Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс Беларусі ня мае пацьверджаньня парушэньня паветранай прасторы Літвы беларускім самалётам


Самалёт Ан-2, ілюстрацыйнае фота
Самалёт Ан-2, ілюстрацыйнае фота

Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі пакуль не атрымліваў афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт з цывільным самалётам АН-2 на мяжы зь Літвой.

Пра гэта агенцтву БелТА паведаміў кіраўнік дэпартамэнту Ўладзімер Косьцін.

«Мы чакаем афіцыйнай інфармацыі ад літоўскага боку наконт інцыдэнту з самалётам Ан-2, — адзначыў ён. — Цяпер ідзе зьверка дадзеных сродкаў аб’ектыўнага кантролю як зь беларускага, так і зь літоўскага боку. Як толькі зьявіцца афіцыйнае пацьверджаньне, будуць прынятыя пэўныя захады ў залежнасьці ад атрыманых дадзеных».

Хутчэй за ўсё, як мяркуе беларускі бок, паветранае судна выконвала палёт для маніторынгу палеткаў.

Напярэдадні агенцтва BNS паведаміла, што беларускі самалёт Ан-2 парушыў паветраную прастору Літвы. Міністэрства абароны Літвы канстатавала два выпадкі парушэньня дзяржаўнай мяжы ў сярэдзіне дня 21 чэрвеня у раёне населеных пунктаў Дубічай і Мустэйка. Парушэньне зафіксавана сродкамі назіраньня вайскова-паветраных сілаў і візуальна.

У сувязі з надзвычайным здарэньнем служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне. Як заявіла прэс-аташэ міністра замежных спраў Літвы Раса Якілайцене, у сувязі з інцыдэнтам будзе ўручаная нота Часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве.

Сёлета ў красавіку паветраную прастору Беларусі з боку Літвы парушыў лёгкі самалёт P46T, якім кіраваў грамадзянін Даніі. Самалёт падняўся зь Віленскага аэрапорту і праігнараваў прадугледжаны плянам палёту маршрут. У выніку самалёт на некалькі кілямэтраў заглыбіўся на тэрыторыю Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG