Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмысловы дакладчык па Беларусі Рады ААН па правах чалавека — хто за і хто супраць


Адно з пытаньняў, якое разглядае Рада ААН па правах чалавека на сваёй сэсіі, што пачалася сёньня — захаваць або скасаваць мандат адмысловага дакладчыка па Беларусі. Сёньня на сэсіі са справаздачай аб сытуацыі з правамі чалавека выступіў адмысловы дакладчык Міклаш Харасьці.

Як мы паведамлялі, з прапановай скасаваць мандат адмысловага дакладчыка выступіў на сэсіі прадстаўнік Беларусі. З такой самай прапановай, як паведамляе БелаПАН, выступіў і прадстаўнік Расеі. Ён падкрэсьліў, што Расея не прызнае мандат дакладчыка па Беларусі. «Са шкадаваньнем адзначаем глыбокую ангажаванасьць чарговай справаздачы дакладчыка. Яна утрымлівае загадзя сфармуляваныя высновы, зручныя для тых, хто стаяў за стварэньнем яго пасады», — заявіў прадстаўнік РФ.

Акрамя Расеі ў падтрымку пазыцыі Беларусі па непрыманьні адмысловага дакладчыка па асобнай краіне выказаўся шэраг іншых краінаў, у тым ліку Нікарагуа, КНДР, Лаос, Таджыкістан, Казахстан, Туркмэністан, Эрытрэя, Узбэкістан, Іран, Азэрбайджан, Кітай, Вэнэсуэла.

Выказалі занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі і выказаліся за працяг мандату адмысловага дакладчыка прадстаўнік Эўразьвязу, прадстаўнікі асобных краінаў ЭЗ, Нарвегія, ЗША і праваабарончыя арганізацыі.

З адмысловай заявай у падтрымку захаваньня мандату выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Галасаваньне па пытаньні аб мандаце адмысловага дакладчыка адбудзецца ў канцы сэсіі Рады на наступным тыдні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG