Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі гуляе 16 клюбаў тры зь іх прадстаўляюць сталіцу — гэта «Дынама-Менск», «Крумкачы» й «Менск».

Як прадстаўлена беларуская мова ў футбольных клюбах, што знаходзяцца ў сэрцы Беларусі, дзе амаль кожны тыдзень нараджаюцца новыя прабеларускія ініцыятывы, і адкуль беларуская мова пашыраецца на ўсю Беларусь?

На гэтае пытаньне часткова ўжо быў дадзены адказ, калі размова ішла пра пераможцаў беларускага футбольнага чэмпіянату. У тым тэксьце вялася гаворка пра «Дынама-Менск» (каманда заняла 3-е месца ў Сэзоне-2016). Клюб сапраўды даволі шырока выкарыстоўвае беларускую мову, мае самы лепшы сярод футбольных клюбаў афіцыйны сайт, дзе беларускай мове нададзена належная ўвага.

У дадатак можна прывесьці слушныя і па-сапраўдаму беларускія словы брамніка «Дынама-Менск», кандыдата ў Нацыянальную зборную Беларусі Андрэя Клімовіча з часопісу Беларускай фэдэрацыі футболу «Вялікі Футбол»:

«Я бачу сёньня шмат моладзі, якая цікавіцца беларускай мінуўшчынай й роднай мовай, да якой я таксама стаўлюся зь вялікай пашанай. Чытаю беларускамоўныя кнігі і слухаю беларускае радыё. Аднак ёсьць рэчы, якія я не разумею. Людзі ідуць у байках зь „Пагоняй“, годным нацыянальным сымбалем, на футбол, але іх не пускаюць. Гэта ж глупства. Дайце людзям магчымасьць самавыяўляцца».

Не забываюць менскія дынамаўцы і беларускіх музыкаў — на адным з матчаў перад гледачамі выступаў вакаліст гурту «Neuro Dubel», што мае і беларускамоўныя кампазыцыі, Аляксандар Кулінковіч, які нават сымбалічна быў залічаны ў склад каманды, атрымаўшы імянную дынамаўскую беларускамоўную футболку.

Таму, натуральна, што і дыктарскае суправаджэньне вядзецца на стадыёне «Трактар», дзе гуляюць менскія дынамаўцы, па-беларуску — гэта я на свае вушы спраўдзіў, наведаўшы гульню з футбольным «Гомелем».

Дарэчы, «Дынама-Менск» ня толькі шануе беларускую мову ў спорце, але й прасоўвае яе на спажывецкім рынку — фірмовае дынамаўскае марозіва усю суправаджальную інфармацыю мае па-беларуску. Ну а вытворцы марозіва становяцца ў адзін ганаровы шэраг зь іншымі беларускімі вытворцамі, што выкарыстоўваюць беларускую мову і паважаюць беларускамоўных спажыўцоў.

А зараз пяройдзем да астатніх, яшчэ не разгледжаных раней клюбаў Менску.

Футбольны клюб «Крумкачы»

Акрамя таго, што «Крумкачы» (у Сэзоне-2016 занялі 11 месца) зьяўляецца ўнікальнымі для беларускай Вышэйшай лігі, паколькі ёсьць адзінымі, каго можна назваць па-сапраўднаму прыватным клюбам, зусім не забываюць пра беларускую мову — да гэтага, вядома, абавязвае і беларуская назва.

Каманда, яшчэ калі гуляла ў Другой і Першай лігах, даволі добра выкарыстоўвала беларускую мову, а прабіўшыся ў Вышэйшую лігу, у якой гуляе ўжо другі сэзон, пачала выкарыстоўваць беларускую мову яшчэ больш.

Прычына паважлівага стаўленьня «Крумкачоў» простая і яе добра сфармуляваў спэцыяліст па працы з заўзятарамі клюбу Аляксей Важнік (фота 5, Случак і Важнік (справа): «Мы любім футбол, каманда ў нас беларуская, таму імкнёмся карыстацца беларускай мовай. Нашы заўзятары таксама любяць мову і культуру Беларусі, сочаць за трэндамі.»

Гэтыя словы клюб сапраўды рэалізуе на практыцы. Глядзіце самі. Прозвішчы гульцоў на іх гульнявой форме па-беларуску. Дарэчы, нават спонсараў сабе клюб стараецца шукаць такіх, у каго брэнд беларускамоўны, каб яны арганічна ўпісваліся ў беларускамоўную філязофію каманды.

У атрыбутыцы й сувэнірах, што вырабляе клюб для заўзятараў, беларуская мова таксама прадстаўлена.

Праграмкі, афішы і квіткі клюб робіць па-беларуску.

Па-беларуску адбываецца прэзэнтацыя каманды на таблё, дыктар «Крумкачоў» на стадыёне камэнтуе гульню па-беларуску, а на пасьлягульнявых прэс-канфэрэнцыях галоўных трэнэраў указальнікі зь іх імёнамі таксама беларускамоўныя:

Беларускі гурт «Re1ikt» напісаў для клюбу беларускамоўны афіцыйны гімн «Разам!» і яго неаднаразова можна пачуць на стадыёне ў дзень матчу, часам нават у жывым выканьні аўтараў гімну.

Добра прадстаўлена беларуская мова ў сацыяльных сетках клюбу — ў «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве» «Крумкачы» занялі 4-е месца з 16-ці каманд Вышэйшай лігі. Акрамя гэтага, у хуткім часе клюб будзе перарабляць свой афіцыйны сайт і на ім зьявіцца беларускамоўная вэрсія.

Акрамя таго клюб зьяўляецца адным з самых адкрытых для СМІ, блогер-фрэндлі клюбаў Беларусі — ўжо другі год запар ён акрэдытоўвае і мой блог «Мова Спартова». Клюбныя акрэдытацыі, натуральна, зроблены па-беларуску.

Без сумневу, можна казаць, што «Крумкачы» — самы беларускамоўны менскі футбольны клюб Вышэйшай лігі.

ФК «Менск»

Зусім дрэнна зь беларускай мовай выглядаюць справы ў трэцяга сталічнага клюбу — ФК «Менск» (у Сэзоне-2016 заняў 4 месца). Нягледзячы на тое, што «Менск» зьяўляецца адным з 4-х клюбаў Вышэйшай лігі, што маюць беларускамоўную эмблему, ён уваходзіць у тыя 5 клюбаў, што яшчэ выкарыстоўваюць пры напісаньні на форме прозьвішчаў сваіх гульцоў расейскую мову (11 з 16 клюбаў пішуць прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску). Парадаксальна, але акрамя эмблемы клюб беларускую мову зусім не выкарыстоўвае. Ва ўзгаданым «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве» клюб патрапіў у разьдзел «Поўныя нулі» — беларуская мова ў сацсетках «Менску» не выкарыстоўваецца.

Цікава, што «Крумкачы», якія вельмі шырока ўжываюць беларускую мову, гуляюць на стадыёне «Менску», бо сваёй пляцоўкі ня маюць. Гэта паказвае, што неўжываньне беларускай мовы «Менскам» — яго ці не прынцыповая пазыцыя, карані якой цяжка зразумець. Улічваючы тое, што згаданы у аглядзе «Дынама-Менск» беларус-патрыёт Андрэй Клімовіч раней выступаў і за гэту каманду.

Калі ў 2014 годзе клюб паведамляў, што «на сёньняшні момант Асацыяцыя „Беларуская фэдэрацыя футболу“ пры арганізацыі й правядзеньні чэмпіянату па футболе выкарыстоўвае расейскую мову. І ў нашым клюбе працоўнай мовай зьяўляецца расейская», і з гэтым тады яшчэ хоць неяк можна было пагадзіцца, то зараз, улічваючы, што АБФФ перайшла на шырокае выкарыстаньне беларускай мовы як асноўнай мовы чэмпіянату, цяжка зразумець, чаму «Менск» працягвае яе ігнараваць.

У 2016 годзе клюб паведамляў, што «афішы да гульняў чэмпіянату краіны будуць друкавацца на беларускае мове», але насамрэч яны друкаваліся па-расейску.

Разам з тым, у гэтым годзе, як сьведчыць адказ клюбу, «плянуецца распрацоўка новага сайту клюбу, на якім будзе й беларускамоўная вэрсія».

Будзем спадзявацца, што адзначанае ў лісьце спраўдзіцца, беларускай мовы ў клюбу стане болей, а не паўторыцца сытуацыя з афішамі.

Так ці інакш, але «Менску» неабходна як мага хутчэй пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ў сваім спартовым жыцьці, бо гэта ня толькі натуральна для беларускай каманды, што прадстаўляе і носіць імя сталіцы Беларусі, але і па той простай прычыне, што ў сучасным беларускім футболе выкарыстаньне беларускай мовы — правіла добрага густу і гэта запатрабавана заўзятарамі, дзеля якіх у футбол і гуляюць.

Вядома, агляд менскіх клюбаў ня будзе поўным без «Тарпэда-Менск», самага беларускамоўнага футбольнага клюбу Беларусі, але ён яшчэ пакуль гуляе ў Першай лізе, ды й наагул заслугоўвае асобнага тэксту, бо клюб сапраўды легендарны з усіх бакоў. Пра што і пагаворым у адным з наступных допісаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG