Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве затрымалі беларуса паводле падазрэньня ў шпіянажы


У Чарнігаве затрымалі беларуса паводле падазрэньня ў зборы інфармацыі, што складае дзяржаўную таямніцу, і яе перадачы замежнай дзяржаве.

Грамадзянін Беларусі, як вынікае з абнародаванага судовага рашэньня, быў затрыманы 16 чэрвеня супрацоўнікамі Ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці.

Згодна з рашэньнем суда, 19 чэрвеня ён пераведзены на ўтрыманьне ў ізалятар СБУ ў Кіеве.

Прозьвішча беларуса пакуль не ўдакладняецца. Вядома толькі, што ён ня жанаты, нідзе не працуе, мае на ўтрыманьні бацьку-пэнсіянэра, і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці.

У Службе бясьпекі Ўкраіны пакуль гэтае затрыманьне не камэнтуюць. У судовым рашэньні таксама не ўдакладняецца, якой замежнай дзяржаве ён перадаваў сакрэтную інфармацыю, і пад час якіх абставінаў быў затрыманы.

Зараз трывае дасудовае расьсьледаваньне, але на судовым пасяджэньні, калі абіралі меру стрыманьня, грамадзянін Беларусі заявіў, што выкладзенае сьледчым у справе не адпавядае рэчаіснасьці і падставы для ўтрыманьня яго пад вартай адсутнічаюць. На судовым працэсе прысутнічаў перакладчык.

Згодна з заканадаўствам Украіны, «перадача або збор з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, зьвестак, якiя складаюць дзяржаўную таямніцу, калі гэтыя дзеяньні зьдзейсьненыя замежнікам або асобай без грамадзянства» караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG