны адсотак, але вялізная колькасьць беларускіх будынкаў пакрытая азбэстам. У вёсках і гарадах. Паўсюль. Азбэст трывалы, моцны, азбэст паслужыць яшчэ доўга. Ён даволі эфэктыўны як дах над галавою, бо на галаву ня капае. Але як бы там ні было, азбэст атручвае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG