Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская гандбольная зборная шосты (!) раз запар прабілася на топ-турнір, на гэты раз на чэмпіянат Эўропы. Прабіліся, заняўшы першае месца ў сваёй групе, якую не назавеш лёгкай, бо і палякі, і румыны, і сэрбы толк у гандболе знаюць.

Ня так даўно на нарадзе аб развіцьці хакея Лукашэнка заявіў наступнае: «Пятая частка грошай ідзе на адзін від спорту. Аддачы ніякай! Ня будзе ніякіх грошай, пакуль не дасьцё нармальны прадукт. Будзе вынік — будзе заробак».

Новаабраны старшыня трэнэрскай рады беларускай фэдэрацыі хакея Міхаіл Захараў у інтэрвію разьвёў рукамі: «Мы проста ўпалі ў бездань. Сёньняшні стан хакея горшы, чым у 1998 годзе».

І, нарэшце, новаабраны старшыня хакейнае фэдэрацыі Сямён Шапіра: «Калі вы пачнеце паказваць грамадзтву, якія там заробкі, я ня думаю, што гэта трэба абмяркоўваць у грамадзтве і гэтак далей».

Чаму так адбываецца? Від спорту, куды ўкладаецца пятая частка грошай, заплянаваных на спорт, ня здолеў прадставіць краіну на Алімпіядзе.

Зборная іншага віду паказвае сыстэмны вынік. Выбіраецца зь бездані, фактычна намаганьнямі фэдэрацыі гэтага віду спорту і энтузіязмам трэнэраў і спэцыялістаў, але ў гандбол, насуперак заявам, дзяржава не сьпяшаецца з шалёнымі «хакейнымі» інвэстыцыямі.

Чэмпіянат Беларусі па гандболу зводзіцца да ўмоўнага супрацьстаяньня ў фінале дзьвюх каманд, менскага СКА і берасьцейскага БГК, з даволі прагназаваным вынікам на карысьць БГК, бо ў таго тытульны спонсар Газпром. Астатнія клюбы маюць капеечны бюджэт.

Журналісты сайта naviny.by далі адказ на пытаньне, ад якога ўхіліўся Шапіра, пра сярэдні заробак хакеістаў у беларускай экстралізе і менскага «Дынама» ў КХЛ.

Гандбольны менскі СКА празь невялікі клюбны бюджэт ня можа дазволіць сабе ўтрымаць таленавітую моладзь, але тыя таленты там зьяўляюцца рэгулярна.

Цяпер загаварылі пра рэформу экстралігі й зьяўленьне новых хакейных камандаў у Воршы, Баранавічах, Бабруйску і г.д.

Здаецца, уся тая ж пятая частка спартовага бюджэту будзе пераразьмяркоўвацца, але ўсё роўна пойдзе на хакей. Такі прынцып жыцьця айчыннага спорту. Любаму ўсё, нялюбаму рэшткі.

Усе астатнія словы – пра «будуць вынікі – будуць грошы» – датычаць, відаць, адно хакею. Словы на вецер.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG