Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Ўльяны Захаранкі разгледзіць Камітэт па правах чалавека ААН


Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка

Кіраўнік аддзелу пэтыцый Камітэту па правах чалавека ААН Ібрагім Салама паведаміў, што скарга Ўльяны Захаранкі аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым прынятая да разгляду.

Кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская сказала, што 94-гадовая маці былога міністра ўнутраных спраў Ульяна Захаранка дагэтуль нічога ня ведае пра лёс свайго сына, які быў выкрадзены 18 гадоў таму.

«Яна не атрымала ніводнай капейкі ад дзяржавы з нагоды страты кармільца, яна ня можа зрабіць ніякіх натарыяльных дзеяньняў, каб прыняць ці пакінуць у спадчыну маёмасьць сына. У яе дзьве ўнучкі і двое праўнукаў. Усе яны залежаць ад адной паперкі — афіцыйнага прызнаньня Юрыя Захаранкі памерлым», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Беларускае правасудзьдзе двойчы адмовілася прызнаць Юрыя Захаранку памерлым. У 2002 годзе, калі з такой просьбай зьвярталася жонка Вольга Захаранка, і ў жніўні 2016-га, калі зьвярталася маці. Тады Ўльяна Захаранка накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Раіса Міхайлоўская сказала, што ў сувязі са сталым узростам заяўніцы «мы будзем зноў прасіць экстранага разгляду скаргі».

Ульяна Захаранка адзначае ў скарзе, што парушана яе права на справядлівы судовы разбор.

Яна просіць Камітэт паўплываць на тое, каб справа аб прызнаньні памерлым Юрыя Захаранкі была разгледжана неадкладна і каб ёй была выплачана належная кампэнсацыя.

У сакавіку 2017 году Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў скаргу Ўльяны Захаранкі на беларускія ўлады, пададзеную ў 2014 годзе. Маці зьніклага апазыцыянэра даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расьсьледаваньне справы яе сына, у тым ліку не інфармуюць пра захады, каб знайсьці тых, хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону.

Лёс Юрыя Захаранкі дагэтуль невядомы, але шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што зь ім паквіталіся беларускія ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG