Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты не знайшлі парнаграфіі ў фатаздымку, з прычыны якога нумар «Белгазэты» ня трапіў у шапікі


Рэспубліканская экспэртная камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці не знайшла нічога крамольнага ў фатаздымку, з прычыны якога два тыдні таму нумар «Белгазеты» забараніў для продажу «Белсаюздрук».

Пра гэта напісаў у фэйсбуку журналіст выданьня Дзьмітры Растаеў.

Камісія правяла дасьледаваньне фатаздымку «Прыступ каровінага сыфілісу», які быў разьмешчаны на першай паласе газэты ад 30 траўня.

«Вывучыўшы ўказаны фотаматэрыял, камісія прыйшла да высновы, што ён ня ўтрымлівае элемэнтаў эротыкі, парнаграфіі, заафіліі, гвалту і жорсткасьці. Па жанры гэта інфармацыйны фатаздымак, на якім зафіксаваная праца спэцыяліста па вэтэрынарыі і заатэхніцы. Мяркуем, што ён прызначаны для распаўсюду ў спэцыялізаваных выданьнях па гэтым профілі», — гаворыцца ў экспэртным заключэньні камісіі.

Паводле Дзьмітрыя Растаева, гэты здымак «БелГазета» запазычыла ў агенцтва Reuters, дагэтуль ён публікаваўся ў шэрагу заходніх выданьняў. Прычым там не рэтушавалі частку цела быка, як гэта здарылася на некаторых сайтах у Беларусі.

«Зрэшты, аддамо належнае і „Саюздруку“ — зьняўшы нумар з продажу ў Менску і Менскай вобласьці, кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала рэгіёнам самім вырашаць, пускаць яго ў кіёскі ці не. У выніку самымі прасунутымі аказаліся Горадня, Гомель і Магілёў — там „скандальны“ 20-ты нумар распаўсюджваўся на мінулым тыдні разам з „шараговым“ 21-м», — напісаў Дзьмітры Растаеў.

Журналіст не выключае, што рэдакцыя можа зрабіць захады дзеля кампэнсацыі страт. Галоўны рэдактар Ігар Высоцкі не адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці будзе рэдакцыя падаваць у суд на "Белсаюздрук".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG