Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так ці інакш, гуманізм сёньня ў трэндзе.

Паўсюль кажуць пра сацыяльную адказнасьць бізнэсу, вялікі посьпех набывае часопіс «Імёны». Мы ўжо нібыта ў цэлым зьмірыліся з тым, што на дзяржаву разьлічваць ня варта, і сталі ўспрымаць краўдфандынг як абавязковую дэталь рэчаіснасьці. Мы хочам, каб усім вакол было добра, і ўвогуле марым пра мір ва ўсім сьвеце.

Але часам мы забываемся пра межы, няправільна выстаўляем прыярытэты, і нашымі найлепшымі намерамі выкладваецца тая самая дарога ў пекла.

Збольшага, філязофія нягвалту мне дужа адгукаецца, але ёсьць нюансы. І найбольш важны зь іх — гэта рызыка павярнуць гуманізм ня ў той напрамак і пераўтварыць яго ў псэўдагуманізм, які ў выніку будзе граць выключна адмоўную ролю для тых, каго мусіў першапачаткова абараняць. Так здараецца, калі мужчын, якія б’юць сваіх партнэрак і дзяцей, апраўдваюць тым, што ў іх (гэтых мужчын) было цяжкае дзяцінства, падлеткавая траўма, альбо бацькі дазвалялі ім гуляць у надта жорсткія гульні. Кажуць, нібыта ў іх фактычна не было выбару, і яны проста рэалізоўваюць прадвызначаны для іх жыцьцёвы сцэнар.

Апраўданьне агрэсараў — гэта не гуманізм, не вялікая міласьць і ня «больш глыбокі погляд на праблему». Гэта звычайнае адмаўленьне вельмі нязручнай рэальнасьці

Калі ў Менску была прэм’ера дакумэнтальнага спэктаклю «Сховішча», створанага з маналёгаў жанчын, якія перажылі хатні гвалт, у абмеркаваньні спэктакля адна з глядачак выказала ідэю, што агрэсараў таксама можна пашкадаваць, бо яны проста ня могуць інакш жыць. Жанчына выказвалася абсалютна шчыра, але гэта не зрабіла яе ідэю больш справядлівай і дакладна не зрабіла яе дарэчнай на такім мерапрыемстве.

Апраўданьне агрэсараў — гэта не гуманізм, не вялікая міласьць і ня «больш глыбокі погляд на праблему». Гэта звычайнае адмаўленьне вельмі нязручнай рэальнасьці, у якой не працуюць законы сусьветнай справядлівасьці, і мужы б’юць жонак проста таму, што могуць. Безумоўна, нам значна прасьцей жылося б у зразумелым і прадказальным сьвеце, дзе за кепскі ўчынак абавязкова будзе ўраўнаважанае пакараньне, а ўсё дабро, зробленае чалавекам, абавязкова вернецца. Але гэта так не працуе.

Чалавек б’е таму, што дазваляе сабе біць. Што прадказальна, зьдзекуюцца гэтыя «глыбока няшчасныя людзі са складаным мінулым» толькі з тых, хто ад іх пэўным чынам залежыць. Яны б’юць тых, хто, на іх думку, ня зможа абараніцца. Яны не кідаюцца на ўчастковага міліцыянта, свайго кіраўніка ці хамаватага суседа ростам пад 2 мэтры і вагой каля 140 кіляграмаў. Затое душаць і б’юць галавой аб сьцяну жонку, якая зараз у дэкрэце і ня мае дастатковага ўласнага прыбытку.

Чалавек б’е таму, што дазваляе сабе біць

Існуюць паняцьці афэкту і непадкантрольных прыступаў агрэсіі. І толькі калі агрэсар у момант нападу знаходзіўся ў адным з гэтых станаў, яго паводзіны можна ў пэўнай ступені патлумачыць, але зноўку з агаворкамі. Бо афэкт — гэта рэч рэдкая, непрадказальная і ня мае нічога агульнага з сыстэматычным хатнім гвалтам, а непадкантрольную агрэсію трэба лекаваць, а не апраўдваць ёй чацьвёртае зьбіцьцё жонкі за месяц.

У нас шмат у каго было цяжкае дзяцінства. Бацькоўская агрэсія, зьдзекі з боку аднагодак, жорсткія школьныя настаўніцы і рознае іншае. Але ня ўсе з нас становяцца злачынцамі, і гэта не пытаньне таго, наколькі каму пашанцавала. Мы ўсе самі зрабілі гэты выбар: любіць і паважаць сваіх родных альбо зьдзекавацца зь іх.

Ключавое пытаньне, на якое адказвае псыхіятрычная экспэртыза злачынцы, — гэта «ці ўсьведамляў чалавек сутнасьць сваіх злачынных дзеяньняў, калі ўчыняў злачынства». І хай яго самога хоць сто разоў зьбівалі да гэтага! Калі ён усьведамляў, што зьбівае чалавека, і якія ў гэтага могуць быць наступствы, і гэта не была самаабарона, — значыцца, ён злачынца і мусіць быць за гэта пакараны. А той факт, што ягоная маці ставіла яго калісьці каленямі на грэчку, ніяк не можа апраўдаць яго самога.

Ня ўсе людзі — добрыя, і ня ўсе здарэньні — справядлівыя. Часам з намі адбываецца страшнае, і мы вырашаем «быць вышэй і прабачыць злачынцу» і нават можам пачаць шкадаваць яго, бо яму ж дужа цяжка быць не такім як усе. Але яму акурат някепска — ён атрымлівае ўладу і задавальненьне, як можа. Кепска будзе ягоным наступным ахвярам. Вось на каго варта скіраваць свае гуманістычныя памкненьні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG