Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БСБ Банк» як першая ластаўка беларускага банкаўскага крызісу


Чаму Нацбанк адклікаў ліцэнзію на працу з фізычнымі асобамі ў Белсвісбанку? У чым спэцыфіка гэтага банку? Ці можна лічыць крызыс Белсвісбанку прыкметай блізкага банкаўскага крызысу ў краіне?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Нацыянальны банк Беларусі з 26 чэрвеня адклікае ў ЗАТ «БСБ Банк» ліцэнзію на шэраг банкаўскіх апэрацыяй зь фізычнымі асобамі. Рашэньне прынята з улікам выяўленых падчас праверкі банку «парушэньняў і недахопаў у яго дзейнасьці». Пакуль, аднак, няма ніякіх дакладных паведамленьняў, што гэта за недахопы.

Экспэрты кажуць, што, магчыма, Беларусь стаіць на парозе пэўнага банкаўскага крызісу

«БСБ Банк» зьвярнуўся да кліентаў, каб тыя да 25 чэрвеня паздымалі грошы з усіх сваіх платных картак і рахункаў. Пасьля гэтай даты фізычныя асобы змогуць атрымаць свае сродкі ва ўпаўнаважаным банку. «БСБ Банк» дадаў, што працягвае ў поўным абʼёме працаваць зь юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Але праблемы ўжо ёсьць. Паведамляецца, што Белаграпрамбанк і БПС-Сбербанк ужо адключылі карткі БСБ ад сваіх сыстэмаў. То бок карткі гэтага банку ўжо не прымаюцца ў крамах, дзе стаяць сыстэмы гэтых банкаў.

Тым часам мэнэджмэнт БСБ запэўнівае, што банк быў і ёсьць ва ўстойлівым стане, які забясьпечвае ўсе інтарэсы ўкладчыкаў. Банк зь перавышэньнем выконвае ўсе асноўныя нарматывы бясьпечнага функцыянаваньня, устаноўленыя Нацбанкам Рэспублікі Беларусь.

Экспэрты кажуць, што, магчыма, Беларусь стаіць на парозе пэўнага банкаўскага крызісу. Статыстыка паказвае, што па многіх парамэтрах (напрыклад, праблемныя крэдыты) банкі падышлі да рызыкоўнай мяжы. Але адразу варта нагадаць, што ў Беларусі дзейнічае заканадаўства, паводле якога банкаўскія ўклады ў любых беларускіх банках гарантуюцца дзяржавай.

«Белсьвісбанк» — не зусім звычайны банк

Глод: «Белсьвісбанк» — не зусім звычайны банк. Я прагледзеў ягоную як бы біяграфію. І вось што там знайшоў. У Беларусі ён існуе з 2002 году. Ён на 100% замежны банк, паколькі заснавальнікі яго — тры швайцарскія акцыянэрныя таварыствы: Swiss Investment Century, Alpin Professional Investment і Profinvest Professional and Financial Investment. Ну, а вядома, швайцарская банкаўская сыстэма — гэта знак найвышэйшай ступені надзейнасьці. З 25 банкаў Беларусі гэты банк займае 17-е месца паводле памеру актываў. Летась па росту прыбыткаў за апошні год «Белсьвісбанк» наагул быў на трэцім месцы. І нічога, здаецца, не прадвяшчала, што ён апынецца ў такім складаным становішчы.

Больш за тое, банк карыстаўся ўвагай многіх людзей. Там звычайна трымалі добры курс для абмену валют, ягоныя офісы былі ў цэнтральнай частцы Менску, там абслугоўваліся многія прадпрымальнікі. Таму мне незразумела, чаму ў банку, калі верыць прэсаваму сакратару Нацыянальнага банку спадару Цімашэнку, амаль не засталося дэпазытных рахункаў фізычных асобаў.

Дарэчы, два гады таму, то бок у 2015 годзе, у Беларусі быў 31 банк. Цяпер засталося 25. За гэты час, напрыклад, спынілі сваю дзейнасьць «БІТ-Банк», «Дэльта-банк». А паглядзіце, што ў Расеі робіцца. Там банкі зьнікаюць зь яшчэ большай хуткасьцю.

Я ня думаю, што сытуацыя зь «Белсьвісбанкам» — адлюстраваньне агульнага крызісу беларускай банкаўскай сыстэмы. Хутчэй тут выпадае казаць пра пэўнае навядзеньне ў ёй парадку. І яно кладзецца ў рэчышча той фінансавай палітыкі, якую праводзіць кіраўніцтва Нацбанку.

І на заканчэньне пра адно цікавае супадзеньне. Пра сытуацыю ў «Белсьвісбанку» стала вядома ўчора. А напярэдадні прыйшло паведамленьне, што Нацыянальны банк усталяваў з 1 ліпеня нарматыў адлічэньняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых устаноў у фонд абавязковых рэзэрваў з 11 да 15% ад аб’ёму прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце. Гэта павінна павялічыць гарантыі ўкладчыкам, але адначасова павялічыць выдаткі банкаў па абслугоўваньні валютных дэпазытаў. Але банкі звычайна пераносяць дадатковыя выдаткі на ўкладчыкаў. А гэта прывядзе да далейшага зьніжэньня працэнтных ставак па валютных дэпазытах.

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу на некалькі момантаў. БСБ — маленькі банк, ён займае 17 месца па памеры актываў. Але, здаецца, ніводзін банк не займаўся ў Беларусі такой агрэсіўнай рэклямай, як гэты. Рэкляма ішла па тэлеканалах, на вулічных шыльдах.

некаторыя банкі банкруцяцца нават у пэрыяд росквіту эканомікі

Другое. Швайцарская амбасада ў Беларусі спрабавала дабіцца таго, каб назва «швайцарскі» была прыбраная з назвы банку. Бо, на думку амбасады, банк ня мае ніякага дачыненьня да Швайцарыі. Але намаганьні амбасады былі марныя. Бо хадзілі чуткі, што ў гэтага банку моцны «дах». Пры гэтым называлася прозьвішча Віктара Шэймана, якія займаў шэраг важных дзяржаўных пасадаў, быў блізкім да Лукашэнкі, цяпер ён кіраўнік спраў прэзыдэнта. Відаць, «дах» пацёк?

Трэцяе. Звычайна, калі Нацбанк выяўляе ў нейкім банку парушэньні ці бачыць небясьпеку для яго кліентаў, то можа рабіць розныя крокі. Пакуль рашэньне Нацбанку — сярэдняй жорсткасьці. Банк можа працягваць працу зь юрыдычнымі асобамі, але зь фізычнымі асобамі яму працаваць забаронена.

Цяжка рабіць з гэтага рашэньня высновы наконт банкаўскага крызісу. Бо некаторыя банкі банкруцяцца нават у пэрыяд росквіту эканомікі. Трэба пачакаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG