Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бразыльскага баевіка ДНР завабілі і асудзілі ва Ўкраіне


Рафаэль Лусваргі ў кіеўскім СІЗА.

Ураджэнец бразыльскага гораду Сан-Паўлу Рафаэль Маркес Лусваргі ваяваў у Данбасе на баку самаабвешчаных рэспублік каля году. У 2016-м яго арыштавалі ва Ўкраіне і асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі.

У эксклюзіўным інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода, якое было запісана ў Лук’янаўскім СІЗА Кіева, дзе цяпер знаходзіцца Лусваргі, ён распавёў, чаму прайшоў шлях у 11 тысяч кілямэтраў і далучыўся да сэпаратыстаў, а потым вырашыў скласьці зброю і вярнуцца дадому.

Рафаэль Лусваргі — адзін зь некалькіх бразыльцаў, якія прыехалі ў Данбас ваяваць на баку сэпаратыстаў. У мінулым — студэнт Курскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Нягледзячы на баявы досьвед, ён да гэтага часу выглядае як звычайны студэнт. Ягоны адвакат нават вырашае пазычыць яму свой пінжак на час сустрэчы з журналістамі, каб выглядаў больш самавіта.

«Я вялікі фанат Расеі. Я вучыўся ў Расеі, хоць добрым студэнтам ня быў. Але Расею любіў. Вучыў расейскую, жыў з расейцамі», — кажа Лусваргі. Пра прычыны свайго прыезду ў «ДНР» ён кажа, што «атрымаў запрашэньне ад некалькіх сяброў і пайшоў ваяваць — хацеў дапамагаць. Я заўсёды быў камуністам. Усё, што зьвязана з Савецкім саюзам, Расеяй, было для мяне сьвятым».

Нягледзячы на тое, што яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле двух цяжкіх артыкулаў — «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «ўдзел у незаконным узброеным фармаванні» — падчас размовы Лусваргі спакойны. Таксама спакойна ён расказвае, што некаторы час камандаваў узводам мінамётнікаў у батальёне «Вікінг». Яго назва супадае з найменьнем адной з танкавых дывізіяў СС, у склад якой уваходзілі добраахвотнікі з Нідэрляндаў, Бельгіі і скандынаўскіх краін. У сэпаратысцкім «Вікінгу», паводле яго, было некалькі бразыльцаў. Яны ўдзельнічалі ў баях пад Дэбальцавам і за данецкі аэрапорт.

Ён распавядае, што калі ваяваў у складзе першай славянскай брыгады «ДНР», то супрацоўнічаў з дывэрсійна-выведнай групай «Русіч», якая ў якасьці эмблемы выкарыстала «Коловрат» — адзін з сымбаляў расейскіх нэафашыстаў. Аб дзейнасьці вядомага сваёй жорсткасьцю «Русіча» гаворыць крытычна: «Яны вельмі ганарыліся тым, што рабілі ў Луганскім аэрапорце. Гэта таксама барбарства было. Калі мы перамаглі нашых ворагаў, трэба іх паважаць і рабіць па-чалавечы».

Свой ўзвод бразылец назваў «Вікернэс» — у гонар Варга Вікернэса, лідэра музычнага праекту Burzum, вядомага сваімі антысэміцкімі і расісцкімі выказваньнямі. Вікернэс правёў у турме 16 гадоў за забойства і падпал цэркваў. У адным з інтэрвію, якое Лусваргі даў, ваюючы ў Данбасе, ён казаў: «Мне „по...“. Я ведаю, што трэба рабіць. І калі буду паміраць, для мяне гэта без праблем. Пайду ў Валгалу, усё».

Пры гэтым Лусваргі сьцьвярджае, што прыехаў у Данбас з прычыны глыбокага перакананьня, што змагаецца з фашызмам. А сёньня, насуперак сваім нядаўнім поглядам, ён называе фашызмам тое, як некаторыя сэпаратысты гавораць пра іншаземцаў, якія ваявалі на баку самаабвешчаных рэспублік: «Калі маё аддзяленьне, якое, паводле іх словаў, „малпы з Паўднёвай Амэрыкі...“ Гэта моцна пакрыўдзіла ўсіх бразыльцаў. Дзіма — ён амазонец, сапраўдны індзеец! Калі ён гэта ўбачыў, ён мне сказаў: „Рафаэль, я сыходжу, я зараз пайду“. Я сказаў: „Пачакай, я таксама хачу сысьці“. Я стаміўся ваяваць. Ваяваць — гэта нялёгка. Год у траншэях, у акопах. Сытуацыя мяняецца, ты бачыш, колькі мірных жыхароў пакутуе, вайскоўцы пакутуюць моцна, усе пакутуюць моцна, з абодвух бакоў».

Рафаэль Лусваргі падчас разгляду яго справы ў Пячэрскім раённым судзе Кіева
Рафаэль Лусваргі падчас разгляду яго справы ў Пячэрскім раённым судзе Кіева

— У вас ня ўзьнікла адчуваньня, што вайна трошку іншая, не такая, як вам здавалася, калі вы толькі зьбіраліся з Бразыліі ехаць у Данбас?

— Так, так. Гэта абсалютная праўда. На Данбасе былі вельмі дрэнныя людзі. Я магу сказаць без усялякіх праблемаў: Бабай ў Луганску вельмі дрэнны чалавек быў. Марадэр, бандыт.

Уладзімір Цімафееў са Стаханава з пазыўным «Бабай» цяпер, як і Рафаэль Лусваргі, знаходзіцца за кратамі, куды яго адправілі самі сэпаратысты.

Пасьля перажытага бразыльскі прыхільнік ДНР вырашыў вярнуцца на радзіму. Ён без праблемаў перасёк ўсе дзяржаўныя межы і некалькі месяцаў правёў дома, у Сан-Паўлу, пакуль ня трапіў у пастку ўкраінскіх спэцслужбаў.

«Ліст з Украіны — запрасілі на працу. Усё афіцыйна. Чаму я меў думаць, што ёсьць нейкія праблемы? — дзівіцца ён. Служба бясьпекі Ўкраіны вывабіла Лусваргі з роднай краіны, нібыта запрасіўшы працаваць ва Ўкраіну. А насамрэч каб аддаць яго пад суд за ўдзел ва ўзброеных дзеяньнях у Данбасе. Яго затрымалі восеньню летась падчас перасячэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны ў Міжнародным аэрапорце «Барыспаль». Ён стаў першым іншаземцам не з Расеі, асуджаным у Кіеве за ўдзел у данбаскім канфлікце.

Зрэшты, ён не да канца разумее, што ж такога нарабіў, каб украінскія спэцслужбы вялі паляваньне на яго нават за акіянам: «Я ня быў галоўным чалавекам у Данбасе. Калі скончылася вайна, я быў лейтэнантам. Я пачаў як радавы. Просты, гарматнае мяса». Тым ня менш, два гады таму назад ён казаў зусім іншае. Дакумэнтаваў свае баявыя будні і публікаваў іх у інтэрнэце, здымаўся ў сюжэтах расейскіх тэлеканалаў.

Цяпер Рафаэлю Лусваргі 32 гады, і нічога ў яго абліччы не выдае цёмнае мінулае. Нягледзячы на ўдзел у баявых дзеяньнях, ён усё роўна спадзяецца выйсьці на волю.

— Што б вы рабілі, калі б вас нечакана вызвалілі? Куды б вы паехалі, чым хацелі б займацца?

— Я пра гэта ня думаў. Мне адвакат сказаў ня думаць пра будучыню, таму што я буду яшчэ доўга тут. Але я хачу ехаць у Данбас, каб сустрэць некалькі сваіх сяброў, а потым хачу вярнуцца дадому, быць з маім сынам, працягваць жыцьцё.

Рафаэль Лусваргі ў эфіры тэлеканалу "Расея-1"
Рафаэль Лусваргі ў эфіры тэлеканалу "Расея-1"

Насуперак усім абставінам, Лусваргі можа вызваліцца датэрмінова. Менскія пагадненьні прадугледжваюць амністыю для тых, хто асуджаны па тых жа артыкулах, што і ён. Акрамя таго, яго імя знаходзіцца ў сьпісах на абмен, а ягоны адвакат ужо падаў апэляцыю і будзе абскарджваць прысуд.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG