Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі інтэлігенцыі прапанавалі абвясьціць 2018-ы годам Максіма Гарэцкага


Музэй Максім Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы

Ініцыятыва была агучана 23 чэрвеня ў магілёўскай Ратушы на круглым стале, прысьвечаным пытаньням музэефікацыі літаратурных месцаў. У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 20 чалавек: гісторыкі, грамадзкія актывісты, журналісты, прадстаўнікі ўлады.

Круглы стол у Магілёве прайшоў у межах XXV Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі «Гарэцкія чытаньні», што адбылася 22 чэрвеня ў Мсьціславе. На наступны дзень яе ўдзельнікі наведалі Літаратурны музэй імя Максіма Гарэцкага на яго радзіме ў вёсцы Малая Багацькаўка, паведамляе БелаПАН.

Каб музэй стаў больш наведвальным, неабходна разьвіваць турыстычныя маршруты, заявіў адзін з мадэратараў круглага стала, дырэктар Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры Зьміцер Яцкевіч. Ён таксама паведаміў, што музэй на цяперашнім месцы будзе працаваць і ў будучыні — пытаньне яго пераносу ў Мсьціслаў ужо зьнята.

Зрабіць музэй у Малой Багацькаўцы музэем роду Гарэцкіх прапанаваў старшыня Беларускага фонду культуры Ўладзімер Гілеп.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў СМІ больш кваліфікавана асьвятляць музэйную тэму. Паводле яго, музэй у Малой Багацькаўка цікавы, знаходзіцца ў здавальняльным стане і чакае наведнікаў. Для таго, каб як мага больш народу наведвала яго, трэба весьці працу зь мясцовымі турыстычнымі агенцтвамі.

Дысанансам зь меркаваньнем большасьці прагучалі словы дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музэя Віктара Аненкава. Ён лічыць, што музэй Максіма Гарэцкага пакідае гнятлівае ўражаньне. Паводле яго слоў, гэты музэй, як і музэй Алеся Адамовіча, што ствараецца ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна, ня будзе выконваць сваіх задач. Прычыну ён бачыць у адсутнасьці мэмарыяльнай калекцыі і аўтэнтычных экспанатаў. «Каб захоўваць памяць, не абавязкова ствараць музэй у аддаленых вёсках, паколькі ёсьць магчымасьць усталяваць там помнік ці мэмарыяльную шыльду», — сказаў Віктар Аненкаў.

Нягледзячы на розныя меркаваньні, удзельнікі круглага стала падтрымалі праект рэзалюцыі, прыняты на канфэрэнцыі. У ёй, у прыватнасьці, прапануецца абвясьціць 2018 год у Беларусі Годам Максіма Гарэцкага — налета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня пісьменьніка. Таксама неабходна распрацаваць плян мерапрыемстваў, прысьвечаных гэтаму юбілею, выдаць энцыкляпэдычны даведнік «Максім Гарэцкі», арганізаваць шэраг экскурсій па месцах, зьвязаных з жыцьцём пісьменьніка, выпусьціць да юбілейнай даты паштовую марку і капэрту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG