Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры журналістаў аштрафавалі за сюжэт на «Белсаце» пра мужчыну, які парэзаў міліцыянтаў


Гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі

Мазырскі раённы суд аштрафаваў гомельскіх журналістаў-фрылянсэраў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына за незаконны выраб прадукцыі СМІ на 50 і 20 базавых велічыняў, што складае адпаведна 1150 і 460 беларускіх рублёў.

«Cуд адбыўся бяз нас, паколькі мы позна атрымалі паведамленьне. Пра штраф мне распавялі ў канцылярыі суду — я сам туды патэлефанаваў», — кажа Кастусь Жукоўскі.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

У траўні журналісты-фрылянсэры запісалі ў Мазыры на відэа словы Алены Страхі, жонкі захопленага ўначы амапаўцамі нібыта за крадзеж электразваркі Андрэя Рабешкі.

Паводле Алены, захоп выглядаў, як напад невядомых бандытаў. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным залезьлі на тэрыторыю прыватнай сядзібы, настойлівым грукатам разбудзілі сям’ю пад маркай таго, што зачапілі іхную машыну ў завулку. Андрэй выйшаў з хаты, міліцыянты напалі на яго, ніяк не называючы сябе. Завязалася бойка, падчас якой гаспадар параніў нажом двух амапаўцаў.

Міліцэйская прэс-служба праз два дні паведаміла, што затрымлівала на вуліцы небясьпечнага рэцыдывіста. Пазьней прызналася, што адбылося гэта ўначы на ганку прыватнага дома.

Сюжэт, падрыхтаваны Вольгай Старасьцінай, з выкарыстаньнем фрагмэнтаў відэа, зьнятага Жукоўскім і Толчыным, быў паказаны на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», які трансьлюе перадачы з тэрыторыі Польшчы. Ён называўся: «Жыхары Мазыру падтрымалі мужчыну, які парэзаў міліцыянтаў».

Апроч жонкі Андрэя, нэгатыўна выказаліся пра затрыманьне Рабешкі й іншыя гараджане. Бо толькі на пытаньне суседа «Хто такія?» нападнікі адазваліся, што міліцыянты, адзін зь іх паказаў пасьведчаньне.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка так пакамэнтаваў сытуацыю:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Калі супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы, не называючы сябе, залезьлі ў дом, яны ўжо не супрацоўнікі міліцыі, а бандыты».

Сюжэт, паказаны на «Белсаце» 4 траўня, стаў падставай для складаньня міліцыяй адміністрацыйнага пратаколу паводле артыкулу 22.9 КаАП у дачыненьні да Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына.

XS
SM
MD
LG