Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БСБ Банк» прыдумаў «элегантнае рашэньне»: фізычных асобаў перавядуць у «БНБ-Банк»


Пасьля таго, як Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў «БСБ Банку» на шэраг апэрацыяў, банк мае спыніць абслугоўваньне фізычных асобаў. Але банк знайшоў выйсьце: фізычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам прапануюць перайсьці паводле спрошчанай працэдуры ў «Беларускі народны банк».

Паводле прэс-службы БСБ, з партнэрам вызначыліся пасьля ўважлівага выбару, знайшлі такога, у якога кліенты атрымаюць аналягічныя ўмовы пры камфортным абслугоўваньні. У сытуацыі, што склалася, «удалося знайсьці элегантнае і зручнае рашэньне», сьцьвярджае прэс-служба.

Пераафармляць дамову не спатрэбіцца — толькі аформіць заяўку на перавод рахунку (фізычным асобам праз SMS, юрыдычным праз інтэрнэт-банк ці сыстэму кліент-банк). У БНБ кліентам БСБ выдадуць новыя плацежныя карты, грошы зь якіх можна будзе здымаць у банкаматах і БНБ, і БСБ. Далей плянуецца аб’яднаць банкаматныя сеткі банкаў.

У БНБ кліентам абяцаюць дадатковыя сэрвісы, у тым ліку овэрдрафтнае крэдытаваньне (калі аплата перавышае рэшту на рахунку, на суму перавышэньня выдаецца крэдыт), афармленьне картак з ільготным пэрыядам выплаты адсоткаў па крэдыце (грэйс-пэрыядам), бясплатнае павелічэньне ўзроўню карты і большую сетку банкаматаў.

Раней «Альфа-Банк» прапанаваў бясплатна памяняць карткі «БСБ Банку» на карткі вышэйшай клясы.

«БСБ Банк» як першая ластаўка беларускага банкаўскага крызісу

«БСБ Банк» працаваў у Менску ад 2002 году. Да 2014 году ён быў вядомы як «БелСвісБанк», але быў прымусова перайменаваны ў БСБ (паводле неафіцыйных зьвестак, праз скаргу швайцарскага боку, які сумнявацца ў «швайцарскасьці» банку). У 2015 годзе «БСБ Банк» быў названы Міністэрствам культуры «Мэцэнатам году» празь фінансаваньне культурных праектаў і спартовых мерапрыемстваў.

Таксама ў 2015 годзе былы супрацоўнік банку скраў больш за 750 тысяч даляраў у розных валютах, злачынцу не злавілі дагэтуль. Тады сьледчыя сьцьвярджалі, што банкам не былі прынятыя належныя захады ў забесьпячэньні захаваньня грашовых сродкаў.

Афіцыйная фармулёўка таго, за што ў «БСБ Банку» адабралі ліцэнзію на працу зь фізычнымі асобамі, размытая, выстаўляюцца розныя неафіцыйныя вэрсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG