Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп выказаў спачуваньні сям’і амэрыканскага студэнта, які памёр пасьля турмы ў КДНР


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Амэрыканец Ота Вормб’ер памёр 19 чэрвеня пасьля таго, як яго вярнулі са зьняволеньня ў КНДР у стане комы. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў заяву, у якой выказаў спачуваньні ягоным родным і асудзіў рэжым КНДР:

«Мэланія і я выказваем свае глыбокія спачуваньні сям’і Ота Вормб’ера з нагоды яго заўчаснай сьмерці. Няма нічога больш трагічнага для бацькоў, чым страціць дзіця ў росквіце жыцьця. Нашы думкі і малітвы зь сям’ёй і сябрамі Ота, з усімі, хто яго любіў.

Лёс Ота паглыбляе рашучасьць маёй адміністрацыі не дапускаць такіх трагедый, калі нявінныя людзі трапляюць у рукі рэжымаў, што не шануюць вяршэнства закону і базавыя чалавечыя правы. Злучаныя Штаты чарговы раз асуджаюць жорсткасьць паўночнакарэйскага рэжыму ў той час, як мы аплакваем яго чарговую ахвяру».

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан жа ад імя Дзяржаўнага дэпартамэнту і ўраду ЗША выказаў спачуваньні сям’і Вормб’ера «ў горы, якое ніхто з бацькоў не павінен зьведаць»:

«Мы лічым Паўночную Карэю адказнай за несправядлівае зьняволеньне Ота Вормб’ера і патрабуем вызваленьня трох іншых амэрыканцаў, якія былі незаконна затрыманыя».

Вормб’ер летась езьдзіў у тур у Пхэньян на Новы год. У КНДР ён быў затрыманы, а затым асуджаны на 15 гадоў катаргі за нібыта крадзеж прапагандысцкага плякату на закрытай тэрыторыі гатэлю. Цягам году пра ягоны лёс не паведамлялася. 13 чэрвеня Вормб’ера вярнулі ў ЗША ў стане комы — выявілася, што ў такім стане ён правёў год. Паводле вэрсіі КНДР, ён захварэў на батулізм і ўпаў у кому пасьля прыёму простага снатворнага. Амэрыканскія лекары пасьля абсьледаваньня заявілі, што Вормб’ер перанёс цяжкую чэрапна-мазгавую траўму.

За кратамі ў КНДР застаюцца трое грамадзян ЗША: затрыманы больш за год таму 62-гадовы місіянэр Кім Дон Чхоль і затрыманыя ў красавіку і траўні супрацоўнікі Пхэньянскага ўнівэрсытэту навукі і тэхнікі Кім Санг Док і Кім Хак Сон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG