Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі актывіст, які прапаў у сакавіку, знайшоўся ў СІЗА ў Бранску


Грамадзянскі актывіст з Масквы Дзяніс Бахолдзін, які ў 2014 годзе зьехаў ва Ўкраіну і з сакавіка сёлета не выходзіў на сувязь, знаходзіцца пад арыштам у сьледчым ізалятары ў Бранску. Пра гэта выданьні «ОВД-Инфо» паведаміла яго маці.

Паводле яе словаў, на сустрэчы 5 чэрвеня сын расказаў, што пасьля затрыманьня на 12 гадзін яго прыкавалі кайданкамі да батарэі, білі па нагах і галаве, патрабуючы прызнацца, што ён уваходзіць у рух «Правы сэктар». Потым яго павезьлі ў аддзяленьне Сьледчага камітэту ў кайданках і зь зімовай курткай на галаве. Па дарозе, як паведаміў актывіст, ён страціў прытомнасьць і ледзь не задыхнуўся.

36-гадовы Дзяніс Бахолдзін, які жыў у Кіеве з 2014 года, зьнік у сакавіку. Ён перастаў выходзіць на сувязь, яго старонка ў Фэйсбуку ня абнаўлялася. Нядаўна высьветлілася, што яго маці яшчэ 17 сакавіка атрымала афіцыйнае паведамленьне пра тое, што Бахолдзін быў затрыманы «пры спробе нелегальна перайсьці расейска-ўкраінскую мяжу». У канцы траўня супрацоўнікі ФСБ правялі ператрус у маскоўскай кватэры маці актывіста, быў канфіскаваны цьвёрды дыск яе кампутара. Па якіх артыкулах крымінальнага кодэксу абвінавачваецца Бахолдзін, пакуль невядома.

Дзяніс Бахолдзін прымаў удзел у антываенных пікетах і штомесячных акцыях у падтрымку палітвязьняў у Расеі. Яго неаднаразова затрымлівала паліцыя. Ён двойчы адбываў адміністрацыйнае пакараньне. Пасьля пераезду ў Кіеў ён удзельнічаў у пікетах салідарнасьці з расейскімі палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG