Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсаюздрук» пра забарону «Белгазеты»: «У нас, апрача бізнэсу, ёсьць адказнасьць перад пакупнікамі»


Cьвежы нумар «Белгазеты» ня трапіў у шапікі «Белсаюздруку» — праз здымак быка і заатэхніка на першай старонцы. На некаторых сайтах «карцінка» зьявілася з зарэтушаванай часткай цела быка. У прыватных крамах, на аўтазапраўках газэта прадаецца.

Кіраўніцтва «Белгазеты» — галоўны рэдактар Ігар Высоцкі і ягоны намесьнік Кірыл Жываловіч — пацьвердзілі Свабодзе, што ў «Белсаюздруку» нумар не прадаецца, але ад камэнтароў адмовіліся, паабяцаўшы, што праз пару гадзін на сайце выданьня зьявіцца інфармацыя.

Намесьнік дырэктара Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белсаюздрук» Сьвятлана Ніканава таксама пацьвердзіла Радыё Свабода, што апошні нумар «Белгазеты» не прадаецца ў шапіках, і патлумачыла, чаму:

— Вы бачылі гэтую карцінку? У інтэрнэце «органы» ўжо закрытыя, нават на самых «адкрытых» сайтах усё схавана пад квадрацікамі. А на першай старонцы газэты вялікая выява, дзе ўсё адкрыта.

Мы распаўсюднікі, мы адказваем за тое, што прадаём. Гэта не маё рашэньне, гэта рашэньне кіраўніцтва «Белсаюздруку», сумесна з дырэктарам мы абмеркавалі і вырашылі пакуль не даваць нумар у продаж. Паглядзіце карцінку без «квадрацікаў», зь якімі выява зьявілася ў інтэрнэце. А ў натуры... Я разумею, можа, камусьці гэта цікава з прафэсійнага пункту гледжаньня — вэтэрынарам для працы, напрыклад, але да шапікаў падыходзяць ня толькі вэтэрынары, але і дзеці, падлеткі, людзі сталага веку, якім яна не спадабаецца.

Мы прапанавалі кіраўніцтву выданьня даць нам дакумэнт, што гэта можа быць у адкрытым друку на першай старонцы. Як толькі зьявіцца дакумэнт, што гэтая выява на першай старонцы нікога ня тычыцца, скажам так, мы адразу аддамо нумар у продаж.

— Дакумэнту ад якой установы, ад якога органу вы чакаеце?

— Ёсьць адпаведная камісія, якая зьбіраецца на базе Міністэрстве культуры, яна разглядае падобныя звароты і дае ацэнку. Мы да яе зьвярнуліся, напісалі, яны задалі пытаньні дадатковыя, мы адказалі. Так што чакаем адказу. Каб гэта было ня наша з вамі асабістае меркаваньне, а заключэньне кампэтэнтнага органа. Як толькі дакумэнт атрымаем, будзем вырашаць, што рабіць далей.

— Але ў прыватных крамах, на аўтазапраўках газэта прадаецца, то бок пры жаданьні яе можна набыць...

— У нашых крамах газэта не прадавалася. А прыватнік ёсьць прыватнік, у яго бізнэс. У нас, акрамя бізнэсу, ёсьць яшчэ адказнасьць перад пакупнікамі.

Загадчыка аддзелу інфармацыі і арганізацыйнай працы Міністэрства культуры Ілона Немава паведаміла Свабодзе, што сапраўды матэрыялы ад Белсаюздруку паступілі ў Рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці.

«Ачольвае камісію Ніна Ціханаўна Фральцова, яна запыту яшчэ ня бачыла і вам нічога ня скажа. Але камісія павінна сабрацца, разгледзець дакумэнты і калегіяльна прыняць рашэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG