Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя: Антон Лявіцкі


Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)
Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)

Лявіцкі Антон Янаў. Нарадзіўся 4.01.1869 г. у маёнтку Добасьня Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. (цяпер в. Добасна Кіраўскага р-ну Магілёўскай вобл.). Памёр 24.02.1922 г. у Вільні. Пахаваны на віленскіх могілках Роса. Псэўд.: Ядвігін Ш.

У 5-ю гадавіну з дня сьмерці А. Лявіцкага лекцыю, прысьвечаную яму, чытаў А. Луцкевіч. Разьбіраючы першы (цяпер ужо страчаны) беларускамоўны твор Лявіцкага, драму «Злодзей», Луцкевіч адзначыў, што ў гэтай п’есе «незвычайна ярка выявілася старая шляхоцкая ідэалёгія — ды нават не марцінкевічаўская, а дамарцінкевічаўская, ня здольная роўна падысьці навет да літаратурных тыпаў пана й селяніна». Ідэалізуючы пана, Лявіцкі не знайшоў у душы п’яніцы-мужыка «ніводнае — ня то сьветлае, але навет проста людзкае рысы!»

Знаходзячы згукі шляхоцкае ідэалёгіі і ў іншых творах, Луцкевіч абгрунтоўваў свае тэзісы пра тое, што Лявіцкага гадавалі на пана, прышчапляючы яму пачуцьцё вышэйшасьці над мужыкамі, і пра тое, што юнацкі радыкалізм Лявіцкага «як быццам не знайшоў у душы паэта глыбейшага грунту».

На ўвазе меўся ўдзел студэнта Маскоўскага ўнівэрсытэту Лявіцкага ў хваляваньнях 1890. Казаць, што патрабаваньні студэнтаў былі радыкальныя, цяжка. Гэта была акцыя студэнтаў супраць унівэрсытэцкага статуту 1884 і за аднаўленьне аўтаноміі вышэйшых навучальных устаноў паводле статуту 1863. Патрабуючы свабоднага доступу ва ўнівэрсытэты без адрозьненьня веравызнаньня, нацыянальнасьці, полу і грамадзкага становішча, выступаючы за свабоду сходак і студэнцкіх карпарацыяў, студэнты не патрабавалі стасаваць прынцыпы грамадзянскай роўнасьці, свабоды сходаў і аб’яднаньняў да ўсіх падданых расейскай кароны. Гэта былі патрабаваньні правоў і свабод толькі для пэўнага сацыяльнага пласта — адукаванай моладзі. Друкуючы ў 1921 свае жыва напісаныя ўспаміны пра тыя падзеі, Лявіцкі не ўжывае слова «рэвалюцыя», «рэвалюцыйны».

Вынікам удзелу Лявіцкага ў хваляваньнях было адлічэньне яго зь ліку студэнтаў і абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці. Трапіўшы ў знакамітую Бутырскую турму, студэнты-беларусы, бачачы згуртаванасьць студэнтаў іншых нацый, вырашылі стварыць Беларускі гурток моладзі ў Маскве, тварыць беларускае друкаванае слова, будзіць і пашыраць у народзе нацыянальную сьвядомасьць. Але адна справа — намеры, іншая — запатрабаванасьць саміх ідэй і магчымасьць іх ажыцьцяўленьня. Гурток моладзі доўга не праіснаваў. Адзінай памяткай па ім засталася 31-старонкавая кніжачка з апавяданьнем У. Гаршына «Сыгнал» у перакладзе Лявіцкага.

Магчыма, Лявіцкі як беларускамоўны аўтар так і застаўся б у ліку тых людзей, якія, кажучы словамі Р. Семашкевіча, «хавалі сьляды сваёй працы», калі б на пачатку ХХ ст. маладыя сацыялісты не распачалі беларускую выдавецкую справу. 20.09.1906 апавяданьнем «Суд» ён — як Ядвігін Ш. — дэбютаваў у 3-м нумары газэты Беларускай Сацыялістычнай Грамады «Наша Доля». І стаў такім чынам адным з пачынальнікаў беларускай прозы ХХ ст.

Тое, што Лявіцкі друкаваўся ў «Нашай Долі», а потым публікаваўся і працаваў у рэдакцыі «Нашай Нівы», не азначае, што ён ідэйна зблізіўся з беларускімі сацыялістамі. Як толькі пачала выходзіць каталіцкая газэта «Biełarus», стаў адным з фактычных яе рэдактараў. Потым ён стаў так званым тэхнічным рэдактарам часопіса «Саха», юрыдычным рэдактарам-выдаўцом якога быў А. Уласаў.

У часе І сусьветнай вайны Лявіцкі актыўна працаваў у Менскім аддзяленьні Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Ён быў афіцыйным арандатарам дому № 18 па вул. Захараўскай у Менску — знакамітай «Беларускай Хаткі», якая стала асяродкам беларускага культурнага і палітычнага жыцьця. У яго фальварку Карпілаўка летаваў дзіцячы прытулак БТДПВ.

У сак. 1917, пасьля падзеньня царызму, Лявіцкі браў удзел у Зьезьдзе беларускіх арганізацый, працаваў у яго камісіі друку і земскай камісіі. У ліп. 1917 ён актыўны ўдзельнік Зьезду беларускіх арганізацый і партый. Яго абралі ў выканаўчы камітэт Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый. На І сэсіі ЦРБА ў жн. ён устрымаўся пры галасаваньні за яе статут, бо «зьезд быў скліканы на грунце нацыянальным, а прыняў пастановы сацыялістычныя». Як вынік, гэтым разам ён ня быў абраны ў выканкам ЦРБА. Затое ў кастр. 1917 ён стаў сябрам выканаўчага камітэту Вялікай Беларускай Рады, якая ініцыявала скліканьне Ўсебеларускага Зьезду.

Не падзяляючы поглядаў беларускіх сацыялістаў, Лявіцкі пагатоў стаяў у апазыцыі да бальшавікоў. Вядома, што калі 19.02.1918 арыштаваныя бальшавікамі дзеячы Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады ўцяклі з-пад варты, першую нараду прэзыдыюму Рады яны правялі на кватэры Лявіцкага. Пра гэта пісаў К. Езавітаў. У сак. 1918 Лявіцкі стаў сябрам Рады БНР ад Таварыства беларускай культуры. Чулы да самых дробных праяваў беларускага хрысьціянскага руху, А. Станкевіч залічваў Лявіцкага ў хрысьціянскія дэмакраты, але сам Лявіцкі называў сябе энэсам. І сапраўды, у 1917 г. ён значыцца ў сьпісе сябраў Беларускай народнай партыі сацыялістаў (слова «сацыялістаў» у назьве партыі прысутнічае таму, што ў той час была мода на сацыялізм). Такім чынам, калі прымаўся Акт 25 Сакавіка, хадэкаў у той залі не было.

Палітычная біяграфія Лявіцкага вядомая нам фрагмэнтарна. Увосень 1920 ён падтрымаў выправу С. Булак-Балаховіча. Разам з В. Адамовічам, П. Алексюком, Р. Астроўскім, Я. Сянькевічам ды інш. увайшоў у Беларускі Палітычны Камітэт, які меўся стаць урадам Беларусі, калі б збройная акцыя генэрала аказалася пасьпяховай, рэдагаваў бюлетэнь БПК «Зьвястун». Лявіцкі стаў адным з заснавальнікаў «Беларускай сялянскай партыі Зялёнага Дуба», якая пры падтрымцы Польшчы вяла збройную барацьбу супраць бальшавікоў, уваходзіў у яе штаб. Гісторык А. Латышонак называе Лявіцкага ідэолягам і Беларускага Палітычнага Камітэту, і «Зялёнага Дуба». Гісторыкам даводзіцца толькі шкадаваць, што страчаны нататкі Лявіцкага пра паход Балаховіча.

Абставіны склаліся так, што з Палесься Лявіцкі мусіў вярнуцца ў Вільню. У Гедымінавай сталіцы ён стаў сябрам Беларускага Навуковага Таварыства (1921). У гэтым горадзе яго зваліла невылечная хвароба. Як адзначаў ў 5-ю гадавіну з дня яго сьмерці Луцкевіч, паміраў Лявіцкі сярод чужых людзей. Пра яго ня ўспомніў ніхто з тых, з кім ён рабіў палітыку, палітыку, на думку, сацыял-дэмакрата Луцкевіча, варожую працоўным Беларусі. Але каля яго магілы сышліся віленскія беларусы, згуртаваныя вакол Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Яны прыйшлі, каб «аддаць апошнюю паслугу» перш-наперш пісьменьніку Ядвігіну Ш. Помнік над яго магілай паставілі таксама віленскія беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG