Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьмерць крымінальнага аўтарытэта, затрыманага ў Беларусі, зьвязаная з расстрэлам Майдану


Як сьмерць крымінальнага аўтарытэта, затрыманага ў Беларусі, зьвязаная з расстрэлам Майдану
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:43 0:00

Як сьмерць крымінальнага аўтарытэта, затрыманага ў Беларусі, зьвязаная з расстрэлам Майдану

У кіеўскім ізалятары часовага ўтрыманьня знойдзены павешаным крымінальны аўтарытэт Алег Нятрэбка, меркаваны арганізатар замаху на журналістку і цяперашнюю дэпутатку Вярхоўнай Рады Ўкраіны Тацяну Чарнавол, які быў зьдзейсьнены падчас Майдану ў сьнежні 2013 году.

Пра сьмерць паведаміў дэпутат Вярхоўнай Рады Віталь Купрый, што пазней пацьвердзілі ва ўкраінскім Міністэрстве юстыцыі і МУС. Пакуль не ўдакладняецца, што гэта было — самагубства, давядзеньне да самагубства або наўмыснае забойства. Алега Нятрэбку затрымалі ў студзені сёлета ў Беларусі, у траўні яго экстрадавалі ва Ўкраіну.

У сваім паведамленьні дэпутат Купрый называў загінулага Нятрэбку адным з ключавых сьведкаў ня толькі ў справе аб замаху на журналістку, але і ў справе аб злачынствах, учыненых сілавікамі на Майдане.

Сярод меркаваных заказчыкаў атакі на журналістку называліся на той момант міністар унутраных справаў Віталь Захарчанка, генэральны пракурор Віктар Пшонка і начальнік кіеўскай міліцыі Валерый Карак.

Ці мог Нятрэбка ведаць нешта важнае пра напад на Тацяну Чарнавол? Радыё Свабода ўзяло інтэрвію ў Анастасіі Станко, журналісткі ўкраінскага «Грамадзкага тэлебачаньня».

РС: Алег Нятрэбка, мяркуючы па яго крымінальным мінулым, чалавек, у якога магло быць вельмі шмат ворагаў?

Станко: Так, гэта крымінальны аўтарытэт, у яго крымінальнае мінулае, і ў яго магло быць вельмі шмат ворагаў. Але я растлумачу, чаму ён быў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Менавіта Генпракуратура прасіла, каб ён утрымліваўся не ў СІЗА Лук’янаўскае ў Кіеве, таму што ў Лук’янаўскім СІЗА цяпер вельмі шмат праблемаў з тым, каб чалавека ізаляваць, каб ён не перадаваў нейкую інфармацыю або яму не перадавалі ў СІЗА, ёсьць мабільныя тэлефоны, імі карыстаюцца, перадаюць розную інфармацыю і розныя рэчы. З-за гэтага, а таксама для яго бясьпекі яго папрасілі перавесьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня. То бок тут ужо я дапускаю, што ў пракуратуры былі нейкія важкія прычыны да таго, што з чалавекам можа нешта здарыцца, таму яго перавялі на гэты Касагорны завулак.

РС: Як ты думаеш, як цяпер адрэагавалі паліцыянты на тое, што здарылася? Ня ведаю, паніка ў іх, расьсьледаваньне?

Станко: Мы ведаем, што справа адкрытая за фактам таго, што чалавек пазбавіўся жыцьця. Але ці будзе гэта перакваліфікавана ў тое, што яго там забілі, пакуль што незразумела. Але я ведаю, што дэпартамэнт расьсьледаваньняў Генпракуратуры хоча гэтую справу патрабаваць, то бок расьсьледаваць сам, а не каб паліцыя займалася гэтай справай, таму што, як я ўжо казала, «вялікая справа Майдану» — гэта менавіта іх справа. Але я дапускаю і таксама ведаю, што і ў пракуратуры дапускаюць, што ён сапраўды мог расказаць пра арганізатараў гэтага замаху на жыцьцё Чарнавол, і, вядома, пракуратура таксама дапускае тое, што гэтыя арганізатары замаху на забойства Чарнавол — гэта тыя самыя людзі, што арганізоўвалі «цітушак» на Майдане, якія ня толькі білі, але і забівалі людзей.

РС: Гэта могуць быць супрацоўнікі паліцыі, ты лічыш, а тады міліцыі?

Станко: Супрацоўнікі тагачаснай міліцыі — так, вядома, гэта дакладна былі супрацоўнікі тагачаснай міліцыі. Але ці працуе частка гэтых людзей цяпер ва ўжо Нацыянальнай паліцыі, мне невядома.

РС: Што цяпер адбываецца з вялікім справай расследаванняў падзей на Майдане? Ты за гэтым проста сочыш вельмі ўважліва, таму пытанне табе, вядома.

Станко: Я б сказала, што самае непрыемнае для мяне асабіста, — тое, што нядаўна чацьвёра «бэркутаўцаў» змаглі ўцячы ў Расею, і тое, што ім, напрыклад, судзьдзя памяняў меру стрыманьня з арышту на хатні арышт. Таму што адзін з іх падазраецца ў забойстве людзей, гэта значыць ня проста ў зьбіванні або яшчэ ў чымсьці, а менавіта ў забойстве, і потым гэты чалавек, які падазраваўся ў забойстве… Потым была вельмі гучная наша справа, калі мы з апэратарам вярталіся з зоны баявых дзеяньняў, нас затрымалі менавіта гэтыя людзі на блёкпасьце каля Харкава і зьбілі майго апэратара. То бок, людзі, якія былі на Майдане, зьдзяйснялі злачынствы, потым нармальна сабе працавалі ў харкаўскай паліцыі…

РС: І працягвалі зьдзяйсьняць усялякія дзіўныя супрацьпраўныя дзеяньні…

Станко: Потым далей працягвалі працаваць, іх затрымалі толькі год таму. І чалавека, які не адно злачынства зьдзейсьніў, а некалькі, яго вырашылі адпусьціць пад хатні арышт, ведаючы, што ён ужо, быўшы раней пад хатнім арыштам, не зьяўляўся ў суд, то бок парушаў, яго ўсё роўна адпусьцілі, і ён выехаў сабе спакойна ў Расею…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG