Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нас усіх запалохалі, або Як мы прыехалі і лёс паламалі


Алена Германовіч

Часам бываюць такія дзіркі ў галаве, часе, краіне і Галяктыцы, калі і працаваць мусіш, і нічога не адбываецца. No pasa nada. Можна напісаць нешта такое спакойнае, нэўтральнае, ніякае, каб не пакінуць галоднай прагную да літарак, складзеных у словы і сказы, Чорную Дзірку. Бо калі ты яе пакінеш галоднай, дык яна накінецца на цябе, і зжарэ ўмомант.

мы зноў і зноў выпраўляліся ў гэты акіян абыякавасьці

Так сонным летнім днём мы глядзелі пустымі вачамі на такую ж вясковую вуліцу, і нам у галовы прыйшла цудоўная ідэя напісаць пра адзіную ў той вёсцы выпускніцу. Як гэта — га? Хадзіць адной у школу, вучыцца, здаваць іспыты? Цікава ж. Паколькі дзяўчынка непаўналетняя, і каб не парушыць нешта ў вясковым фэншуі, гэтым мікрасьвеце, пайшлі спачатку да яе маці, якая працавала ў краме: «Мы хочам з вашай Марынай пагутарыць!». А для чаго, навошта, чаму менавіта зь ёй, а што будзеце пытацца ў яе, а раптам што, а мяне потым з працы звольняць, а не чапайце вы дзіця, ёй яшчэ жыць — такія атрымалі адказы ад маці. Але неяк угаварылі, абяцалі, што будзем абачлівымі, і нічога такога, жыць будзе. Дзяўчына трапілася надзіва млявая. Куды марыш паступаць? — Ня ведаю. Як вучысься? — Ай, так, ня вельмі. Ці можа табе не хапае аднаклясьнікаў? — Ат, мне абыякава. Чым займаесься, што любіш рабіць? — Нічога. Мы адчайна і адважна біліся над ёй, як першаадкрывальнікі новых зямель, спрабуючы прыстаць хоць да якога берагу, хоць нейкія праявы жыцьця там знайсьці, ня кажучы пра карысныя выкапні — хоць якіх карэньчыкаў на ежу ў галодны дзень. На сваіх чаўнах мы зноў і зноў выпраўляліся ў гэты акіян абыякавасьці, закідвалі нераты — зьлева, справа, глыбей і далей. Нуль. Але зямля была мёртвай — нейкія буры і ліхалецьці пабылі тут да нас і разбурылі, зьнесьлі ў акіян моцныя вятры ўсю глебу, увесь чарназём, на якой магло нешта прарасьці. Акіян не хацеў нам даваць ні рыбы, ні рознакаляровых каменьчыкаў. Адна мэдуза трапілася, і тая не ўяўляла цікавасьці для натуралістаў, бо даўно дасьледаваны від.

Мы гублялі імпэт, перасыпаючы праз растапыраныя пальцы пясочак, спрабуючы заўважыць калі ня золата, ня пэрліну, то хоць маленькі, малюпасенькі бурштын. Нічога. «Ай, ня ведаю, не хачу, як Бог дасьць, так і будзе». Вырашылі хоць здымак зрабіць, так бы мовіць: «Фотафакт», бяз тэксту. Таму папрасілі дзяўчынку прайсьці з намі ў школу, і там сесьці за парту, зрабіць задуменны выгляд і ўтаропіцца ў шыбу, нібыта там, за ёй — шырокія гарызонты, вялікія магчымасьці і наогул.

пачалі ад прыбіральшчыцы

У школе, хоць і была субота, жыцьцё кіпела, згодна з плянамі аддзелу адукацыі: там гулялі ў настольны тэніс, там — у футбол, там — у кампутарныя гульні, а ў актавай залі ішла дыскатэка. Каб атрымаць дазвол на здымак небаракі-выпускніцы, мы прайшлі ўсю герархічную лесьвіцу вясковай школы: пачалі ад прыбіральшчыцы, скончыць павінны былі абласным аддзелам адукацыі, але недзе адна прыступка зламалася, і нам завуч ці пэдагог-арганізатар даў дабро зайсьці на хвілінку ў пустую клясу. За адну сэкунду мы шчоўкнулі дзяўчынку, паказалі здымак ёй, прыбіральшчыцы, настаўніцы матэматыкі, кляснай, пэдагогу-арганізатару, завучу і абяцалі ўзгадніць яго з раённым і абласным аддзелам адукацыі. І пайшлі «стомленыя, але шчасьлівыя» да сваякоў, дапамагаць клеіць ім шпалеры.

…Вечарам сваякам патэлефанаваў дырэктар школы. Ён быў у ад’езьдзе, а вярнуўся дахаты — і тут такое! Праблема, што ён жыве ў суседняй вёсцы, а так бы прыйшоў сам асабіста паглядзець на гэтых нягоднікаў, на нас. Ён казаў сваячцы, што «будзе скандал», што ўсіх звольняць з працы, а ў яго дзеці, у дзяцей — унукі, ва ўнукаў — каты і сабакі. І ўсе хочуць есьці. Нам гэта даўно абрыдла, мы абяцалі сваячцы, і яна абяцала дырэктару, што мы тут жа, імгненна, яна сьведка, выдалім здымкі, і нічога нідзе ня будзем друкаваць. Здавалася, «інцыдэнт вычарпаны», аж не. У дзьверы нешта пашкрабаў, і ў хату ўвайшлі, як цень, дзьве настаўніцы, адна, здаецца, клясная той дзяўчынкі, другая як «прадстаўнік адміністрацыі школы». Яны пачалі нешта гаварыць — і ня здолелі. Бо пачалі ўсхліпваць, і… крэшчэнда, крэшчэнда! — ціхія ўсхліпы перайшлі ў галашэньне. Што здарылася? Што здарылася тут, дзе ніколі нічога не здараецца, апроч натуральных сьмерцяў? «Вы… Мы… Вы… Мы… Вы прыехалі і паехалі, а нам тут жыць!», — заявілі яны скрозь сьлёзы. Ім тут жыць, нам там… Як пісаў Генры Мілер: «Вы яшчэ не вырашылі пытаньне з існаваньнем Бога, а ўжо хочаце есьці!».

тыя ня верылі і стаялі ля парогу, і плакалі, як бабры

Мы склалі рукі, нібыта ў малітве, і сказалі, што абяцаем, што ня будзем ні пісаць — бо і не зьбіраліся, ні зьмяшчаць здымак той школьніцы ні ў газэце, ні ў інтэрнэце. Але тыя ня верылі і стаялі ля парогу, і плакалі, як бабры: «А раптам вы зараз кажаце так, а потым перадумаеце?». Мы хацелі пабегчы ў пакой, схапіць ці Біблію, ці Канстытуцыю, і клясьціся кнігамі, але не маглі, бо клясьціся нам якраз Біблія і забараніла, а Канстытуцыя — не забараніла, але ў нас яе няма.

Ледзь вывелі іх пад рукі з хаты. Абрыдлі ўжо сваім плачам адвечным па старонцы, якая ніколі ня зьявіцца ў газэце. На разьвітаньне яны сказалі з дакорам: «Вось вы прыехалі — і нам увесь лёс паламалі!». Сваячка, якая сядзела задуменна на канапе і са зьдзіўленьнем назірала за гэтай мітусьнёй, паўтарыла рэхам: «Вы ім увесь лёс паламалі… Ат, такі там і лёс…». Сама яна — былая вясковая настаўніца.

наогул нічога не трэба пісаць

…Але майму калегу гэтага было мала. І праз пэўны час ён зноў набраўся мужнасьці і паехаў у вёску, толькі іншую, пісаць пра «жыцьцё школы». Назаўтра, натуральна, пачаўся неверагодны вэрхал. Яму тэлефанавалі настаўнікі, бацькі, адміністрацыя школы, з аддзелу адукацыі, і жук, і жаба. Не пішыце тое, не пішыце іншае, а раптам хто што нешта падумае, а раптам некаму не спадабаецца. Галоўны прынцып сучасных узаемаадносінаў са СМІ сфармуляваў старшыня сельсавету: «Наогул нічога не трэба пісаць, ні добрага, ні дрэннага. Бо мала ці хто што не так пачытае ці падумае!».

ці можна ім піць гарбату і каву?

…У цягніку здымалі праваднікоў, якія Новы год сустракаюць у дарозе. Прыйшла начальнік цягніку, папрасіла паказаць здымкі. Глядзела доўга. Прасіла выдаліць адзін, потым два, потым — некаторыя, потым — усе. «Вось тут яны бяз бэйджаў, а раптам убачыць кіраўніцтва. — Ну хай, зараз з бэйджамі зробім здымак! — А вось тут яны за сталом, на стале — ежа… — Ну і што, гэта ж нармальна, не алькаголь жа? — А хто паверыць, што няма алькаголю, потым скажуць — мо пад сталом стаялі бутэлькі? — Ну давайце тады бязь ежы! — Ага, бязь ежы… Тады скажуць — нешта падазрона, што пусты стол, нічога няма. — Ну давайце паставім на стол гарбату ці каву! — А ці можна ім піць гарбату і каву? Можна, канечне, але чытачы ці начальства скажуць — а вось яны бясплатна, можа, п’юць каву ці гарбату, мала ці што! — Ну дык давайце іх на вуліцы паставім і зробім здымак, каля цягніка! — Ага, ім нельга стаяць разам каля цягніка, яны ж з розных вагонаў, і павінны стаяць кожны ля свайго вагону!».

…Напэўна, трэба напісаць нейкую мараль, але нічога не ідзе ў галаву.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG