Як удакладняе Міністэрства абароны Літвы, самалёт некалькі хвілінаў знаходзіўся ў паветранай прасторы краіны ў сярэдзіне дня 21 чэрвеня. Парушэньне зафіксавана сродкамі назіраньня вайскова-паветраных сілаў і візуальна.
У сувязі з надзвычайным здарэньнем Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне.
Як заявіла прэс-аташэ міністра замежных спраў Літвы Раса Якілайцене, у сувязі з інцыдэнтам сёньня будзе ўручаная нота Часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве.
Паводле афіцэра па сувязях з грамадзкасьцю штабу ВПС Літвы Аўдруса Ашмонтаса, пра інцыдэнт быў інфармаваны кантынгент NATO, які ажыцьцяўляе місію паветранай паліцыі. Але паколькі парушэньне было кароткачасовым, мэтазгоднасьць паднімаць у паветра вайсковыя самалёты адпала. Спробы наладзіць сувязь зь беларускім Ан-2 былі безвыніковымі.
BNS нагадвае, што сёлета ў красавіку паветраную прастору Беларусі з боку Літвы парушыў лёгкі самалёт P46T, якім кіраваў грамадзянін Даніі. Самалёт падняўся зь Віленскага аэрапорту і праігнараваў прадугледжаны плянам палёту маршрут. У выніку самалёт на некалькі кілямэтраў заглыбіўся на тэрыторыю Беларусі.