Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэйтынг небеларускамоўных»: 5 футбольных клюбаў, што ігнаруюць беларускую мову


Паводле апытаньня, 82% беларусаў лічаць, што асноўнай мовай беларускага футбольнага чэмпіянату павінна быць беларуская. Але ня ўсе футбольныя клюбы згодныя зь гэтым.

«Віцебск» займае 1-е месца сярод футбольных клюбаў беларускае Вышэйшае лігі, што ігнаруюць беларускую мову. Наогул, абодва клюбы, што прадстаўляюць Віцебскую вобласьць, зусім не выкарыстоўваюць беларускую мову — наваполацкі «Нафтан» заняў 2-е месца ў «Рэйтынгу небеларускамоўнасьці». Як сталася, што ў той час, калі Беларуская фэдэрацыя футболу стала на шлях упэўненай беларусізацыі, «Віцебск», а таксама «Нафтан», «Шахцёр», «Менск» і «Славія» беларускую мову амаль не выкарыстоўваюць, альбо не выкарыстоўваюць зусім?

Агульным для ўсіх пералічаных клюбаў зьяўляецца тое, што толькі яны сярод 16 клюбаў Вышэйшае лігі пішуць прозьвішчы сваіх гульцоў на футболках па-расейску, у той час як астатнія 11 каманд робяць гэта на беларускай мове.

Парадаксальным зьяўляецца і той факт, што толькі ў 4 з 16 каманд клюбная эмблема беларускамоўная, але дзьве зь гэтых чатырох патрапілі ў Рэйтынг небеларускамоўных футбольных клюбаў — далей за выкананьне эмблемы па-беларуску выкарыстаньне беларускае мовы ў «Менску» й «Славіі» амаль не пайшло.

А зараз паглядзім на кожны з клюбаў больш падрабязна.

5 месца — ФК «Славія», Мазыр, Гомельская вобласьць


У мазырскага клюбу (у Сэзоне-2016 заняў 10 месца, зараз ідзе на 14-м) было найбольш шанцаў патрапіць у «Вышэйшую лігу беларускамоўнасьці» й быць на ўзроўні «Нёмана» ці «Крумкачоў» — аб гэтым кажа і ліст 2014 году, падпісаны тагачасным яго дырэктарам А.Р. Васільцом:

«ФК „Славія“ разумее важнасьць выкарыстаньня беларускае мовы на як мага шырэйшай прасторы сваіх дзеяньняў. Адной з галоўных мэтаў зьяўляецца фармаваньне патрыятызму, паколькі футбол зьяўляецца тым, што можа аб’ядноўваць людзей і даваць ім ня толькі магчымасьць добра бавіць час, але й нагоду ганарыцца сваёй Радзімай.

Відавочна, што на сёньняшні момант беларуская мова недастаткова шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённай дзейнасьці і мерапрыемствах беларускіх спартовых клюбаў. Мы вельмі спадзяемся, што ў недалёкай будучыні ўсе змогуць пачуць беларускую мову на стадыёне „Юнацтва“ ад нашага дыктара, а таксама больш цікавых беларускамоўных музычных кампазыцыяў перад гульнямі й падчас перапынкаў. У той жа час „Славія“ працуе над выданьнем друкаванай прадукцыі й клюбнай атрыбутыкі, у якой таксама будзе прысутнічаць беларуская мова.

Што датычыцца надпісаў на футболках, то варта адзначыць, што ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, у якой зараз выступае наш клюб (у Сэзоне-2014 клюб яшчэ ня быў у Вышэйшай лізе — І.С.), наяўнасьць прозьвішчаў гульцоў на футболках не зьяўляецца абавязковай. Калі нам спатрэбіцца надрукаваць прозьвішчы на футболках гульцоў, мы абавязкова разгледзім магчымасьць зрабіць гэта на беларускай мове.

Мы надаём вялікую важнасьць стварэньню беларускамоўнага кантэнту ў глябальным сеціве: як тэкставага, так і мультымэдыйнага. Мы абавязкова робім пераклад тэкстаў прэс-канфэрэнцый, перад- і пасьляматчавых інтэрвію на беларускую мову.»

На жаль, усе гэтыя цудоўныя пляны альбо былі рэалізаваны ня цалкам, альбо рэалізоўваліся толькі невялікі прамежак часу, альбо не рэалізоўваліся наогул.


На сёньняшні дзень эмблема клюбу стала сапраўды беларускамоўнай, але гэтым усё ў цэлым і абмяжоўваецца. Клюб вярнуўся ў Вышэйшую лігу яшчэ ў 2015 годзе, але прозьвішчы сваіх гульцоў пачаў пісаць і піша па сёньня па-расейску, хоць і было абяцаньне рабіць гэта па-беларуску.


Клюб мае яшчэ рэдкую для беларускага футболу беларускамоўную вэрсію сайту, але яна ўжо не абнаўляецца — вядзецца толькі расейскамоўная старонка. А ў чарговых адказах клюб як і колькі год таму абяцае, што «будзе спрабаваць у паўсядзённым жыцьці й працы больш выкарыстоўваць беларускую мову.»


Будзем спадзявацца, што «Славія» сапраўды, ужо ў наступным годзе, альбо нават у гэтым, далучыцца да кола клюбаў, што шырока ўжываюць беларускую мову — адчуваецца, што яго сёньняшняе знаходжаньне ў «Рэйтынгу небеларускамоўнасьці» — прыкрая недарэчнасьць, якую трэба хутчэй выпраўляць. Аб гэтым кажа й тое, што паводле апытанкі сярод заўзятараў «Які футбольны клюб Беларусі самы беларускамоўны ў 2014 годзе?» «Славія» атрымала 3-е месца сярод усіх камандаў краіны.

4 месца — ФК «Менск»


Пра «Менск» (у Сэзоне-2016 заняў 4 месца, цяпер ідзе на 13-м) было шмат сказана ў аглядзе футбольных клюбаў Менску. Беларускай мовы ў ім надзвычай мала для клюбу, што носіць імя сталіцы Беларусі — толькі эмблема й афішы да гульняў выкананы па-беларуску. Таксама плянуецца распрацоўка беларускамоўнай вэрсіі афіцыйнага сайту.



3 месца — ФК «Шахцёр», Салігорск, Менская вобласьць


«Шахцёр» у мінулым годзе заняў 2 месца ў Вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату (зараз ідзе на 1-м) і пра яго падрабязна распавядалася ў адмысловым аглядзе ўсіх Пераможцаў-2016.

Толькі гімн клюбу беларускамоўны — ўсё астатняе па-расейску.


Да апошняга часу нават блянк для афіцыйнага ліставаньня ў парушэньне заканадаўства быў выкананы не ў беларуска-расейскамоўным выглядзе, а ў расейска-англамоўным.

Кіраўнік справамі Менскага аблвыканкаму У.А. Гурыновіч паведаміў, што «Шахцёру» «настойліва рэкамэндавана ў мэтах выкананьня патрабаваньняў пункта 30 Інструкцыі па справаводзтве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, дзеля выкарыстаньня ў межах Беларусі вырабіць блянкі арганізацыі на расейскае і беларускае мовах».

«Настойлівая рэкамэндацыя» Менскага аблвыканкаму была выкананая, але ў беларускамоўнай частцы блянку назва клюбу чамусьці напісаная з маленькай літары.


Будзем спадзявацца, што беларускае мовы ў лідэра беларускага чэмпіянату стане болей. Тым больш, што беларуская мова й беларуская нацыянальная сымболіка запатрабаваная і самімі фанатамі й заўзятарамі «Шахцёра» — каб спраўдзіць гэта, дастаткова наведаць стадыён калі гуляе салігорскі клюб.



2 месца — ФК «Нафтан», Наваполацк, Віцебская вобласьць

«Нафтан» (у Сэзоне-2016 заняў 13 месца) пачынаючы ад 2014 году дасылае адзін і той жа адказ, папісаны старшынём клюбу Л.Д. Падліпскім, на прапановы па пашырэньню ўжываньня беларускае мовы, зьмест якіх зводзіцца да наступнага: «прапановы ўважліва вывучаныя, і мы разумеем, што гэтае пытаньне неабходна ў далейшым разгледзець для яго практычнага прымяненьня».

4 гады ўжо прапановы разглядаюцца, а беларускае мовы ў клюбе як не было, так і няма.

Традыцыйная на працягу ўсяго часу перапіскі з клюбам і другая частка адказу: «улічваючы той факт, што каштарыс выдаткаў клюбу на год зьвярстаны з дэфіцытам, знайсьці дадатковае фінансаваньне для рэалізацыі прапановаў не ўяўляецца магчымым».

Цікава, што перашкаджала клюбу, пачынаючы ад 2014 году, унесьці ў каштарыс, напрыклад, пункт, дзе было б пазначана, што футболкі на наступны сэзон будуць з надпісамі прозьвішчаў гульцоў па-беларуску? Адказ відавочны — клюб прынцыпова выкарыстоўвае расейскую мову й ня хоча выкарыстоўваць мову беларускую нават мінімальна.


Да таго ж «Нафтан» ігнараваў артыкул 18 закону аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў«, паводле якіх адказ на зварот даецца на мове звароту й даваў адказы на беларускамоўныя звароты па-расейску. Пакуль не было накладзена дысцыплінарнае спагнаньне на асобу, што была адказная за вядзеньне справаводзтва ў клюбе, правы беларускамоўных працягвалі парушацца.

Таксама ў клюбе да апошняга часу парушаўся пункт 30 Інструкцыі па справаводзтве — афіцыйны блянк «Нафтану» быў толькі па-расейску. Наваполацкім гарвыканкамам было накіравана «пісьмовае указаньне аб неабходнасьці прывядзеньня формы блянка ліста, які выкарыстоўваецца ў дзейнасьці арганізацыі, у адпаведнасьці зь Інструкцыяй па справаводзтве», то бок дадаць яшчэ й беларускую мову.


Пасьля 12 тураў сёлетняга чэмпіянату Беларусі «Нафтан» знаходзіцца на апошнім, 16-м месцы маючы мінус адно набранае ачко. Клюб мае вялікія запазычанасьці перад гульцамі, праз фінансавыя праблемы можа зьняцца з чэмпіянату, а ўзгаданы дырэктар Падліпскі так апісвае сёньняшнюю сытуацыю ў камандзе: «Зьбіраю футбалістам ежу з усёй вобласьці. Хтосьці дасьць два мяхі бульбы, хтосьці мяшок морквы, хтосьці — цыбулі. Прабачце, але гэта ўжо крык душы! Уявіце, калі клюбу давядзецца прызнаць сябе банкрутам? Усе яго работнікі пойдуць на вуліцу. Куды ім пайсьці?»

1 месца — ФК «Віцебск»

«Віцебск» (у Сэзоне-2016 заняў 6 месца, цяпер ідзе на 7-м) абсалютна не выкарыстоўвае беларускую мову ў сваёй дзейнасьці, але, па першым часе спрабаваў аргумэнтаваць сваю пазыцыю надуманымі прычынамі. Вось, напрыклад, што адказаў па-расейску на мой беларускамоўны зварот у 2015 годзе яго дырэктар М.І. Вайцюхоўскі: «у сувязі з тым, што ФК «Віцебск займае апошняе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі і ўзьнікшымі праблемамі, паспрабуем вынесьці на разгляд вашы прапановы ў 2016 годзе.»

Як зьвязана апошняе месца клюбу ў чэмпіянаце і пашырэньне ўжываньня беларускае мовы, сказаць цяжка — відавочна, што гэта была толькі спроба даць адказ, не адказаўшы па сутнасьці на пытаньне. Так ці інакш, беларуская мова не зьявілася ў клюбе ні ў 2016, ні ў 2017 гадах.


Акрамя гэтага, «Віцебск» як і «Шахцёр» зь «Нафтанам», парушаў Інструкцыю па справаводзтве, ігнаруючы беларускую мову ў афіцыйным блянку. За гэта адказнай за вядзеньне справаводзтва ў клюбе А.С. Каўровай, па інфармацыі Віцебскага гарвыканкаму, было абвешчанае дысцыплінарнае спагнаньне. Сам блянк клюбу быў прыведзены ў адпаведнасьць з заканадаўствам і на ім нарэшце зьявілася беларуская мова.

Разам з тым сёлета клюб паведаміў, што поўнае ігнараваньне «Віцебскам» дзяржаўнае беларускае мовы — яго прынцыповая пазыцыя. У лісьце падпісаным дырэктарам М.І. Вайцюхоўскім, было паведамлена наступнае: «На сходзе работнікаў установы прынята рашэньне, як і раней, выкарыстоўваць расейскую мову ў рабоце клюбу».

Такім чынам, клюбы паўночнай Беларусі, «Віцебск» й «Нафтан» зьяўляюцца камандамі, што найбольш ігнаруюць беларускую мову, і такім чынам узначальваюць «Рэйтынг небеларускамоўнасьці футбольных клюбаў».

У бліжэйшых допісах мы пагаворым пра зусім іншыя клюбы Беларусі — тыя, для якіх беларуская мова зьяўляецца роднай і асноўнай у жыцьці каманды.

XS
SM
MD
LG