Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская актывістка пасьля зьбіцьця маскоўскім АМАПам: «Я ў шпіталі. Баліць галава»


Затрыманьне ўдзельнікаў антыкарупцыйнай акцыі ў Маскве, 12.06.2017

Двух затрыманых на акцыі супраць карупцыі ў Маскве — Антона Шапашнікава і Міхаіла Давыдава — вязуць у Сьледчы камітэт. Актывістаў абвінавачваюць у нападзе на паліцыянтаў з распыленьнем пярцовага газу, паведамляе «АУС-Інфа».

Тым часам, грамадзянская актывістка Юлія Галяміна трапіла ў шпіталь пасьля таго, як яе разам з мужам на акцыі супраць карупцыі ў Маскве зьбілі супрацоўнікі АМАПу. Пра гэта сама Галяміна паведаміла ў «Твітэры»: «Я ў шпіталі. Баліць галава. Жывая».

Муж актывісткі цяпер знаходзіцца ў аддзеле паліцыі. Юлія Галяміна выступае супраць рэнавацыі ў Маскве. Летась увосень яна балятавалася ў дэпутаты Дзярждумы Расеі ад партыі «Яблоко».

Усяго на антыкарупцыйнай акцыі супраць карупцыі ў Маскве 12 чэрвеня, арганізаванай прыхільнікамі палітыка Аляксея Навальнага, паводле апошніх дадзеных, былі затрыманыя больш за 700 чалавек. Паліцыянты ўжывалі сілу. У Санкт-Пецярбурзе на аналягічным мітынгу затрымалі каля 500 актывістаў. У іншых гарадах Расеі таксама адбываліся затрыманьні ўдзельнікаў акцыяў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG