Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню судзяць чэха паводле абвінавачваньня ва ўдзеле ў баях на Данбасе на баку сэпаратыстаў


Упершыню паліцыя Чэскай Рэспублікі выставіла абвінавачаньне чэскаму грамадзяніну за ўдзел у баях на Данбасе на баку прарасейскіх ваеўнікоў. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, былы чэскі вайсковец «удзельнічаў у падрыхтоўцы тэрарыстычнага нападу на Данбасе». Цяпер суд разглядае справу, на якую «накладзенае інфармацыйнае эмбарга».

Першым пра чэха, які далучыўся да так званых «ДНР» і «ЛНР» і ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Данбасе, паведаміў у тыднёвіку Respekt вядомы чэскі журналіст-дасьледчык Ондржэй Кундры.

У гутарцы з Радыё Свабода ён адзначыў, што гаворка ідзе пра чалавека, які ўжо бываў на Данбасе: «З таго, што мне пра яго вядома, гэта чалавек, які ўжо доўга вышуквае ў жыцьці ваенныя элемэнты, ён служыў і ў чэскай арміі. А да гэтага ён некаторы час жыў у Данбасе. Паліцыя яго абвінавачвае ў тым, што ён пастаянна прымаў удзел, або далучыўся да „ваенных“ акцый, хоць, магчыма, наўпроставага ўдзелу ў іх не прымаў. Але і за гэта яго можна прыцягнуць да суду. Сам ён заяўляе, што на Данбасе не ваяваў, а доказы, якія сьведчаць супраць яго, напрыклад, фота, дзе ён трымае ў руках кулямёт, называе выпадковасьцю, што ён, маўляў, толькі хацеў агледзець ваенную тэхніку, таму што проста тым цікавіцца».

Зараз чэскі суд працягвае разгляд справы. Трэба даведацца, як грамадзянін Чэхіі далучыўся да прарасейскіх груповак сэпаратыстаў на Данбасе і ці прымаў ён непасрэдны ўдзел у «падрыхтоўцы тэрарыстычнага нападу», як пра гэта паведамляюць чэскія СМІ. На думку чэскага журналіста Ондржэя Кундры на баку сэпаратыстаў, верагодна, ваююць больш чэхаў і іх суседзяў: «Вядома, на Данбасе ваююць як чэхі, так і славакі. Якая гэта колькасьць, дакладна невядома. Цяпер кажуць пра дзясяткі чэхаў і славакаў. Мне вядома, што паліцыя займаецца іншымі справамі аб удзеле чэхаў у баях, а ня толькі справай гэтага першага чэха, якога абвінавачваюць».

Цяпер шмат што залежыць ад таго, наколькі важкімі доказамі валодае суд, каб даказаць, што грамадзянін Чэхіі сваімі дзеяньнямі парушыў дзейнае расейскае заканадаўства, бо ўдзел у фармаваньняў так званых «ДНР» і «ЛНР» зьяўляецца парушэньнем закону, адзначыў Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства абароны Чэскай Рэспублікі Пётр Мэдэк: «Грамадзяне Чэскай Рэспублікі могуць служыць у войску замежнай дзяржавы толькі са згоды галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў, ім зьяўляецца прэзыдэнт рэспублікі. Гэта ня тычыцца армій краін-членаў NATO. Калі ж казаць пра так званыя Луганскую або Данецкую „рэспублікі“, то размова не ідзе пра афіцыйную армію канкрэтнай краіны, а аб узброеных адзінках, гэта значыць, гэта вырашалася б у адпаведнасьці з артыкуламі Крымінальнага кодэксу».

Як адзначыў Радыё Свабода пасол Украіны ў Чэскай Рэспубліцы Яўген Перабійніс, дыпляматычнай місіі вядома пра ўдзел чэхаў у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку прарасейскіх ваеўнікоў.

«Украінскія праваахоўныя органы падтрымліваюць цесны кантакт з чэскімі праваахоўнымі органамі, абменьваюцца інфармацыяй з гэтай нагоды. Вядома, гэта справа Чэскай Рэспублікі выконваць сваё ўласнае заканадаўства, таму мы не можам у гэта ўмешвацца. Але ў тых выпадках, калі чэскія праваахоўныя органы маюць патрэбу ў прававой дапамозе або якой-небудзь інфармацыі ад украінскага боку, мы, безумоўна, ім гэта прадстаўляем. І мы вітаем любыя меры, ці гэта тычыцца Чэскай Рэспублікі, або іншых дзяржаў, якія б прывялі да перасьледу і пакараньня тых людзей, якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычных дзеяньнях на баку тых бандфармаваньняў, якія дзейнічаюць на Данбасе», — сказаў Перабійніс.

На сёньня яшчэ цяжка сказаць, якім будзе рашэньне суду, лічыць Павел Бужґа, прадстаўнік краёвай пракуратуры горада Градец Кралове, дзе разглядаецца справа:

«Магу пацьвердзіць, што краёвай суд гэтым займаецца, аднак у адпаведнасьці з рашэньнем прадстаўніка пракуратуры, на гэтую справу накладзенае інфармацыйнае эмбарга. Гэта азначае, што больш інфармацыі, якая тычыцца гэтай справы, яе працягласьці, хады расьсьледаваньня і прававога статусу давацца не будзе аж да зьняцьця эмбарга. То бок зараз я, на жаль, не магу выказвацца падрабязьней па гэтай справе».

Як адзначыў Радыё Свабода Павел Бужґа, таксама цяпер нельга дакладна вызначыць, калі будзе абвешчаны прысуд. Разгляд справы ў судзе можа доўжыцца і некалькі месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG