Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія менчукі ня любяць вайсковыя парады. Ня тое каб усе-усе, але збольшага. Паглядзіце на Менск 3 ліпеня — вымерлы горад. Можа, калісьці больш любілі, цяпер — не.

Чаму радавацца, чым захапляцца? У СССР людзей пужалі ядзернай вайной, таму войска падавалася рэальнай абаронай. Цяпер пра «радыеактыўны попел» гавораць у «саюзнай дзяржаве», але мала хто верыць у ядзерную вайну.

У сеціве шмат хто разьмясьціў выявы ўваходу бранятэхнікі ў цэнтар Менску. Рыхтуюцца да параду на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня.

Кожны раз, калі я жыўцом ці па відэа глядзеў падобныя карціны, у мяне ўзьнікала пачуцьцё трывогі. Нібы горад акупуюць.

Кожны раз, калі я жыўцом ці па відэа глядзеў падобныя карціны, у мяне ўзьнікала пачуцьцё трывогі. Нібы горад акупуюць.

Здавалася б, наадварот — я мусіў бы адчуваць радасны спакой. Маўляў, я і ўся краіна пад надзейнай аховай. Гэта ж свае, «нашы».

Нарэшце зразумеў, адкуль трывога і недавер да «нашых». Калісьці была імпэрыя, якая зь недаверам ставілася да нацыянальных ускрайкаў, а нацыянальныя ўскрайкі без энтузіязму ставіліся да мэтраполіі.

Пасьля ў імпэрыі да ўлады прыйшла партыя — бальшавікі. Бальшавікі, нібы сучасныя ІДзілаўцы, ставіліся да захопленага насельніцтва выключна з прагматычным інтарэсам: дайце, ежу, дайце працоўныя рукі, будзьце ляяльнымі.

Для бальшавікоў-«ІДзілаўцаў» не было розьніцы: нацыянальнае — не нацыянальнае. Захопленымі і пад падазрэньнем былі ўсе, нават тыя, хто ўнутры партыі.

У вачах бальшавікоў існавалі партыйныя, беспартыйныя «сачуствуюшчыя», і трэці гатунак — проста беспартыйныя.

Як у Старажытным Рыме: патрыцыі, грамадзяне і рабы.

Адпаведна, як і ў Рыме, у СССР войска бараніла не насельніцтва, а групу «патрыцыяў», якія ў выпадку ўласнай патрэбы кідаліся тысячамі і нават мільёнамі жыцьцяў суграмадзянаў.

У сучаснай Беларусі з практыкі СССР, апроч чырвоных зорак і сьцягоў, засталася тая самая сыстэма ўзаемадзеяньня ў грамадзтве. З «патрыцыямі», «грамадзянамі» і «паднявольнымі», якіх ніхто ні пра што не пытае і якімі тэарэтычна можна ахвяраваць.

Войска «наша» толькі для тых, каму яно падпарадкоўваецца. Адпаведна, войска — небясьпечнае для чалавека не з сыстэмы.

А яшчэ ў руках «патрыцыяў» ёсьць такі інструмэнт, як войска. Таму войска «наша» толькі для тых, каму яно падпарадкоўваецца.

Адпаведна, войска — небясьпечнае для чалавека не з сыстэмы.

Недавер да войска можа зьмяніцца разам з прынцыпам узаемаадносін унутры грамадзтва.

А пакуль ёсьць як ёсьць: менчукі традыцыйна рыхтуюцца зьехаць з гораду на 3 ліпеня, каб «ня бачыць гэтага ўсяго». Кожны зь іх можа даць сваё тлумачэньне, але ўсіх яднае адно — ня любяць, ня хочуць, не адчуваюць узьнёсласьці і гонару.

Патас вайсковага параду працуе міма большасьці. Парад як карпаратыў «патрыцыяў».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG