Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як школа Васіля Быкава стала летнікам для моладзі


Другі год запар у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну ладзіцца моладзевы летнік. Хлопцы і дзяўчаты прыяжджаюць на малую радзіму Васіля Быкава, каб добраўпарадкаваць мясцовую адметнасьць — школу, дзе калісьці вучыўся пісьменьнік.

Будынак былой школы
Будынак былой школы

Такім чынам, апрача сядзібы-музэю Васіля Быкава ў Бычках наведнікам неўзабаве можна будзе паказваць яшчэ адзін аб’ект, зьвязаны з ушанаваньнем памяці славутага земляка. Зрэшты, гэты аб’ект ужо не выглядае закінутым і нецікавым.

На падворку
На падворку

Яшчэ летась актывісты выкупілі будынак, дзе некалі ў першай клясе вучыўся Васіль Быкаў. Удзельнікі леташняга летніку прыбралі ў хаце і на падворку. Таму сёлета моладзь зьехалася, каб дарабіць тое, што засталося. Але прыбіраньня засталося няшмат, і таму больш увагі можна будзе ўдзяліць адукацыі і кантактам, гаворыць адзін з арганізатараў летніку Кірыл Стаселька:

Кірыл Стаселька
Кірыл Стаселька

«Тут сабралася моладзь з усяе Беларусі, якая займаецца грамадзкай, культурніцкай дзейнасьцю. Летнік складаецца з трох частак: адна зь іх — адукацыйна-культурніцкая (да нас прыяжджаюць лектары, экспэрты, грамадзкія дзеячы), другая — гаспадарчая, валянтэрская (гэта прыбіраньне ў хаце і на падворку), трэцяя — адпачынак, зносіны».

У старой хаце — маладое жыцьцё
У старой хаце — маладое жыцьцё

Некаторыя ўдзельнікі прыяжджалі сюды і летась. А Марыся Каралькова прыехала ўпершыню. Яна з Горак, з Магілёўшчыны, і на радзіму Васіля Быкава трапіла першы раз:

Марыся Каралькова
Марыся Каралькова

«Тут вельмі прытульнае месца! Калі дабавіць трошкі камфорту, то будзе ўвогуле выдатна! Прырода тут прыгожая, а ўтульнасьць мы ствараем самі. Праўда, нам, дзяўчатам, шмат працаваць не даюць: хлопцы косяць траву, рыхтуюць дровы для вогнішча — усю цяжкую фізычную працу робяць яны. А мы прыбіраем, гатуем ежу. Прыемная праца ў такім таварыстве. А ўвогуле, я нават не ўяўляла, што так магла выглядаць школа: звычайная вясковая хатка».

«Кухня» ў летніку
«Кухня» ў летніку

Абед для валянтэраў
Абед для валянтэраў

Школу, дзе Васіль Быкаў некалі скончыў першую клясу, ён праз шмат гадоў апісаў у кнізе «Доўгая дарога дадому»:

«Школа ў вёсцы арганiзавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая i дасюль стаiць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мiкола. А тады гаспадары проста перасялiлiся ў трысьцен, а большы пакой аддалi пад школу. Там паставiлi два даўгiя сталы i сабралi чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты.

Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка зь вёскi Дарошкавiчы. Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, а мне толькi шэсьць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў зь iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца».

Спадарыня Антаніна
Спадарыня Антаніна

Калі школу ў Бычках закрылі, у драўляную хату засяліліся людзі, і будынак зьмяніў некалькі гаспадароў. Апошнімі тутэйшымі насельнікам была сям’я «братавай» Антаніны, швагеркі Васіля Быкава. Яна прыгадвае, як пісьменьнік дзяліўся сваімі дзіцячымі ўспамінамі:

«Хата гэтая будаваная яшчэ ці не да рэвалюцыі, там некалькі пакаленьняў жылі. Мы яе набылі 50 гадоў таму, Васіль трохі грашыма дапамог. Да вайны там была школа, і як ён першы раз прыйшоў да нас, дык нешта ходзіць- ходзіць, глядзіць-глядзіць... Я думала нават, што згубіў нешта на падлозе. А ён кажа: «Не, я гляджу, дзе мая парта стаяла! Там былі цьвікі ў падлозе».

У летнік прыехаў Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ
У летнік прыехаў Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ

Летнік, арганізаваны Цэнтрам рэгіянальнага разьвіцьця — грамадзкай арганізацыяй, якая спэцыялізуецца на сацыяльных і культурных праектах, — таксама можна лічыць «быкаўскай школай». Бо ўдзельнікі летніку штогод засвойваюць вельмі важныя рэчы — і веды, і навыкі супольнай працы.

Перад моладзьдзю выступае Антон Астаповіч, старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры»
Перад моладзьдзю выступае Антон Астаповіч, старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры»

Ад пачатку меркавалася, што будынак школы ў Бычках будзе перароблены ў грамадзка-культурны цэнтар. Але ўвасабленьне гэтай ідэі вымагае значных сродкаў, сабраць якія сёньня нялёгка. Таму школа Васіля Быкава зьяўляецца пакуль што летнім грамадзкім цэнтрам. Сёлета, як і летась, удзельнікі летніку стануць удзельнікамі імпрэзаў да дня народзінаў Васіля Быкава — цырымоніі ўручэньня прэміі «За свабоду думкі», якая адбудзецца ў Бычках у суботу, 17-га чэрвеня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG