Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульні фальшывых каралеваў, каралёў і пешак


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі маленькія дзеці ствараюць гульні, у якіх яны каралевы і каралі, уладараць землямі і кіруюць мноствам людзей, — гэта, як правіла, бяскрыўдная і нават карысная частка станаўленьня асобы. Дарослыя замілоўваюцца дзіцячым рашэньням, і гэтыя рашэньні ні на што ў рэальнасьці не ўплываюць. Але ўсё выглядае інакш, калі «каралямі і каралевамі» становяцца дарослыя, і размова ідзе пра жыцьці сапраўдных людзей.

Гісторыя, якая адбылася нядаўна ў Брагінскім раёне, калі 17-гадовую дзяўчыну Караліну Катлабай забралі з апякунскай сям’і ў прытулак, яскравы прыклад такіх «дарослых гульняў». Кожны нібыта разумее, што ўдзельнічае ў хлусьні, але працягвае гуляць.

Дзеяньні дзяржавы адносна гэтай жанчыны і яе сям’і грунтаваліся не на рэальных, а на «альтэрнатыўных» фактах.

Дзяўчыну забралі зь сям’і праз тое, што яе маці, Натальля Бадэн, увечары выпіла крыху віна. Не было ні скандалаў, ні біцьця, ні якіх-кольвек непрыстойных ці супрацьпраўных паводзінаў. І наступныя дзеяньні дзяржавы адносна гэтай жанчыны і яе сям’і грунтаваліся не на рэальных, а на «альтэрнатыўных» фактах. Прынамсі, менавіта гэта паказала расьледваньне дзяржаўнага СМІ, у які жанчына зьвярнулася па дапамогу.

На самым пачатку міліцыянт Аляксандр Савёнак запытаўся, каму Натальля «так насаліла, што трэба тэрмінова асьведчыць на прадмет алькагольнага ап’яненьня». На наступны дзень пасьля першага асьведчаньня да жанчыны прыйшлі зноўку, і правялі працэдуру яшчэ раз, — паказаньні алькатэстэра зноўку былі вышэйшыя за норму. Калі Натальля заявіла, што не піла ў гэты дзень, і папрасіла ўзяць кроў на аналіз, ёй адмовілі. Нягледзячы на паказаньні алькатэстэра ёй дазволілі скончыць працу, і толькі пасьля жанчына даведалася, што яе звольнілі па артыкуле, і зрабілі гэта яшчэ ў папярэдні дзень.

У той жа дзень, калі Натальля даведалася пра звальненьне, дзяўчыну, для якой яна была апякункай, забралі ў прытулак. Паводле Караліны, «прыйшлі людзі, якія на самой справе вельмі добра ставяцца да нашай сям’і, і сказалі, што я мушу паехаць з імі». Дырэктар прытулку быў супраць, бо ня бачыў падставаў забіраць дзяўчыну зь сям’і; завуч школы ажно расплакалася, але гэта ўсё не мела значэньня, бо кіраўніцтва адукацыі Гомельскага аблвыканкаму рэкамэндавала забраць Караліну ў прытулак. Якая для гэтага была падстава? Маці нібыта два дні прыходзіла п’янай на працу.

Міліцыянт казаў, што «ўсё разумее, але ёсьць загад».

Аналіз крыві не быў праведзены ні разу. Міліцыянт, які рабіў першае асьведчаньне, казаў, што «ўсё разумее, але ёсьць загад». Дзяўчыну забралі зь сям’і, нават не аформіўшы для гэтага ўсіх неабходных дакумэнтаў. То бок дзейнічалі так, нібыта здарылася штосьці сапраўды страшнае, і Караліна знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай. Што цікава, біялягічныя дзеці Натальлі ў той жа сытуацыі пад пагрозай не былі.

Урэшце суд адмяніў вынікі другога асьведчаньня на прадмет алькагольнага ап’яненьня, Натальлю аднавілі на працы, а Караліна вярнулася дадому. Працадаўца жанчыны кажа, што дзейнічаў паводле загаду, і насамрэч вельмі рады зноўку бачыць яе ў калектыве. Нібыта нічога не здарылася. Ён звольніў супрацоўніцу па артыкуле, хоць не лічыў гэта заслужаным. Проста выконваў загад.

Закон — гэта штосьці далёкае і абстрактнае, а месячная прэмія і кіраўнік успрымаюцца куды больш канкрэтна.

Увогуле, «я проста выконваў загад» — гэта вельмі папулярнае самаапраўданьне сярод тых, хто ў нейкі момант вырашыў, што лепш парушыць закон, чым ісьці на канфлікт з непасрэдным кіраўніцтвам ці больш высокімі ўладамі. Бо закон — гэта штосьці далёкае і абстрактнае, а месячная прэмія і кіраўнік успрымаюцца куды больш канкрэтна. Зноўку ж, можна сябе ўпарта апраўдваць тым, што «ўсе так робяць», «ад мяне нічога не залежыць» і «мне сям’ю яшчэ карміць трэба».

І вось атрымліваецца, што базавая сытуацыя — гэта ня тая, у якой чыноўнікі дзейнічаюць у адпаведнасьці з законам, а тая, дзе яны пакорліва выконваюць загады. Нават калі гэтыя загады супярэчаць закону ці здароваму сэнсу.

Ніводнае з апісаных у гісторыі дзеяньне чыноўнікаў, акрамя вяртаньня Караліны ў сям’ю, не ўкладваецца ў лёгіку «мы жадалі дапамагчы дзяўчынцы». Аргумэнт «мы перастрахоўваліся» таксама не вытрымлівае аніякай крытыкі. Улады так перастрахоўваліся, што забылі пра біялягічных дзяцей жанчыны? Безумоўна, не. Тыя чыноўнікі, што аддавалі загады, увогуле не задумваліся пра дзяцей. Магчыма, яны думалі пра статыстыку, гіпатэтычныя прэміі ці проста хацелі паказаць, што не сядзяць на месцы, а шмат працуюць.

Тое, што чыноўнікі кажуць у прыватных размовах, ня значыць абсалютна нічога.

На кожным этапе гэтай абсурднай гісторыі прадстаўнікі і прадстаўніцы сыстэмы, якія асабіста ведалі сям’ю, заяўлялі пра несправядлівасьць таго, што адбываецца. Але меркаваньне меркаваньнем, а паперы ўсе запаўняліся супраць Натальлі. Адвечнае «мы, канечне, усё разумеем» гэтым разам надзвычай хутка стварыла катастрофу. Тое, што чыноўнікі кажуць у прыватных размовах, ня значыць абсалютна нічога: яны могуць бясконца ўсьміхацца, спачуваць складанай жыцьцёвай сытуацыі і расказваць, як ім самім цяжка выжываць у гэтай сыстэме. Важна толькі тое, што яны робяць на самой справе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG