Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на двух журналістаў за два дні склалі 11 пратаколаў


Журналіст Кастусь Жукоўскі

За кожны відэасюжэт – пратакол. У Гомелі міліцыя жорстка перасьледуе журналістаў-фрылянсэраў.

Адразу чатыры пратаколы за незаконны выраб прадукцыі для СМІ і самаўпраўства складзеныя ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі ў дачыненьні да гомельскага пазаштатнага журналіста Кастуся Жукоўскага.

«За апошнія дні мяне выклікалі ў міліцыю, УКДБ, пракуратуру, — распавёў службе маніторынгу БАЖ Жукоўскі. — У Дзень Волі на мітынгу каля ДК таварыства глухіх нейкія асобы ў цывільным спрабавалі зацягнуць мяне ў машыну „на размову“, але мітынгоўцы адбілі, не далі гэтага зрабіць. І ўжо 27 сакавіка начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Ўладзіслаў Шукель склаў на мяне чатыры пратаколы і папярэдзіў, што перадасьць іх у суд».

Я — журналіст-фрылянсэр, зьбіраю і распаўсюджваю інфармацыю праз YouTube, сацыяльную сетку. Мне такое права дадзена нашай беларускай Канстытуцый.

Жукоўскі запісваў інтэрвію з гомельскімі палітыкамі, здымаў сюжэт пра зьбіцьцё і арышт былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых. Яшчэ адзін сюжэт датычны быў пагоні супрацоўнікаў ДАІ за самім Жукоўскім, які з напарнікам ехаў у Рэчыцу на масавую акцыю пратэсту.

Сюжэты падпалкоўнікам міліцыі Шукелем кваліфікаваныя як незаконны «удзел у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» і самаўпраўства, паколькі Жукоўскі, як пазначана ў пратаколе, у дадатак «фактычна выконваў... функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС Рэспублікі Беларусь, злоўжываў правамі і абавязкамі журналіста». За самаўпраўства прадугледжаны штраф да 50 базавых велічыняў альбо нават адміністрацыйны арышт.

«Усе гэтыя абвінавачваньні ў прысваеньні нейкіх функцыяў, у незаконным вырабе прадукцыі СМІ надуманыя. Я — журналіст-фрылянсэр, зьбіраю і распаўсюджваю інфармацыю праз YouTube, сацыяльную сетку. Мне такое права дадзена нашай беларускай Канстытуцый. І калі нехта з уплывовых інфармацыйных рэсурсаў скарыстоўвае маё відэа, я толькі радуюся: значыць, зрабіў няблага», — тлумачыць сваю пазыцыю фрылянсэр Жукоўскі.

Пратакольны град за журналістыку і за сабаку

Ларыса Шчыракова на мітынгу 25 сакавіка, Гомель
Ларыса Шчыракова на мітынгу 25 сакавіка, Гомель

Узмоцненая ўвага міліцыі ў адносінах да журналісткі-фрылянсэра Ларысы Шчыраковай пачалася 18 сакавіка, калі яна сабралася ў Мазыр, дзе адбывалася стыхійная акцыя пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту. Але Шчыракова кіравалася не на акцыю, а на сьвяточны суботнік — мелася зьняць, як жыхары вуліцы Пралетарскай, Няжнова і завулку Першамайскі прыбіраюць двары, а заадно й сьвяткуюць перамогу: яны не далі будаваць на месцы невялікага сквэрыка 40-кватэрны панэльны дом.

На трасе паблізу Рэчыцы аўтамашыну журналісткі спынілі супрацоўнікі ДАІ. Правяралі дакумэнты, спраўджвалі, ці не сагнаны аўтамабіль, а пасьля сталі казаць пра «арыенціроўку», якая паступіла з Гомельскага раённага аддзелу міліцыі ад імя начальніка, палкоўніка Васіля Краўцова. У той арыенціроўцы нібыта пазначана, што вышукваецца «жанчына славянскай зьнешнасьці, узрост 35-40 гадоў, сярэдняга целаскладу, адзетая ў куртку белага колеру». Езьдзіць, меркавана, на такой жа аўтамашыне, што і Шчыракова.

Тая жанчына западозраная, маўляў, у крадзяжы грошай у пэнсіянэркі Чумаковай зь вёскі Раманавічы Гомельскага раёну. Пазьней Шчыракова зьезьдзіла да згаданай пэнсіянэркі, дзе высьветліла, што «арыенціроўка» — падтасоўка, зладжана дзеля таго, каб журналістка не патрапіла ў Мазыр на акцыю «недармаедаў».

25 сакавіка на Шчыракову склалі два пратаколы, 26 сакавіка дадаліся яшчэ пяць

Увечары 24 сакавіка супрацоўнікі Гомельскага РАУС сьцераглі журналістку каля яе дома, каб уручыць позву: 25 сакавіка а 10-й раніцы быць у райаддзеле міліцыі, а пасьля і ў пракуратуры.

«25 сакавіка — выходны дзень, ніхто ня мае права пазбаўляць яго, — кажа Шчыракова. — Тым больш, што ў мяне былі іншыя пляны на гэты дзень. Натуральна, я пайшла на Дзень волі. Пасьля акцыі мяне затрымалі ў народным рэстаране „Бацькі“ міліцыянты Ігар Новак і Сяргей Касакевіч, адвезьлі ў гарадзкую пракуратуру. Там мне ўручылі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам „Белсат“, падпісанае намесьніцай пракурора Ірынай Макарэвіч. Потым павезьлі у Гомельскі РАУС адразу да начальніка аддзелу Васіля Краўцова».

У міліцыі на Шчыракову склалі напачатку два пратаколы: няяўка па позьве й незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. На дадатак выпісалі позву: 26 сакавіка, у нядзелю, зноў быць у міліцыі.

«У нядзелю ад’ехала я на аўтамашыне ад дому з паўкілямэтра, як мяне запынілі інспэктары ДАІ. Паведамілі, што я ў вышуку — нібыта паводле заявы маёй маці. І сказалі, што мне варта ехаць у РАУС, хоць я і без таго ехала. У райаддзеле міліцыі мяне трымалі блізу чатырох гадзінаў і ўвесь час складалі пратаколы», — распавяла журналістка.

Дадаліся яшчэ пяць пратаколаў: зноў за няяўку, а фактычна за спазьненьне ў міліцыю; за кучу прывезенага і выгружанага на вуліцы каля дома пяску; за адсутнасьць рэгістрацыі на сабаку. І новыя два пратаколы за «парушэньне заканадаўства аб СМІ». Капітан міліцыі Рустам Цітоў аформіў пратакол за «незаконную працу» 25 сакавіка на мітынгу «недармаедаў» у Гомелі, які быў паказаны на «Белсаце».

Апошні раз журналістку-фрылянсэра Шчыракову, якая супрацоўнічае з «Белсатам», судзілі за ўдзел 12 сакавіка ў мірным сходзе «недармаедаў» у Рагачове. Паводле пастановы старшыні суду Гомельскага раёну Раісы Кавалевіч журналістка мусіць сплаціць у бюджэт 161 рубель штрафу. Гэта без уліку мінулагодніх буйных штрафаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG