Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма рэформаў — давядзецца пачакаць і з крэдытам. Экспэрты МВФ зьяжджаюць у маўчаньні


12 чэрвеня завяршае сваю працу ў Менску місія Міжнароднага валютнага фонду. Экспэрты знаходзіліся ў Беларусі ад 5 чэрвеня. Як сказалі БелаПАН у беларускім прадстаўніцтве МВФ, традыцыйнай прэс-канфэрэнцыі па выніках місіі гэтым разам ня будзе.

Мандат цяперашняй місіі прадугледжваў абмеркаваньне з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі макраэканамічнай сытуацыі ў краіне. У праграме візыту значыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнага банку, міністэрстваў фінансаў, эканомікі, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Плянавалася, у прыватнасьці, разгледзець манэтарную палітыку ўладаў і сытуацыю ў дзяржсэктары.

Як сказаў у камэнтары для агенцтва БелаПАН эканаміст Антон Болтачка, адсутнасьць публічных заяваў з боку прадстаўнікоў МВФ па выніках місіі можна растлумачыць тым, што беларускія ўлады пакуль не зрабілі значных крокаў на шляху рэфармаваньня эканомікі:

«За апошнія некалькі месяцаў мы ня бачылі асаблівых зьменаў у макраэканамічнай палітыцы, якія б сьведчылі, што ўлады сталі рухацца па шляху рэформаў і прынялі рэкамэндацыі МВФ. Таму, відаць, экспэрты палічылі, што няма сэнсу паўтараць рэкамэндацыі, якія яны ўжо раней публічна агучвалі».

Іншыя экспэрты таксама сыходзяцца на думцы: паколькі няма сыгналаў наконт таго, што Беларусь пачала выконваць рэкамэндацыі МВФ і наблізілася да атрыманьня крэдыту, няма падставаў і для публічных заяваў з боку МВФ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG