Сьледчы камітэт Расеі паведаміў аб вынясеньні прысудаў тром фігурантам крымінальнай справы, зьвязанай з нэанацысцкай групоўкай Misanthropic Division.
Грамадзянаў Расеі Віталя Царука, Віктара Пехцерава і Кірыла Халепу прызналі вінаватымі ў дзевяці злачынствах экстрэмісцкага і тэрарыстычнага напрамку. Прысудзілі адпаведна Царуку 3 гады 2 месяцы і Пехцераву — 3 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, Халепу — 3 гады калёніі-пасяленьня.
Свастыка, янот, лімонка, зялёнка: расейскія радыкальныя рухі, якія адзначыліся ў Беларусі
Паводле расейскіх сьледчых, у кастрычніку 2013 году грамадзянін Беларусі Дзьмітры Паўлаў, «прытрымліваючыся расісцкіх і нэанацысцкіх поглядаў», стварыў у сацсетках супольнасьць Misanthropic Division, дзейнасьць якой «была накіраваная на прыніжэньне прадстаўнікоў каўкаскіх і азіяцкіх нацыянальных групаў, распальваньне нянавісьці і варожасьці ў дачыненьні да габрэяў, экватарыяльнай расавай групы, рэлігійнай групы мусульман, прапаганду ідэалёгіі нацызму, расізму, апраўданьне экстрэмісцкай, тэрарыстычнай дзейнасьці».
Раней паведамлялася, што ячэйкі групоўкі нібы існуюць у 19 дзяржавах, у ліку якіх ня толькі Расея, Беларусь і Ўкраіна, але і Нямеччына, Францыя, Польшча і Вялікая Брытанія.
Самога Паўлава не затрымалі — расейскі бок мяркуе, што ён жыве ў Нямеччыне.
Паводле зьвестак, якія сабрала Свабода, цяжка сказаць, чым насамрэч займалася беларуская ячэйка Misanthropic Division і ці існавала яна наогул, а таксама якую ролю ў арганізацыі меў Паўлаў. Той жыў у Менску, працаваў праграмістам у IT-кампаніі EPAM, ажаніўся ва Ўкраіне і зьехаў у Нямеччыну. Расейскі бок заяўляў пра намер накіраваць запыт у Нямеччыну на экстрадыцыю Паўлава, аднак рэальных крокаў зроблена не было. Акрамя гэтага інцыдэнту, відавочных сьлядоў Misanthropic Division у Беларусі няма.