Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі зь Беларусі, Украіны і Швэцыі ладзяць выставу «Ціхі горад»


15 чэрвеня ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адкрыецца міжнародная выстава.

У межах праекту Doing Things Together будуць выстаўлены працы мастакоў зь Беларусі, Украіны і Швэцыі.

Як паведамляюць арганізатары, «Ціхі горад» аб’яднаў працы шасьці мастакоў: Bazinato і Соф’і Садоўскай (Беларусь), Сяргея Петлюка і Кацярыны Радчанкі (Украіна), Сібрыга Доктэрэ і Шыда Шахабі (Швэцыя). Творцы паспрабавалі акунуцца ў розныя аспэкты існаваньня насельнікаў канкрэтнай тэрыторыі, арганізоўвалі майстар-клясы для людзей, якія жывуць у раёнах вакол львоўскага арт-цэнтру «Фабрыка павідла» і менскай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Праект Doing Things Together — гэта ініцыятыва Lava-Dansproduktion (Швэцыя) у супрацоўніцтве з арт-цэнтрам «Фабрыка павідла» (Львоў, Украіна) і Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» (Менск, Беларусь).

«Мы, мастакі і куратары праекту, бачым культурную дзейнасьць як спосаб фармаваньня прасторы — прасторы, што выкарыстоўваецца і належыць кожнаму зь мясцовых жыхароў. Месца заўжды характарызуецца фізычнымі складнікамі — памерам, маштабам, фактурай, тапаграфічнымі асаблівасьцямі. Але тое, што робіць месца прасторай, і ёсьць галоўнае. Прастора ствараецца рухамі ды ўзаемадзеяньнем людзей між сабой», — падкрэсьліваецца ў прэс-рэлізе арганізатараў выставы.

Удзельнікі праекту:

Кацярына Радчанка — дасьледніца фатаграфіі. Дырэктарка фэстывалю Odesa//Batumi Photo days. Фатаграфію вывучала на розных праграмах і ў мастацкіх рэзыдэнцыях: Gaude Polonia (Варшава, Польшча), Музэй фатаграфіі (Сан-Дыега, ЗША), Villa Arson (Ніца, Францыя). Была куратаркай у Стакгольме і ў праграме «Куратарская плятформа» PinchukArtCentre у Кіеве.

Сібрыг Доктэр — харэограф сучаснага танца, грунтуе свае працы на цялесным досьведзе. Ініцыятарка міжнародных праектаў, у тым ліку ў Малдове, Эстоніі, Беларусі, Украіне. У 1997 годзе стала сузаснавальніцай арганізацыі Lava-Dansproduktion. Працавала ў шэрагу праектаў на плятформе Weld у Стакгольме. Супрацоўнічала з Пітэрам Стамэрам (Нямеччына), Саскіяй Холмквіст (Швэцыя), Айтана Кардэра Віка (Гішпанія).

Шыда Шахабі — кампазітарка і саўнд-артыстка, жыве і працуе ў Стакгольме. Атрымала адукацыю ў Каралеўскім інстытуце мастацтваў Швэцыі. Ад 2012 году — у сфэры гукавога мастацтва. Вядомая сваімі лякалізаванымі гукавымі інсталяцыямі; праводзіла майстар-клясы для дзяцей у пабудове гукавых электронных прыбораў ды імправізацыі. Грае ў розных калектывах і піша музыку для танца, кіно і тэатра.

Сяргей Пятлюк — мэдыямастак. Працуе ў жанрах інсталяцыі, відэаінсталяцыі, новых мэдыя, жывапісу. Дасьледуе ўзаемадзеяньне цела і навакольнай прасторы — як фізычнай, так і інфармацыйнай. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў мастацкай фармацыі КОМА. Жыве і працуе ў Львове.

Bazinato — аўдыёвізуальны мастак і дасьледнік, грамадзкі і экалягічны актывіст, папулярызатар сучаснага мастацтва. Дасьледуе сьвет, яго макра- і мікраструктуры. Прапаноўвае ўзьдзейнічаць на асяродзьдзе, прастору і час, ужываючы ў сваіх экспэрымэнтах усе даступныя практыкі мастацтва і навуковыя веды.

Соф’я Садоўская — мастацтвазнаўца, асьветніца. Ад 2012 году каардынуе адукацыйныя праграмы дзіцячых творчых майстэрняў галерэі «Ў», суаўтарка кнігі для дзяцей «Мастацтва Беларусi ХХ стагодзьдзя». Аўтарка гульнявой праграмы для дзяцей «Прывітаньне, музэй!» Нацыянальнага мастацкага музэю. Адна з куратарак праекту «EVAA project», які сумяшчае практыкі экалягічнага актывізму і сучаснага мастацтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG