Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў расстраляць двух «чорных рыэлтараў»


Фота абвінавачаных, якія раней публікаваў Сьледчы камітэт

Дзяржаўнае абвінавачаньне ў Магілёўскім абласным судзе запрасіла сьмяротнае пакараньне для двух фігурантаў «справы чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, перадае Tut.by. Для Тацяны Гершанковай запрасілі 24 гады турмы і 22 гады калёніі строгага рэжыму для Барыса Калесьнікава.

Прысуд маюць абвясьціць празь месяц, 21 ліпеня.

Беражнога і Гершанковых абвінавачваюць у забойстве, выкраданьні чалавека, махлярстве, разбоі, вымаганьні, крадзяжы або зьнішчэньні дакумэнтаў. Паводле сьледзтва, у 2009-2015 гадах абвінавачаныя пераконвалі ўласьнікаў кватэраў прадаць маёмасьць, а затым забівалі іх — знойдзена шэсьць пахаваньняў і тры ямы, меркавана, для наступных ахвяраў. Некаторых, як сьцьвярджаецца, закопвалі жыўцом.

Абвінавачаныя выступілі з апошнім словам у магілёўскім судзе 21 чэрвеня. Яны папрасілі прабачэньня ў сваякоў. Гершанкоў заявіў, што не забіваў ніводнага чалавека і прасіў зьвярнуць увагу на тое, што ў час працэсу падрабязна апісаў усе дзеяньні. Беражны прасіў не ўжываць да яго вышэйшую меру — казаў, кожны дзень просіць прабачэньня ў забітых. Гершанкова зьвярнула ўвагу на тое, што яна першая ў Беларусі жанчына, якой запрасілі 24 гады, хоць яна, як сьцьвярджае сама, нікога не забівала і забойствы не арганізоўвала.

Калесьнікаў назваў запрошаны тэрмін неадпаведны злачынству, на якое пайшоў, бо быў «спагадным» і дапамагаў злачынцам, бо ў яго «душа нараспашку» — ён прызнаўся ва ўкрывальніцтве і неданясеньні, таму прасіў даць яму мінімальны тэрмін 10 гадоў.

У 2017 годзе на момант публікацыі вядома пра выкананьне аднаго сьмяротнага прысуду, яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў камэры сьмяротнікаў. За 2016 год былі вынесеныя 4 сьмяротныя прысуды. Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, якая карае сьмерцю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG